Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Шляхі Апанаса Цыхуна

Апанас Пятровiч нарадзiўся 5 мая 1910 года. Цяжка акрэслiць яго прафесiйную дзейнасць адным словам. Ён краязнаўца i фалькларыст, пiсьменнiк i паэт, казачнiк i музыка– скрыпач. Усё гэта ён-Апанас Пятровiч Цыхун.Як казала аб iм Данута Бiчэль-Загнетава: «Цыхун – паэт народны. Гэта-не званне, якое прысвойвалi паэтам БССР за верную службу, гэта-стан душы, спосаб мыслення...» I гэта на самай справе так. У Апанаса Пятровiча выйшаў зборнiк вершаў «Легенды i былi Гродзеншчыны», яго творы ёсць у зборнiку вершаў «Бацька наш Нёман», Цыхун напiсаў кнiгу «Акадэмiк з вёскi Лаша Я. Ф. Карскi», сабраў слоўнiк-кнiгу «Скарбы народнай мовы» i «Песнi з народных глыбiняў».

Апанас Пятровiч за сваё жыццё прайшоў «агонь, трубы i чортавы зубы». Тых выпрабаванняў i цяжкасцей, з якiмi ён сустрэўся на сваiм жыццёвым шляху, хапiла адразу б на некалькi лёсаў. Цыхун-удзельнiк Нямецка-Польскай вайны 1939 года i Вялiкай Айчыннай вайны. У 39 годзе ён трапiў у нямецкi палон, дзе эсэсаўцы «стралялi людзей, як зайцоў». Гэты лагер знаходзiўся на гары Кальварыя. Але, праз некаторы час Сталiн дамовiўся з Гiтлерам аб абменьваннi палоннымi. Iх загналi ў таварныя вагоны для жывёлы, сказаўшы, што павязуць у лазьню, а потым адпусцяць дахаты. Але свет чуткамi поўнiцца, i Апанас Пятровiч пачуў вестку аб тым, што вязуць палонных у сталiнскiя лагеры. Цыхуну пашчасцiла, ён збёг, залезшы пад таварняк. Як склаўся лёс астатнiх людзей, Апанас Пятровiч не ведае, але мяркуе, што павезлi iх у Курапаты.

Прайшоўшы праз усе цяжкасцi, перажыўшы палон, голад, вайну, Апанас Пятровiч звяртаецца да лiтаратурнай дзейнасцi.

— Апанас Пятровiч, што падштурхнула вас стаць на лiтаратурны шлях ?

— Калi я працаваў iнспектарам у аддзеле народнай адукацыi, я кантраляваў вясковыя школы, меў сувязь з насельнiцтвам i зразумеў, што трэба ратаваць Родную мову, трэба нешта рабiць, каб захаваць яе ў першазданным выглядзе. I я пачаў збiраць слоўнiк, якi пазьней выйшаў у друк пад назвай «Скарбы народнай мовы». Менавiта яе Нiл Гiлевiч называе сваёй «настольнай кнiгай». I так атрымалася, што яна стала «падручнiкам» для студэнтаў– фiлолагаў.

— Хто быў вашай музай, натхненнем?

— Калi я яшчэ вучыўся ў польскай семiнарыi, я «закахаўся» у Адама Мiцкевiча. Яго творчасць натхняе мяне i сёння. I я лiчу, што Мiцкевiч-лепшае, што было ў беларускай лiтаратуры. Мiцкевiч для нас, як Пушкiн для расейцаў.

— А як Вы ставiцеся да таго, што палякi лiчаць Мiцкевiча польскiм пiсьменнiкам?

— Тое, што ён пiсаў на польскай мове, яшчэ нi аб чым не кажа. Тады такiя часы былi. А пытанняў у мяне нават не ўзнiкае: чый ён пiсьменнiк? Гэта акрэслiў яшчэ сам Мiцкевiч, калi напiсаў: «O Litwa, Ojczyzna moja.» А, як вядома, летапiсная Лiтва – гэта сучасная Беларусь.

— Апанас Пятровiч, у Вас нiколi не было жадання вярнуцца ў мiнулае i зрабiць тое, што не зрабiў, цi не паспеў зрабiць?

— Не. Заўсёды што мог, тое i рабiў. I больш немагчыма было. Усе жыццё па-беларуску размаўляў, а за гэтае прыслядоўвалi ўвесь час. Нацыяналiстам называлi. А калi кнiгу пра Карскага пiсаў, шмат клопатаў было: дактары фiлалагiчных навук душылi, партыя душыла, тым больш, што я партыйным нiколi не быў. Але я змагаўся, i кнiга ў рэшце рэшт выйшла. I так было ва ўсiм.

— А цi былi ў жыццi такiя шчаслiвыя моманты, якiя хацелася б перажыць яшчэ раз?

— Перажыць яшчэ раз? Не-е. Увесь час цяжка было. Вайна, акупацыя, бежаньства...Можа толькi калi ў дзяцiнстве мы з матуляй збеглi пад Шклоў, дзе жыў мой дзядзька, стары настаўнiк. Вось там добра было. Я тады шчаслiвы быў.А дзядзя мяне ўвесь час да вучобы намаўляў... А потым прыйшоў бацька з фронту, i мы вярнулiся да дому. А тут, акрамя крапiвы, нiчога больш не засталося – спалiлi ўсё. Мы як толькi хату пабудавалi, матуля на сухоты захварэла i памерла, а я малы зусiм быў. Бацька другi раз ажанiўся, а што такое мачаха i казаць не трэба.

А потым паступаў у польскую семiнарыю. Абiтурыенты адныя палякi – сыны чыноўнiкаў. Конкурс вялiкi. Адзiнае, што выратавала, дык гэта моцны голас, для настаўнiка гэта вельмi каштоўная рыса. Мяне папрасiлi заспяваць, а я ад страху як зацягнуў, дык мне пяцёрку з плюсам паставiлi. А потым польскую мову здаў i паступiў.

— Цi ёсць людзi, якiх вам не хапае, па кiм вы сумуеце?

— Так. Фёдар Янкоўскi. Ён загадваў кафедрай фiлалогii ў Мiнску. Пiсаў мне да самай смерцi.Гэтыя лiсты зараз захоўваюцца ў абласным архiве. Памятаю, калi ў школе музей адчынялi, ён да мяне прыехаў, i мы цераз поле iшлi, гэта ўзiмку было, а Фёдар мне буслоў паказаў. Я потым верш напiсаў: «Буслы». Гэта «ўжо закон такi буслiны: зямлi сваёй не пакiдай. Каб не памерцi на чужыне, а там, дзе ўзрос– i спачывай».

Калi мы ўжо кранулi вашых сяброў,вы бы маглi назваць яшчэ каго-небудь?

— Гэта Нiл Гiлевiч, якi насамрэч ацанiў мой слоўнiк, Васiль Быкаў, з якiм мы разам пачыналi наш творчы шлях, Янка Брыль...

— А зараз вы маеце сувязь з Быкавым ?

— Раней мы яшчэ мелi магчымасць перапiсвацца, у Васiля была паштовая скрыня ў Фiнляндыi, а зараз на яе «лапу наклалi». I самi разумееце, Васiль напiша, а да мяне яно ўжо не дойдзе.

— Апанас Пятровiч, як вы лiчыце, якое будучае ў нашай мовы, нашай гiсторыi?

—Мне страшна аб гэтым думаць. Мы сваё аджылi, зрабiлi ўсё, што было ў нашых сiлах, i захавалi мову, культуру, традыцыi. А ў сёняшняй моладзi зусiм iншыя каштоўнасцi. Яны забываюць пра духоўны свет. Ён ужо далёка не на першым плане. I з мовай тое ж. А так нельга, нельга забываць Родную мову, бо калi ёсць мова, ёсць нацыя, няма мовы, няма i Беларусаў. Яшчэ Багушэвiч пiсаў: «... не кiдайце Роднай мовы, каб не загiнуць...», а мы кiнулi, i аб якiх перспектывах можна казаць, калi ўжо пахне труною.

— Я ведаю, што зараз праходзiць конкурс на новы гiмн. Вы, як пiсьменнiк-патрыёт, не спрабавалi?

— Я паслаў верш «Балада пра матчыну мову», але маю сумневы наконт таго, што ён пройдзе, не магу лавiраваць, я пiшу тое, што думаю i адчуваю, а iм патрэбна зусiм iншае... А ведаеце ў чым наш галоўны клопат? У нашай славутай талерантнасцi. На нашу шыю сеў неведама хто i едзе, а мы маўчым, мы ж талерантныя.

— Над чым вы працуеце зараз?

— Хутка выйдзе мая апошняя кнiга «Пройдзеныя шляхi-пуцявiны», над якой я працаваў доўгi час. У ёй сабраны ўспамiны, запiскi, аўтабiяграфiя. Яна павiнна выйсцi ў двух тамах.

— Вам 92 гады. Цi ёсць сакрэт доўгалецця?

— Сакрэт? Да не, якi сакрэт. Усё ўжо загадзя падлiчана. Кожнаму свой тэрмiн адмераны. Гэта iдзе аднекуль з верху. Гэта-лёс. Вось я, у падушках не сядзеў, i на вайне быў, i ў палоне... Раней думаў, цi цяжка памiраць. А потым зразумеў: што цяжкага? Як не круцi, а мусiш памерцi, не цяпер дык у чацвер. Вось i ўсё.

— Як вы лiчыце, як трэба жыць, каб у сталым веку з упэўненасцю сказаць: «Я пражыў дастойнае жыццё.»?

— Трэба, каб душа была, сумленне было. Ведаеце, як кажуць: «людзей на свеце не мала, а найлепшая– мама». Дык вось, нельга ад яе адказвацца, бо Родная старонка таксама мама. А яшчэ нельга забываць мову, культуру... Вось самае галоўнае. Калi гэта не страцiш, то будзь упэўнены – ты сапраўдны чалавек, сапраўдны сын сваёй зямлi, сапраўдны грамадзянiн.

А на прыканцы нашай размовы мой суразмоўца пажадаў усiм «быць Беларусамi». Як проста, але як каштоўна.

Гутарыла Вольга Швед

Назад