Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Першая сустрэча

Першую прэс-канферэнцыю правёў у Гродне старшыня гарвыканкама Аляксандр Антоненка. На пасадзе старшынi гарвыканкама ён знаходзiцца з лiстапада мiнулага года. Журналiсты, у прыватнасцi, недзяржаўных выданняў, былi здзiўлены такой падзеяй.

Нагадаю, што прызначаны А.Антоненка на гэтую пасаду быў пасля прэзiдэнцкiх выбараў. Маўляў, доўга збiралiся i думалi, як лепей асвятляць сваю працу. Вырашылi параiцца з самiмi журналiстамi i сумесна дамовiлiся праводзiць падобныя прэс-канферэнцыi адзiн раз у месяц. Былы мэр i ягоныя намеснiкi з аддзела iнфармацыi будавалi сваю працу з недзяржаўнымi выданнямi так, што ў гарвыканкам наогул цяжка было патрапiць. З гэтае прычыны i пытанняў набралася шмат, гаварылi аб ўсiм, але што значыць аб усiм – гэта значыць павярхоўна i не зусiм канкрэтна. Тым не менш, прапануем некаторыя адказы А.Антоненкi на пытаннi журналiстаў.

Эканомiка

Абстаноўка ў прамысловасцi горада, як зазначыў А.Антоненка – не з лёгкiх, гэтага нiхто не збiраецца хаваць. Прычыны такога становiшча ў кожнага прадпрыемства свае. Напрыклад, на «Хiмвалакно» iдзе працэс тэхнiчнага перааснашчэння, таму даволi значна знiзiлiся аб’ёмы вытворчасцi, iснуе даўняя праблема са збытам прадукцыi. Ёсць пэўныя праблемы на «Азоце», у лёгкай прамысловасцi. Адбываецца працэс акцыянiравання многiх прадпрыемстваў, у якiм выканкам i яго службы прымаюць непасрэдны ўдзел. Адна са значных праблемаў, якая iснуе практычна на ўсiх прадпрыемствах горада – гэта праблема маркетынга. Трэба вучыцца прадаваць i рэкламаваць свой прадукт.

Бюджэт

Аказваецца, ў першым квартале гэтага года, па словах А.Антоненкi бюджэт выкананы на 104 працэнты да першапачатковага плана. Больш 360 мiльёнаў рублёў з гэтых сродкаў накiраваны на будаўнiцтва бальнiцы Хуткай дапамогi. Расходы, якiя прадугледжаны бюджэтам, цалкам пакрываюцца. Аднак iснуе праблема ў тым, што пры планаваннi бюджэта не ўлiчваюцца ўсе ягоныя затраты, асаблiва цякучыя капiтальныя рамонты. Таму часам не стае грошаў на дахi, якiя працякаюць у школах i дзiцячых садках. Гадавы бюджэт горада складае 62 млрд. рублёў. На 80 працэнтаў ён фармiруецца за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў, астатняя частка – за кошт недзяржаўнага сектару. Трэба зазначыць, што прыкладна 70 працэнтаў бюджэту гораду складае заработная плата, якая бюджэтнiкам, па словах мэра, выплочваецца ў асноўным без затрымак. Дарэчы, у прамысловасцi ў сярэднiм яна складае 180 тысяч рублёў, а ў настаўнiкаў, як ўдакладнiла загадчыца гарана В.Родзiна – 103-105 даляраў. Праўда, гэтыя лiчбы В.Родзiна вычытала ў газетах. На думку мэра, бюджэт павiнен забяспечваць усе неабходныя затраты, якiя адносяцца да забеспячэння жыццядзейнасцi горада.

Безпрацоўе

Зарэгiстрыраваных безпрацоўных прыкладна 2,7 працэнта, праўда, апошнiм часам на паўпрацэнта гэта лiчба павялiчылася. Што датычыць да скрытага безпрацоўя – такой лiчбы няма. Паказчык безпрацоўя ў нашым горадзе, па словах А.Антоненкi, адзiн з самых нiзкiх у краiне. Стратных прадпрыемстваў у горазе 17 з 57. Прычым, гэта прадпрыемствы, на якiх працуюць больш чым 100 чалавек.

Свабодная эканамiчная зона «Гроднаiнвест»

Рашэння аб яе ўтварэннi чакалi даўно, вывучалi вопыт iншых эканамiчных зонаў. Аднак шмат аптымiзму пакуль няма. Вялiкiх iльготаў усёроўна не будзе, знiжаецца стаўка падатку на 50 працэнтаў на прыбытак. Да таго, ў асноўным усе iльготы распаўсюджваюцца толькi на прадукцыю, якая экспартуецца, i iмпартазамяшчаючую. Гэта не такi просты працэс, паколькi калi б нашы прадпрыемствы зараз маглi павялiчваць экспарт сваёй прадукцыi, то яны даўно б гэта зрабiлi. Павялiчэнне экспарту патрабуе вялiкiх затрат на мадэрнiзацыю вытворчасцi. Патрэбна правесцi каласальную падрыхтоўчую працу, каб прыцягнуць iнвестараў. На сённяшнi дзень пад СЭЗ вызначаны толькi голыя тэрыторыi, на якiх могуць размяшчацца рэзiдэнты СЭЗ. Клiенты пацiхоньку з’яўляюцца, але патрэбна правесцi добрую рэкламную кампанiю. Дарэчы, падобную кампанiю плануецца правесцi сумесна з калегамi з Лiтвы. Што датычыць iнвестыцый, то горад займае цi не апошняе месца сярод абласных гарадоў краiны.

Прыватызацыя

У цэлым А.Антоненка не задаволены тым, як адбываецца гэты працэс. З другога боку, у горадзе прыватызавана 100 працэнтаў прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання, 80 працэнтаў гандлёвых прадпрыемстваў. Што датычыць буйных прамысловых прадпрыемстваў, то сёння ў краiне няшмат такiх iнвестараў, якiя б мелi на гэта грошы. Спiс аб’ектаў, якiя гарвыканкам можа прадаваць, вывешваецца на першым паверсе ў гарвыканкаме. Калi ласка, звяртайцеся. Зрэшты, апошнiм часам, па словах А.Антоненкi, назiраецца спад дзелавой актыўнасцi.

Чаму ў горадзе не з’яўляюцца новыя выданнi i забараняюцца акцыi?

За час знаходжання на пасадзе старшынi гарвыканкама А.Антоненкi пяць цi нават шэсць разоў рашэннем гарвыканкама адмаўлялася ў размяшчэннi новых выданняў у горадзе. Па словах мэра, гэта не прынцып ягонай работы з прэсай, а робiцца гэта на законных падставах. Маўляў, калi нехта не згодны, то гэтыя пытаннi можна разгледзяць у судзе. Да таго, размяшчаць газету ў горадзе прыходзяць падчас людзi, якiя яўна, з словаў Антоненкi, жадаюць, каб iм не далi дазволу на размяшчэнне выдання ў горадзе.

Што датычыць акцый апазiцыi, за перыяд знаходжання на пасадзе мэра А.Антоненкi, апазiцыйным партыям i рухам не далi дазволу на правядзенне нiводнай акцыi. Пры гэтым задзейнiчваюцца цэлыя падраздзяленнi мiлiцыi, каб разганяць людзей. Адказ гучаў з вуснаў старшынi гарвыканкама проста: для ўсiх ёсць агульны парадак правядзення акцый, а калi хто яму не падпарадкоўваецца, то для гэтага i выходзiць мiлiцыя. Дарэчы, дыялогу з прадстаўнiкамi апазiцыйных палiтычных партый i рухаў таксама не прадбачыцца, паколькi гэта не гарадскi ўзровень, i старшыня гарвыканкама не бачыць канкрэтных тэмаў для размовы.

Выплата заробкаў

На ўнiтарным прадпрыемстве «Медык» некалькi месяцаў не выплочваюць заробак. Па словах А.Антоненкi – гэта праблемнае прадпрыемства, паколькi не заўсёды ў сметах медыцынскiх прадпрыестваў, якiя абслугоўвае «Медык», прадугледжаны сродкi на аплату тых работ, якiя для iх праводзяцца. Аднак гэтае пытанне вырашальнае, i ў блiжэйшы час i з гэтым прадпрыемствам разлiчацца. Цяпер каля сямi прадпрыемстваў горада яшчэ маюць запазычанасць па выплаце заработнай платы. Найбльшая запазычанасць у УП «Медык» i «Гроднагарбуд».

На пытанне, як А.Антоненка ацэньвае сваю працу i працу каманды за перыяд з лiстапада, старшыня гарвыканкама зазначыў, што большая частка ягоных чыноўнiкаў з работай спраўляецца, а наконт сябе гаварыць няёмка.

I яшчэ. Напачатку чэрвеня ў Гродне адбудзецца фестываль нацыянальных культур. Падзея хоць i рэспублiканскага масштабу, але бюджэт яго сёлета сцiплы – 102 мiльёны. Тым не менш мэр запэўнiў журналiстаў, што горад зробiць усё належнае i падрыхтуецца да свята.

М.КАРНЕВIЧ

Назад