Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Сімвал кахання не павінен ляжаць у брудзе!

Акцыю пад такiм лозунгам зладзiлi 20 красавiка Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гiсторыка» ў Гродне, Моладзь АГП, моладзевая газета «Новы век» i актывiсты «Зубра».

З нагоды Мiжнароднага дня аховы помнiкаў i мясцiн, якi адзначаецца 18 красавiка, неабыякавыя да нашай культурнай спадчыны людзi вырашылi прывесцi ў належны стан Лесвiцу Закаханых – самую загадкавую i рамантычную лесвiцу ў Гродне. Яна пачынаецца пад мостам памiж Старым i Новым Замкамi i выходзiць акурат да набярэжнай Нёмана. Вынiкам трох гадзiн працы сталi некалькi дзесяткаў пластыкавых пакетаў, набiтых усялякiм ламаччам ды смеццем.

Дакладных звестак аб гiсторыi Лесвiцы вельмi мала. Затое ходзiць шмат чутак i легендаў. Кажуць, па ёй часта гуляў маленькi Максiм Багдановiч. Што i казаць – прыгожа. Хоць, напрыклад, гродзенскi гiсторык Алесь Госцеў мяркуе, што хутчэй за ўсё Лесвiца была пабудавана ў 1933 годзе, да 400-гадовага юбiлею Стэфана Баторыя. Як бы там нi было, гэта ўсё ж прыгожы помнiк архiтэктуры, аб сённяшнiм стане якога красамоўна сведчаць вышчарбленыя прыступкi, паламаныя i перакуленыя вазы ды горбы бiтага шкла навокал.

У дзень 20 красавiка лесвiца Закаханых набыла больш-менш дагледжаны выгляд. Але аднавiць выбiтыя прыступкi ды адрэстаўраваць дэкаратыўную частку помнiка – пры ўсiм жаданнi не пад сiлу дваццацi валанцёрам. I ўсё такi першы крок зроблены. Цяпер, спадары гарадскiя начальнiкi, ваша чарга!

Людмiла ЯКШУК

Назад