Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Магчымы прэцэдэнт

Два важных судовых працэса распачалiся ў мiнулы чацвер у Гродне. Яны прэтэндуюць на тое, што могуць зрабiць прэцэдэнт у сучасным беларускiм правасуддзi.

Адзiн з iх разглядаецца ў судзе Ленiнскага раёна Гродна. Грамадзяне С.Нех i Змiцер Iваноўскi падалi скаргу на рашэнне Гродзенскага гарвыканкама за тое, што iм было адмоўлена ў правядзеннi пiкета «Маю права!» з мэтай азнаямлення гродзенцаў з правамi чалавека. У рашэннi гарвыканкама адмова матывуецца тым, што, маўляў, грамадзяне Нех i Iваноўскi неаднойчы парушалi адмiнiстрацыйны кодэкс i прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, а таму гарвыканкам «папярэджвае грамадзян Нех С.С., Iваноўскага Д.П., што пад адказнасць вышэйназваных асобаў Гродзенскi выканаўчы камiтэт не будзе даваць згоду на правядзенне грамадскiх акцый». Суд адклалi, не назваўшы пакуль даты.

Другi працэс распачаўся ў абласным гаспадарчым судзе. Заснавальнiк «Новай газеты Смаргонi» Улан Раман у трецi раз падаў зыск на рашэнне Смаргонскага райвыканкама, згодна якога яму адмаўляюць ў размяшчэннi дзьвух новых выданняў «Новай газеты Ашмянаў» i «Новай газеты Астраўца». Нагадаю, што Смаргонскiя ўлады з лiпеня 2001 году не даюць Р.Улану дазволу на размяшчэнне ў горадзе рэдакцый дзвух новых выданняў. Гэтым разам яго справу разглядае суд у складзе адразу трох суддзяў. Як заявiў адзiн з iх Уладзiмiр Фiлiпоўскi – гэта звязана з тым, што справа вельмi складаная i не мае аналагаў у судовай практыцы. Паводле адмоваў, прычынай нямiласцi ўладаў з’яўляецца тое, што яны лiчаць падобную задуму «немэтазгоднай». Суд адкладзены на 27 мая.

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад