Замежжа
Апошні крок да Еўропы
Плануецца, што ў 2004 годзе Польшча стане членам Еўрапейскага Саюза. З гэтай падзеяй палякi звязваюць шанец назаўсёды развiтацца з мiнулым i вярнуцца ў Еўропу, з якой iх выцiснула гiсторыя.
Хто мог падумаць, што ў гэтым годзе будзе такiм цёплым май. Нават у прасторнай зале польскага Сейму не стае прахалоднага паветра. Юзэф Алексы, старшыня камiсii па пытаннях Еўрапейскай iнтэграцыi польскага парламента, выцiрае насоўкаю пот i спакойна з непрыхаваным задавальненнем распавядае беларускiм журналiстам, як Польшча крочыць у Еўрапейскi Саюз. Ён не хавае таго, што быў членам апошняга камунiстычнага ўраду, што ягоную партыю – Саюз левых дэмакратычных сiл, якая зараз мае большасць у парламенце, называюць посткамунiстычнай. Праўда, ён нiчога не кажа аб прычынах адстаўкi з пасады прэм’ера, а толькi пераможна заяўляе, што за гэта ў яго прасiлi прабачэння вядомыя польскiя журналiсты, у тым лiку i галоўны рэдактар самай уплывовай польскай «Газеты выборчай» Адам Мiхнiк. А гэта быў вялiкi скандал, калi Алексы абвiнавацiлi ў супрацоўнiцтве з савецкiмi спецслужбамi. Аднак...
Пра польскi капiталiзм
Ю.Алексы кажа, што капiталiзм падзялiў краiну на 30% багатых i 70% бедных. Маўляў, папярэднi ўрад, у якiм кiравалi прадстаўнiкi «Салiдарнасцi», пакiнуў у бюджэце дырку ў 20 мiльярдаў даляраў i таму ў людзей з’явiлася патрэба iзноў галасаваць за посткамунiстаў.
Вопытны, дасведчаны палiтычны мастак Алексы, раз-пораз пацiраючы свой адкрыты лоб насоўкай ад поту i падлiваючы мiнералку сабе i перакладчыку, карыстаецца ў палiтычным жывапiсе фарбай толькi аднаго колеру. Праўда, яна ўсё ж мае адценнi, паколькi польскi посткамунiст кажа аб тым, што першай умовай для пабудовы дэмакратычнага грамадства з’яўляецца ўмова дзейнасцi незалежнай прэсы. Гэта выглядае даволi сiмпатычна, асаблiва калi ты не арыентуешся ў тым, што з прыходам да ўлады посткамунiстаў на першай праграме польскага тэлебачання, якое з’яўляецца публiчным, а не прыватным, практычна дзейнiчае цэнзура. Аб гэтым нам распавядалi польскiя журналiсты. Адзiн з апошнiх прыкладаў – скандал, якi датычыў цяперашняга прэм’ера – пана Лешака Мiллера, таксама посткамунiста. Журналiсты западозрылi яго ў фiнансавых махiнацыях. Але ў навiнах першай праграмы, якую глядзiць практычна ўся краiна, гэтую iнфармацыю не пусцiлi. Зрэшты, для тых, хто гэта робiць, падобная рэч – не аргумент, яны спасылаюцца на тое, што ў Польшчы дастаткова незалежных медыяў.
Пра недалёкае мiнулае
Слухаючы Алексы, я ўзгадваў Польшчу сярэдзiны i канца 80-х, дарэформенную, сапраўды постсацыялiстычную. Пустыя крамы, грошы з эннай колькасцю нулёў, на асфальце ляжала цырата, а на ёй тавар, пад дажджом, снегам, гарачым сонцам.
Як цiкава заўважыў адзiн з польскiх палiтолагаў, Лешак Бальцэровiч напiсаў тады на паперы план, якi ўпершыню быў не проста напiсаны, але здзейснены ў жыццi. У гады рэформы рост эканомiкi Польшчы складаў часам больш за 10% штогод, сюды плылi iнвестыцыi, цыраты на голай зямлi перараслi ў прывабныя багатыя офiсы, напоўнiлiся крамы, змянiлiся гарады i вёскi, значна ўзраслi заробкi i пенсii. Гэта далося не проста, але не кожны здолеў з гэтага скарыстаць, не кожны змог пераарыентавацца i прыстасавацца, знайсцi сваё месца i выкарыстаць шанец свабоды.
Магчыма, гэта быў самы складаны шлях, якi прайшло польскае грамадства ў сучаснай гiсторыi, праўда, не кожны грамадзянiн здолеў гэта пераадолець. Усё ж i ў iх за плячыма вiсiць цяжар больш чым 30 гадовага камунiстычнага мiнулага. Але змены гэтыя вiдавочныя. Iх можа дацанiць нават любы беларускi гандляр, якi гадамi цёгаецца на рынак у Варшаву, з зайздрасцю паглядаючы на тое, як змяняецца не толькi сталiца, але i малая Кузнiца, што пры самай мяжы з Беларуссю. Гэта якраз тое, што сёння мае Польшча i на аснове чаго яна робiць свой крок у Еўрасаюз. Аб гэтым Алексы чамусцi не казаў, гэты перыяд польскай гiсторыi як бы выпаў з яго аповяду.
Пра «Салiдарнасць» i дэскрыдытацыю
Вось толькi рэфарматараў практычна не стала ва ўладзе. Яны былi вельмi захоплены iдэяй, забыўшыся на тое, што прыходзяць новыя выбары i дзеля гэтага трэба стварыць свой электарат. Партыю «Унiя Свабоды», прадстаўнiкi якой узялi на сябе адказнасць за рэформы, падтрымлiвае цяпер каля 3% насельнiцтва.
Пан Алексы з таварышамi па сваёй партыi, скарыстаўшы багаты наменклатурны вопыт, цяпер з вышынi сеймаўскiх кабiнетаў з непрыхаванай дзелавiтасцю вядзе Польшчу ў Еўрапейскi Саюз. «Так, у Польшчы яшчэ шмат праблемаў, трэба прыняць каля 70 законаў, якiя будуць адпавядаць еўрапейскiм, мы ўжо выканалi 23 умовы з 30, якiя перад намi паставiў Еўрасаюз. Гэта вельмi складана, практычна немагчыма, але мы гэта зробiм» – канстатуе Алексы.
Да болi знаёмы водар, калi ствараюць уражанне таго, што замянiць iх няма кiм, бо толькi яны i нiхто iншы... Невядома толькi, цi здагадваюцца сучасныя палiтычныя мужы, што гiсторыя ставiць перад iмi задачу не менш складаную, чым перад першымi рэфарматарамi, i адказнасць за яе выкананне будзе яшчэ больш прынцыповай перад новымi пакаленнямi маладых палякаў.
Праўленне «Салiдарнасцi» напрыканцы ХХ стагоддзя цалкам дэскрыдытавала правыя сiлы ў Польшчы. Падзенне iнвестыцый i росту эканомiкi да аднаго працэнта ў год, скандалы вакол лiдэраў, якiя забрудзiлi сябе сваiмi ж нечыстымi рукамi, прывяло да таго, што зараз у парламенце краiны большасць у левых сiлаў. «Салiдарнасць» наогул не пераадолела 5% парог i засталася па-за бартом польскай палiтыкi. Зрэшты, няма чаму здзiўляцца. Стыль, у якiм перанялi ўладу ў Польшчы правыя сiлы, звязаныя ў большасцi сваёй з легендарнай «Салiдарнасцю», мог уразiць – у адмоўным сэнсе – нават самага адданага iм выбаршчыка. Выказванне лiдэра «Салiдарнасцi» Мар’яна Кшаклеўскага пасля перамогi на парламецкiх выбарах – «Teraz, kurwa, my...» (у сэнсе: возьмем справы ва ўласныя рукi i няхай левыя забудуць пра сваё iснаванне) – назаўсёды застанецца ў гiсторыi польскай палiтыкi.
Як высветлiла некалькi месяцаў таму польская прэса – ужо тады ў парламенце Польшчы большасць крэслаў займалi левыя сiлы, пры ўладзе правых дайшло да шматлiкiх афёраў, галоўным чынам у так званых суполках дзяржаўнага казначэйства, гэта значыць у тых, у якiх найбольш знаходзiцца рука дзяржавы. Дастаткова нагадаць скандал, якi разгарэўся вакол металургiчнага прадпрыемства «Польская медзь». У той час, калi бюджэт краiны пусташэў з кожным днём, павялiчвалася колькасць безпрацоўных, заробак членаў праўлення гэтай фiрмы дасягаў сотнi тысяч злотых. Ды што казаць пра праўленне! Шафёр старшынi праўлення зарабляў каля 40 тысяч злотых у месяц (гэта прыкладна 10 тысяч даляраў). Не даказанымi, праўда, пакуль застаюцца i абвiнавачваннi ў тым, што «Польская медзь» нелегальна фiнансавала перадвыбарчую прэзiдэнцкую кампанiю лiдэра правых – Мар’яна Кшаклеўскага.
Той, дарэчы, таксама паказаў сябе не з лепшага боку. Пасля таго, як выбаршчыкi выперлi яго з парламенцкага крэсла – ён, як старшыня Незалежнага прафсаюза «Салiдарнасць», вывеў на вулiцы Варшавы тысячы людзей, каб пратэставаць супраць «трагiчнай сiтуацыi, да якой давёў дзяржаву i людзей урад». Забыўшы як бы пры гэтым, што новы, левы ўрад толькi што сфармаваўся, а за адмоўныя тэндэнцыi ў эканомiцы, якiя назiралiся напрыканцы мiнулага году i бачныя дагэтуль, вiну нясе таксама ўрад Ежы Бузэка, якога, ў сваю чаргу, папракалi ў тым, што ён зашмат прыслухоўваўся да пана Кшаклеўскага.
Варта нагадаць аб прыгодах яшчэ аднаго дэпутата ад «Салiдарнасцi» – Марка Каласiнскага, якi, выкарыстоўваючы сваю дэпутацкую недатыкальнасць, уцёк з Польшчы за гранiцу. Пасля заканчэння тэрмiну ягоных паўнамоцтваў яму пагражае судовы працэс за ўдзел у банкаўскiх махiнацыях, выманьванне крэдытаў i няўплату падаткаў. Праз некалькi месяцаў яго затрымала славацкая палiцыя i перадала Польшчы.
Правыя ўлады яшчэ доўга не забудуць польскiя пенсiянеры i хворыя. Праўда, гэта ўжо ўрад Ежы Бузэка распачаў рэформы страхавання здароўя i пенсiйнай сiстэмы, чаго раней заўсёды баялiся левыя ўрады. Многiя эксперты сёння прытрымлiваюцца думкi, што гэтыя рэформы правалiлiся. Урэшце, нават правыя газеты пiшуць аб тым, што «Салiдарнасць» даказала сваiм выбаршчыкам, што палiтыка – гэта не што iншае, як клопат пра сябе i, магчыма, пра некалькiх сваiх калегаў.
Пасля ўсiх падобных дзеянняў правых на палiтычнай сцэне Польшчы з’явiлiся партыi накшталт «Самаабарона» на чале з Анджэем Лепперам, якi зараз не сыходзiць з першых старонак польскiх медыяў, як некалi ў Расii Жырыноўскi, i «Лiга польскiх сем’яў». Гэтыя партыi адкрытыя працiўнiкi ўваходу Польшчы ў еўрапейскiя структуры. Аргументам можа быць нават тое, што ў Еўропе пустыя касцёлы, туды не ходзяць прыхажане. Дарэчы, гэтыя партыi, згодна з апошнiмi апытаннямi, падтрымлiвае каля 25% патэнцыйных выбаршчыкаў. Яны папулярныя там, дзе высокi працэнт безпрацоўя.
Пра тое, як тыгр ператварыўся ў коцiка
Цяжка ўявiць па знешне заможнай i квiтнеючай краiне з прыгожымi дамамi i напоўненымi крамамi, што яна перажывае крызiс. Прылаўкi i дахi – гэта толькi вонкавы i не поўны малюнак рэчаiснасцi. На Захадзе людзi жывуць яшчэ больш заможна, больш зарабляюць i трацяць. Як iсцi ў Еўрасаюз, дзе ты не канкурэнтаздольны, дзе сабекошт прадукцыi значна нiжэйшы, а якасць вышэйшая? Гэта шмат каго палохае, асаблiва сялян, якiм абяцаюць датацыi значна меншыя, чым для iх еўрапейскiх канкурэнтаў. Да таго, не ўсе сяляне змогуць атрымлiваць тыя датацыi, дробныя гаспадаркi нiхто не будзе падтрымоўваць. Зараз у Польшчы 30% насельнiцтва займаецца сельскай гаспадаркай, а ў еўрапейскiх краiнах толькi 5-7%. Урад посткамунiстаў ужо зараз засведчыў, што ён не бачыць дзейсных выхадаў з склаўшайся сiтуацыi. Прыкладам паслужылi падзеi на Шчэцiнскай верфi, якая збанкрутавала i дзеля таго, каб выправiць сiтуацыю, урад краiны не знайшоў нiчога iншага, як вярнуць яе ў дзяржаўны сектар. Дарэчы, у Польшчы каля двух тысяч непрыватызаваных стратных гiгантаў накшталт верфяў, шахтаў, металургiчных прадпрыемстваў, якiя цяжкiм грузам ляжаць на плячах польскай эканомiкi, неканкурэнтназдольныя i нерэнтабельныя. На iх працуюць тысячы людзей, якiя ў любы час могуць застацца без працы. Адкуль узяць грошы на iх утрыманне? Еўрапейцы патрабуюць закрыцця падобных прадпрыемстваў, але польскi ўрад, не рэфармуючы iх, спрабуе ўтрымаць сiтуацыю. Ужо зараз у краiне па афiцыйных дадзеных налiчваецца 18% безпрацоўных. З эканамiчнага тыгра Еўропы ў апошнiя гады Польшча ператварылася ў коцiка. Большасць iнвестыцый скiравалiся зараз у Венгрыю i Чэхiю.
Палякi спадзяюцца, што з уступленнем у Еўрасаюз да iх прыйдуць новыя iнвестыцыi, якiя здолеюць ажывiць эканомiку. У Варшаве ўжо лiчаць грошы, аднак разумеюць, што гэта непроста грошы ў канверце. Еўрасаюз дае сродкi на заранёў падрыхтаваныя праэкты, але не сто працэнтаў ад сумы, а толькi восемдзесят. Дваццаць з iх ты павiнен мець сам, iнакш з табой нiхто не будзе размаўляць. Плануецца, што пасля ўступлення ў Еўрасаюз краiна можа атрымаць да 6 мiльярдаў еўра, унёсшы ў агульны бюджэт толькi 2,5 мiльярды. Урад задумваецца, адкуль узяць тыя 20 працэнтаў, каб зрабiць значны крок наперад. На падрыхтоўчы перыяд палякам Еўрасаюз ужо выдзелiў адзiн мiльярд еўра, але гэтыя сродкi ўрад Польшчы не здолеў асвоiць i 40 мiльёнаў давялося вярнуць.
У гэтай сiтуацыi шмат хто разумее, што за пару гадоў не ўдасца ўладкаваць такое жыццё, як у немцаў, але аргументам служыць Iспанiя, якая за некалькi гадоў за кошт сродкаў Еўрасаюзу здолела зрабiць даволi заўважны скачок. Палякi былi б задаволеныя, каб iх жыццёвы ўзровень у блiжэйшыя гады падняўся да iспанскага. Але дзеля гэтага iзноў патрэбна працаваць, прычым, значна лепш, чым раней. Прычым, работы хапае. Неабходна пабудаваць толькi 500 тысяч кiламетраў сучасных дарог, 160 тысяч кватэраў. Задачы стаяць каласальныя.
Павал Спевак, сацыёлаг i гiсторык iдэяў, зазначыў на гэта, што ён верыць у свой народ. Сапраўды, палякi прайшлi непросты шлях пасля таго, як перажылi часы ваеннага становiшча. Iм верыць i Еўропа, запрашаючы будаваць агульны дом.
Пра нас, што будзем «за сцяной»
Нам не ўдалося патрапiць у Люблiнскi замак. Было ўжо запозна. Так я i не пабыў унутры таго месца, дзе была падпiсана Люблiнская вунiя ў 1569 годзе. Мяне ўсцешыў толькi сакратар прэзiдэнта горада Люблiна, якi паведамiў, што рабочай мовай падчас падпiсання вунii была беларуская мова. Я таксама ведаў пра гэта, але было прыемна, што аб гэтым сказаў паляк. Я цешыўся за нас дваiх. Ужо ў Дамiнiканскiм касцёле, дзе адбылася ўрачыстая iмша пасля падпiсання вунii, на якой прысутнiчалi ўсе сведкi гiстарычнай падзеi 1569 году, мяне ўсхвалявала думка аб Беларусi. Практычна праз год мы будзем гранiчыць з Еўрапейскiм саюзам. Мяжа будзе побач з маiм Гроднам. Ужо з 1 лiпеня наступнага году палякi вымушаны будуць увесцi вiзы. Агульны арганiзм, якi суiснаваў сотнi гадоў, разам пачне дзейнiчаць паасобку. На ўсiх узроўнях я чуў, што Польшча будзе старацца зрабiць беларусам самы лаяльны варыянт адкрыцця вiзаў. Аб гэтым нас запэўнiвалi ўсе лектары, палiтыкi i нават чыноўнiкi мiнiстэрства Замежых спраў, з якiмi мы мелi сустрэчу.
З аднаго боку, палiтычныя дзеячы краiнаў Еўрасаюзу, прагназуючы знешнюю палiтыку ЕС, кажуць аб неабходнасцi захавання як мага большай адкрытасцi, прыкладам гэтаму можа служыць прапанова захавання па магчымасцi найбольш шчыльных рэгiянальных кантактаў з краiнамi, якiя мяжуюць з пашыраным Еўрапейскiм Саюзам. Сумесная замежная палiтыка, а таксама палiтыка бяспекi ўключаюць у сябе вялiкую колькасць дэклараваных заяваў аб неабходнасцi партнёрства з Расiяй, супрацоўнiцтва з Украiнай i Беларуссю. Такая палiтыка падтрымлiваецца асобнымi еўрапейскiмi краiнамi i заснавана на свядомасцi таго, што знешняя мяжа не можа стаць яшчэ адной сцяной Еўрапейскай крэпасцi.
З другога боку, выконваючы законы ЕС, да якiх адносяцца прававыя нормы Шэнгенскай дамовы, краiны Еўрапейскага Саюза плануюць захаванне строгiх прынцыпаў уезда ў краiны ЕС для грамадзян дзяржаваў, якiя ўнесены ў так званы чорны спiс, на якiм, акрамя краiнаў балканскага рэгiёну, знаходзяцца таксама Беларусь, Украiна i Расiя.
Увядзенне вiзаў можа стаць ударам па заходняму выбару, якi зараз з’яўляецца вiдавочным у некаторых плынях грамадства Беларусi, Расii i ва Украiне. Ужо зараз вiдавочна, што менавiта пытанне межаў з’яўляецца прычынай атаясамлення працэсу пашырэння ЕС з пагрозай з Захаду, з палiтыкай выцяснення i выключэння. Нiякiя заявы не ў стане змянiць гэтага, паколькi мова фактаў з’яўляецца неаспрэчнай. Нягледзячы на тое, што на Захадзе будуць iмкнуцца называць увядзенне вiзаў «цывiлiзацыяй i ўпарадкаваннем мяжы», успрыняцце гэтага працэсу будзе iншым: глядзiце, маўляў, узнiкае новы бар’ер памiж двумя часткамi Еўропы.
Польская iнтэлiгенцкая элiта таксама моцна занепакоена гэтай праблемай. Ува мне моцна заселi словы прадстаўнiка фонда iмя Стэфана Баторыя ў Варшаве Пётры Касеўскага, якi падкрэслiў у сваiм выступе, што вельмi многiя ў Польшчы хочуць, каб палякi не адварочвалiся ад усходнiх суседзяў, iдучы на Захад.
Зразумела, што палякi робяць гэты крок, каб назаўсёды развiтацца з ненайлепшым мiнулым i вярнуцца туды, адкуль iх выцiснула гiсторыя. Але наўрадцi iм патрэбна забыцца на сумесную гiсторыю з блiзкiмi суседзямi – Беларуссю i Украiнай. Ад гэтага, у культурным сэнсе, могуць страцiць усе, прычым, безпаваротна.
Эпiлог
Вяртаючыся з Варшавы, у купэ з намi ехаў адзiн суайчыннiк. Ён увесь час даставаў сотавы тэлефон з кiшэнi i безперапынна ва ўвесь голас па-руску гутарыў з сябрамi. Палякi, сядзеўшыя побач, старалiся не звяртаць на гэта ўвагi. Яшчэ адзiн суайчыннiк стаяў у праходзе i цэлы час пiў пiва. Пад’язджаючы да Кузнiцы высветлiлася, што ў яго няма бiлета, ён залiў пiвам увесь праход i, нарэшце, недзе змыўся з вачэй.
У памяшканнi маленькага вакзала ў Кузнiцы вiсiць вялiкi плакат з надпiсам, зразумела, па польску: «Наш дом – Еўропа».
Мiхаiл КАРНЕВIЧ
Матэрыл быў падрыхтаваны дзякуючы садзеянню фонда iмя Стэфана Баторыя ў Варшаве.
|