Ці будзе жыць «Медык»?
У Гродне правялi аднадзённы страйк працаўнiкi прадпрыемства «Медык». Яны патрабуюць выплацiць iм заробкi за красавiк.
У пятнiцу з ранiцы рабочыя прадпрыемства «Медык» адмовiлiся прыступаць да працы. Аказваецца, паўтараецца старая гiсторыя. Гэтым разам з красавiка рабочым iзноў не плацяць заробак. Нагадаю, што падобная сiтуацыя паўтараецца ўжо не першы раз. У мiнулым годзе адбываўся нават страйк, пасля чаго наступалi змены: выплочвалi заробак. Але сiтуацыю карэнным чынам выправiць не ўдалося. У красавiку атрымалi заробак за лiстапад, а ў траўнi ўжо няма грошай, каб выплацiць заробак за красавiк. Тыя, хто браў адпачынак, не могуць атрымаць адпускных. У лепшым выпадку грошы iм выплочваюць па двух месяцах пасля адпачынку. Рабочыя напярэдаднi майскiх святаў пабывалi на прыёме ў старшынi аблвыканкама Уладзiмiра Саўчанкi. Той паабяцаў, што адразу пасля святаў ён прыме нейкае рашэнне. Аднак май скончыўся, а ад старшынi аблвыканкама няма нiякага адказу. Цяжкасцi «Медыка» ў тым, што работы па абслугоўваньню медычных устаноў вобласцi выконваюцца, але заказчыкi не здольны своечасова разлiчвацца.
У пятнiцу дырэктар прадпрыемства Мiкалай Шымановiч паведамiў рабочым, што магчымы тры сцэнарыi развiцця прадпрыемства. Альбо яго лiквiдаваць, альбо самiм шукаць заказы i працаваць далей, альбо рабочых перавядуць у штаты шпiталяў i яны будуць атрымоўваць там мiнiмальныя заробкi. У сваю чаргу рабочыя запатрабавалi прыняць меры да кiраўнiцтва прадпрыемства, паколькi яны лiчаць, што iх дырэктар не спраўляецца з сваiмi службовымi абавязкамi. Менавiта ён i ягоныя памочнiкi павiнны пастарацца, каб былi заказы i праца, а справа рабочых – своечасова iх выконваць. На гэта прадстаўнiк аблздраўаддзела Вячаслаў Шаўцоў заўважыў, што дырэктар не вiнаваты, паколькi сiстэма ў краiне склалася такая, што нiхто не ведае, што рабiць далей. I не вiдаць нiякага выйсця.
На прадпрыемстве пасля красавiцкiх страйкаў працавала камiсiя. Цалкам магчыма, што сапраўды будзе прынята рашэнне аб лiквiдацыi прадпрыемства. Тым не менш у пятнiцу рабочыя адмовiлiся атрымоўваць па 80 тысяч рублёў замест усяго заробку, паколькi не вераць больш у падачкi свайго начальства. Зрэшты, шмат з iх згодны з тым, каб прынялi рашэнне аб лiквiдацыi прадпрыемства, прадалi маёмасць i разлiчылiся з даўгамi. Бо жыць i працаваць так, як ёсьць, па словах рабочых, далей немагчыма.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|