А калi не памятаеце, зазiрнiце ў перадвыбарчую праграму Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А. Р. Лукашэнкi «За сильную и процветающую Беларусь». Там жа, сярод мэтаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны, вы знойдзеце «рэзкае павышэнне дабрабыту народа». Не проста павышэнне, а рэзкае павышэнне! Во як! Сацыяльна-эканамiчнае развiццё – гэта вам не жук на палачцы. Тут не ў бiрулькi гуляюць. Падымаць дык ужо падымаць – рэзка!
А для пачатку – як паабяцаў у сваiм выступе на Другi Усебеларускiм народным сходзе 18 мая 2001 года А. Р. Лукашэнка – «павышэнне зарплаты i давядзенне яе ўзроўню ў жнiўнi ў цэлым па рэспублiцы ў эквiваленце, роўным 100 далярам. А для работнiкаў, фiнансуемых з бюджэту – да 30 снежня 2001 года».
А потым перадвыбарчая лiхаманка скончылася, i гучныя словы неяк сцiхлi. З моманту прэзiдэнцкiх выбараў прайшло 9 месяцаў... Цi рэальна за гэты час для нашага кiраўнiцтва – не, не нарадзiць дзiця – проста выканаць свае абяцаннi, што, зрэшты, нашмат лягчэй, калi, канечне, увайшло ў звычку?
Чарговым тэлефонным апытаннем мы паспрабавалi высветлiць, цi адчуў нарэшце народ на сваёй уласнай скуры «рэзкае павышэнне дабрабыту ў краiне».
Гродзенцам, чые нумары тэлефонаў былi ўзяты наўздагад з даведнiка, задавалася пытанне: Цi маеце вы на дадзены момант гарантаваную былым кандыдатам у прэзiдэнты i цяперашнiм прэзiдэнтам зарплату ў памеры 100 даляраў ЗША?
Адказы размеркавалiся наступным чынам:
Не – 58 %
Людзi, якiя адказвалi так, – гэта дзяржаўныя служачыя, выкладчыкi, выхавацелькi дзiцячых садкоў, працаўнiкi дзяржаўных прадпрыемстваў, прыватныя прадпрымальнiкi i г. д.
Многiя з iх атрымлiваюць далёка не 100 даляраў, а палову ад гэтай сумы, а часцяком – i таго менш. Уражвае тое, што большая палова апытаных не магла адказаць, у чым прычына гэтага: «прычын не ведаю», «не маю ўяўлення, чаму», «не ставiў перад сабой такой мэты – знайсцi прычыну», «халера яго ведае» i г. д.
Тое, што жыць цяжка, згаджалiся амаль усе, а вось адвечныя пытаннi рускай iнтэлiгенцыi «хто вiнаваты?» i «што рабiць?» яўна чужародныя для беларускай глебы – яны ставiлi ў тупiк многiх гродзенцаў.
Цiкава, што першая рэакцыя на пытанне аб зарплаце ў 100 даляраў часта была даволi iмпульсiўная: «Не, канечне!!!», «Адкуль?!» А вось калi мы прапаноўвалi выказаць меркаванне, у чым прычына такога становiшча, большасць адказвала: «Не ведаю». Атрымлiваецца, усе бачым, што жывем дрэнна, як выказалася адна жанчына, «не жывем, а iснуем», а вось чаму жывем дрэнна – неяк не задумвалiся.
Дарэчы, у апытаннi ўдзельнiчалi i пенсiянеры. Амаль усе яны атрымлiваюць пенсiю ў памеры каля 80 тысяч рублёў. I менавiта iм належаць настальгiчныя развагi аб тым, што «развалiлi Саюз – усё развалiлi». Да iх лiку належыць i большасць людзей, чыё сённяшняе становiшча iх задавальняе: «я аптымiст, як усё складваецца, так я i ўспрымаю», «мне хапае», «што зарабiла, тое i атрымлiваю, нiчога не маю супраць Лукашэнкi».
Меркаваннi, якiя выказвалiся астатняй часткай, былi досыць падобныя: «дрэнна працуюць прадпрыемствы», «вялiкая шышка атрымлiвае больш за простага працаўнiка», «тыя, хто маюць уладу, шмат крадуць», «прадпрыемствы стаяць, у бюджэт не адлiчваюць», «можа быць, Лукашэнка вiнаваты, што не думае пра нас». Назiраецца цiкавая тэндэнцыя: у адказ на пытанне «хто вiнаваты?» называць нейкае абстрактнае «начальства», «кiраўнiцтва прадпрыемстваў». I толькi некаторыя вельмi асцярожна канкрэтызавалi: «начальства вышэйшае, не мясцовае».
Што да перадвыбарчых абяцанняў, то ўсе, хто ўзгадваў пра iх, лiчылi, што Лукашэнка свайго слова не стрымаў. Праўда, ацэньвалi гэта па-рознаму. Найбольш тыповыя выказваннi такога кшталту: «перад выбарамi ўсе абяцалi, але, як правiла, абяцанняў не выканалi», «усё гэта ён рабiў, каб толькi абралi», «бацька наш хоць i гаворыць, што не вiнаваты, што ён дае гэтыя 100 даляраў, толькi невядома, у каго яны». Але былi i такiя думкi: «Ну, абяцаў i абяцаў, значыць нешта не атрымалася. Як ёсць, так ёсць. Не толькi вiна ў гэтым чыясьцi...» Тое, што «нешта не атрымалася», гэта i так зразумела, як кажуць, бачна неўзброеным вокам. Але навошта тады кожны раз упарта брацца за тое, што ў цябе не атрымлiваецца?
А на пытанне «што рабiць?» адказу мы дачакалiся толькi ад аднаго чалавека з усiх апытаных. Выхавацелька дзiцячага сада з зарплатай у 30 даляраў усклiкнула: «Iдзем не да лепшага, а да горшага! Трэба падымаць людзей».
Так – 28 %
Як высветлiлася, зарплату ў памеры 100 даляраў i больш маюць працаўнiкi «Азота», «Белкарда», сферы абслугоўвання i дзяржаўнага гандлю, органаў дзяржаўнага кiраўнiцтва, частка прыватных прадпрымальнiкаў i г. д.
Праўда, у большасцi выпадкаў прадпрымальнiкi дадавалi свае каментары да адказу i зазначалi, што ў сувязi з павышэннем падаткаў цяпер, мабыць, 100 даляраў выходзiць не будзе.
А адна маладая жанчына, пачуўшы пытанне, засмяялася ў адказ: «Маю, але не дзякуючы Лукашэнку».
Не скажу – 14 %
Пэўная колькасць людзей зусiм адмовiлася адказваць на пытанне па розных прычынах: хтосьцi еў, хтосьцi спаў, хтосьцi нiчога не ведае i палiтыкай не цiкавiцца, а хтосьцi, толькi пачуўшы прозвiшча Лукашэнкi, палiчыў за лепшае хуценька развiтацца – ад граху падалей.
Карацей кажучы, цi памятаеце вы перадвыбарчую кампанiю так, як памятаю яе я? Траскучымi феерверкамi разляталiся ва ўсе бакi сацыяльна-эканамiчныя гарантыi i буйнымi гронкамi павiсалi на нашых вушах...
Людмiла ЯКШУК