Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

«Наўцілус Дамейкус»

«Наўцiлус Дамейкус» – гучыць вельмi экзатычна. I мала хто ведае, што гэта-лацiнаамерыканскi слiмак. На жаль, няшмат хто ведае i пра самога Iгната Дамейку, iмем якога названы знойдзены iм рэдкi слiмак. Яго iмя замацавана таксама ў назвах мiнерала, кветкi. Яго iмем названы марскi порт у Чылi, нацыянальным героем якой ён стаў. Сваiм героем яго лiчаць таксама палякi i лiтоўцы.

Iгнат Дамейка (1802-1889) паходзiў з беларускай шляхты, з беларускай зямлi – з Навагрудскага павета. Ён удзельнiчаў у славутым Таварыстве фiламатаў – патаемнай суполцы студэнтаў Вiленскага унiверсiтэта. Быў арыштаваны за гэта. Пазней браў удзел у антыцарскiм паўстаннi 1830-31 гадоў. Апынуўся на эмiграцыi ў Парыжы. Сябраваў з вялiкiм Адамам Мiцкевiчам. Стаў прататыпам героеў у вядомых паэмах «Дзяды» i «Пан Тадэвуш».

Менавiта Мiцкевiч прышукаў працу для Дамейкi ў далёкай краiне Чылi, якая стала незалежнай i патрабавала шмат адукаваных людзей. Заробак паабяцалi несусветны – 15 тысяч долараў! I гэта ў 1838 годзе. Трапiўшы на месца, горны iнжынер Дамейка за тры месяцы вывучыў iспанскую мову i сам пачаў навучаць чылiйцаў. Ён знайшоў радовiшчы срэбра, золата, медзi, салетры, наладзiў здабычу карысных выкапняў. Пiсаў падручнiкi па мiнералогii. Стаў рэктарарам новастворанага унiверсiтэта ў сталiцы Чылi Сант’яга. Тады, як яго родны Вiленскi ўнiверсiтэт цар закрыў.

Падпiсаў Iгнат Дамейка кантракт на 5 гадоў, але застаўся на чылiйскай зямлi на ўсё жыццё. Толькi праз 46 гадоў наведаўся ў родныя беларускiя мясцiны. Гэта адбылося ў 1884 годзе. Праважалi яго ў дарогу пад гукi чылiйскага дзяржаўнага гiмна. Выдзелiлi яму прэзiдэнцкi спецвагон, каб даехаць да порта Вальпараiса. Трапiўшы ў Варшаву, ён дабраўся чыгункай да Гарадзеi – станцыi памiж Баранавiчамi i Стаўбцамi. А затым падарожнiчаў па фальварках родных i сяброў. У той жа год ён напiсаў успамiны пра гэтае падарожжа. Перш кiнулася яму ў вочы, што сялянаў яго роднай Мядзвядкi перавялi ў праваслаўе. Паўсюль у ваколiцах, зазначаў ён, гвалтам аддавалi касцёлы папам.

Прымусам накiдалi праваслаўе. У некаторых вёсках гэта прыводзiла да таго, што сяляне не хадзiлi нi ў царкву, нi ў касцёл. Бацька Iгната быў пахаваны ў 1809 годзе ў Мiры каля ўнiяцкага касцёла. Касцёл забралi праваслаўныя. Iгнат паехаў, каб наведаць магiлу бацькi. З храма былi выкiнуты алтар i статуi святых, мемарыяльныя шыльды выдзерты са сценаў. Што яшчэ ён убачыў? Разбураныя вадзяны млын i каплiцу, сядзiбны дом, занядбаныя могiлкi. Але паўсюдна яго сустракалi надзвычай гасцiнна. Як у тым жа Крошыне-хлебам – з соллю i мёдам. Яны са старым фiламацкiм сябрам Адынцом пасадзiлi на памяць аб той сустрэчы два дубкi. Дзiва, але адзiн з iх захаваўся. Хаця наўрад цi нехта памятае, хто з iх двух канкрэтна пасадзiў яго. Вось такая няпэўная i сама памяць пра вялiкага, сусветна вядомага вучонага, сына нашай зямлi ў самой Беларусi. У далёкiм Сант’яга на адной з цэнтральных плошчаў стаiць помнiк Iгнату Дамейку. А ў нас нават прылiковай вулiцы, названай яго iмем, няма.

Сяргей МаксIмовIЧ

Назад