Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Родная мова

Цяжка сказаць

«Перажыла наша родная мова

Бенкендорфа, i Мураўёва,

Панскiя здзекi,

Чэкiсцкiя чысткi,

Рогат iмперскi,

Вырак фашысцкi...

Тых,

Што з трасянкаю ў галаве,

Перажыве!..»

Генадзь Бураўкiн

Аб стане беларускай мовы на Гродзеншчыне з старшынём абласной арганiзацыi Таварыства беларускай мовы Аляксандрам Мiсцюкевiчам гутарыць наш карэспандэнт.

– Нядаўна адбыўся Круглы стол, якi праводзiўся па iнiцыятыве Таварыства беларускай мовы. Якiя пытаннi разглядалiся падчас яго паседжання?

– Тэматыка непасрэдна датычыла стану беларускай мовы на Гарадзеншчыне, школьнiцтва, а таксама аналiзавалася стаўленне кiраўнiкоў розных узроўняў вобласцi да беларускай мовы.

– I што мы маем?

– Сiтуацыя складаная. Вiдавочна, што дзяржаўная палiтыка ў дачыненнi беларускай мовы, яе развiцця, ужывання папросту фармальная. У Гродне няма нiводнай беларускай школы, падобная сiтуацыя i ў iншых гарадах вобласцi – Лiдзе, Слонiме, Ваўкавыску... Як правiла, беларускамоўныя школкi захавалiся ў вёсках. Але калi глыбей зазiрнуць у iх, то гэта малакамплектныя школы, прычым, часам толькi фармальна называюцца беларускiмi, паколькi акрамя самой беларускай мовы нiякiя прадметы ў iх па-беларуску не выкладаюцца.

– Чаму так?

– На Круглым стале мы прыйшлi да высновы, што першыя, хто нясе за гэта адказанасць – гэта кiраўнiцтва вобласцi i гарадоў. Цi чулi вы, напрыклад, каб кiраўнiк нашай вобласцi, горада, прадпрыемства, установы хоць раз выступаў на беларускай мове, праводзiў сход, размаўляў на вулiцы цi звяртаўся да грамадзян па тэлебачанню i радыё. Згодна нашай Канстытуцыi ў дзяржаве дзьве дзяржаўныя мовы, i калi да дзяржаўнага мужа грамадзянiн звяртаецца па-беларуску, той абавязаны адказваць яму па-беларуску. Iнакш чыноўнiк папросту парушае беларускае заканадаўства i не мае права займаць дзяржаўную пасаду. А ў нас гэта робiцца скрозь: ад самага нiзкага да самага высокага чына.Прывяду некалькi прыкладаў. Прадстаўнiкi ТБМ звярталiся да многiх кiраўнiкоў прадпрыемстваў i дзяржаўных устаноў з тым, каб паправiць становiшча беларускай мовы. Да прыкладу, дырэктар аўтобуснага парку Пракопчык Iван Аляксандравiч ад сустрэчы наогул адмовiўся, а праз тэлефон сказаў, што чакае толькi загаду зверху, калi загадаюць аб’яўляць прыпынкi на беларускай мове, то гэта адразу будзе выканана. Падобнае прагучала i з вуснаў кiраўнiка тралейбуснага парка. Праўда, дырэктары гэтых прадпрыемстваў дазволiлi ўручыць каштоўныя падарункi вадзiцелям, якiя працягваюць аб’яўляць прыпынкi па-беларуску.

Загадчык 404 фiлiяла «Беларусбанка» Бегуноў Алег Пятровiч на наш зварот заявiў: «Што вам не спiцца? У мяне няма супрацоўнiкаў, якiя валодаюць беларускай мовай». А яны ж абслугоўваюць насельнiцтва i павiнны валодаць як адной, так i другой дзяржаўнай мовамi.

А вось iншы прыклад. Кiраўнiк мiжраённага аддзела па арганiзацыi дарожнага руху Юшкевiч Мiкалай Андрэевiч сам валодае беларускай мовай i падтрымоўвае яе выкарастанне на сваiм участку працы. Пасведчаннi вадзiцеляў выдаюцца на беларускай мове, надпiсы на спецаўтамабiлях зроблены па-беларуску.

– Што з гэтага вынiкае, на ваш погляд? Магчыма ў нас проста дрэннае заканадаўства, а людзi, як заўсёды, харошыя?

– Давайце паглядзiм на заканадаўства. Галоўны архiтэктар горада Гродна Анiсiмаў, на якога спасылаюцца многiя кiраўнiкi, дзе шыльды зроблены на рускай мове, нас наогул не прыняў, матывуючы сваёй занятасцю. Ягоная намеснiца Таццяна Рыгораўна Аўсяннiкава не валодае беларускай мовы. I як вынiк – не выконваецца рашэнне Гродзенскага гарвыканкама №250 ад 18.03.1999 г. i адпаведнае рашэнне аблвыканкама аб выкарыстаннi шыльдаў на беларускай мове. Адказу мы так i не атрымалi чаму змянiлi шыльды на вулiцах Касманаўтаў, Захарава, Лiдскай з беларускай на рускую. Самае смешнае, як пазней давялося высветлiць, гэтыя назвы памянялi ў гонар прыезду спадара Селезнева з кампанiяй на саммiт. Уявiце сабе парадаксальнасць i непрыстойнасць паводзiнаў мясцовых чыноўнiкаў. Нармальны чалавек за такi ўчынак згарэў бы з сораму, а гэтым хоць бы што.

Кiраўнiк ЖКГ Гродна Арцем’еў Юрый Зыгмундавiч не супраць, каб шыльды былi на беларускай мове, але, па яго словах, ён не можа заставiць гэта рабiць сваiх падначаленых. Намеснiца кнiжнай крамы на вулiцы Ажэшкi Алена Анатольеўна Шчукiна на нашу просьбу аформiць аб’явы па-беларуску заўважыла: «А вы знаете, что в США языка, индейцев не изучают».

– Непасрэдна з кiраўнiцтвам горада вы сустракалiся?

– Так, гутарка ў нас была са спадаром Антоненкам, старшынём гарвыканкама. Ён удзялiў нам адну гадзiну на размову, i прама заявiў, што ведае пра Канстытуцыю, але толькi чатыры разы за сваю службовую кар’еру кiраўнiка горада выступаў па-беларуску, сына свайго перавёў у рускамоўны клас. Маўляў, трэба прапагандаваць, займайцеся гэтым. Мы яму сказалi, што трэба пачынаць з вас i вы павiнны агiтаваць бацькоў, каб аддавалi дзяцей у беларускiя класы. Дарэчы, iснуе пастанова Мiнiстэрства адукацыi РБ ад 27.08.2001г №48 «Праграма дадатковых мер па пашырэннi сферы выкарыстання беларускай мовы ў сiстэме школьнай адукацыi», згодна якой з 2002 навучальнага года прадугледжана пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў сiстэме дашкольнага выхавання i сiстэме школьнай адукацыi. Згодна гэтай пастановы нашы грамадзяне могуць атрымаць як сярэднюю, сярэдне-спецыяльную, так i вышэйшую адукацыю на беларускай мове. Але пастанова застаецца пастановай, а старшыня гарвыканкама застаецца старшынём гарвыканкама. Яго на гэтую пасаду не народ абраў, а прызначыў прэзiдэнт.

– I што плануе рабiць у данай сiтуацыi ТБМ?

– Мы рэальна ўспрымаем тое, што ёсць, працягваем рабiць, што можам: пiшам, ходзiм, просiм, пераконваем... Але самi разумееце, чаго такiм чынам можна дамагчыся.

– У ТБМ ёсць свая праграма па развiццю i ўратаванню беларускай мовы?

– Гэтая праграма iснуе яшчэ з пачатку 90-х гадоў. Гэта Закон аб мовах i распрацаваная навукоўцамi стратэгiя развiцця беларускай мовы. Толькi дзяржавай яна дагэтуль не ўспрымаецца.

– Дзе ў нас у вобласцi самая складаная сiтуацыя са становiшчам беларускай мовы?

– У гарадах, прычым, ва ўсiх гарадах вобласцi. Мы спрабавалi высветлiць прычыну. Адзiн бацька нам сказаў: мая дачка хацела атрымаць адукацыю па-беларуску ў сферы гандлю, а дзе гэта можна зрабiць? Вось тут крыецца адказ на пытанне.

– Дзiўная рэч, што беларусы ўсё чакаюць нейкай каманды на тое, каб ужываць сваю мову штодзённа, на вулiцы, дома, у школе, на працы, iнстытуце. Што гэта за феномен такi?

– Гэта сапраўды феномен. Прывяду вам яшчэ прыклад. Напачатку 90-х, калi iшоў працэс беларусiзацыi, ведаў чалавека, якi шчыра аддаваўся гэтаму, шмат рабiў, дапамагаў. А калi Лукашэнка правёў рэферэндум, ён стаў глядзець на мяне, як на ворага. Усё беларускае яму стала раптам варожым. А ён адгэтуль, наш, беларус, i бацькi ягоныя беларусы.

Нехта калi-небудзь павiнен будзе расшыфраваць гэты феномен. Напэўна, гэта справа навукоўцаў. Я магу распавядаць яшчэ адзiн выпадак з жыцця. Неяк хадзiлi мы па арганiзацыях i збiралi грошы на выданне газеты «Наша слова». У адным з гродзенскiх банкаў у кабiнеце звярнулiся да траiх жанчын. Як высветлiлася, яны ўсе прыезджыя. Адна з iх, руская па паходжанню, пражыўшая нейкую частку жыцця ва Узбекiстане, заявiла нам, што не магла вывучыць узбекскi, у Расii не здолела купiць кватэру, у Магiлёве не хацела, а таму апынулася ў Гродне. Але вам, беларусам, не дам нi капейкi, паколькi вы – дурныя. Каб была ў вас Канстытуцыя такая, як у прыбалтаў, то вывучылi б мы беларускую мову i нiкуды не дзелiся б. Узбекскую не вывучыла, а беларускую вывучыла б, нiкуды не дзелася б. Але, маўляў, ваш прэзiдэнт сам не выконвае Канстытуцыi, то чаго вы хочаце ад нас.

Сапраўды, пра што казаць, калi не выконваецца нават Канстытуцыя, якая ёсць.

– Можна, вядома, шмат казаць пра тое, што прэзiдэнт не выконвае Канстытуцыi, што на яго глядзяць людзi. Але з другога боку, уявiце сабе, каб у Расii, Польшчы цi Лiтве прэзiдэнт не гаварыў на дзяржаўнай мове, хто яго пацярпеў бы. Такое адчуванне, што ў беларусаў сапраўды няма Бога ў душы...

– На жаль, так.

– Якi лёс чакае беларусаў пасля гэтага, на вашу думку?

– Цяжка сказаць. Сумна ад гэтага.

– Аляксандр Iванавiч, а што вас, iнжынера, застаўляе займацца праблемамi беларускай мовы?

– Я вельмi хачу, каб мае дзецi былi беларусамi. Каб Беларусь захавалася не проста як геаграфiчная назва. Як сказаў некалi расiйскi вучоны Г.Фёдараў: «Мова з’яўляецца iмем нацыi...». Дадам – i iмем нашай дзяржавы – Беларусь.

– Дарэчы, сябры ТБМ – гэта ў асноўным iнтэлiгенцыя, цi ёсць i рабочыя, сяляне?

– Большасць, канечне, iнтэлiгенцыя, але ёсць i рабочыя, ёсць i сяляне. Да прыкладу, узяць суполку ТБМ на прадпрыемстве «Гроднаэнерга». Там ёсць i iнжынеры, i рабочыя, розныя людзi. Так паўсюдна.

М. КАРНЕВIЧ

Назад