Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Пракурор запрасіў два гады агульнага рэжыму

Два гады пазбаўлення волi з адбываннем у калонii агульнага рэжыму для журналiста «Пагонi» П.Мажэйкi запрасiў у суддзi пракурор Гродзенскай абласной пракуратуры Рабаў. Пасля гэтых слоў у зале суда падняўся крык. Некалькi маладых людзей падскочылi з сваiх месцаў, развярнулi плакат з надпiсам «Апраўдаць Мажэйку i Маркевiча» i пачалi голасна крычаць «Ганьба!». На гэтым прамова дзяржаўнага абвiнаваўцы была перапынена.

Паседжанне суда перанеслi на сераду, на 10 гадзiн ранiцы. На жаль, у гэтым нумары «БI» па тэхналагiчных прычынах, звязаных з выпускам газеты, самыя апошнiя навiны з залы суда, якiя адбывалiся ў сераду, мы змясцiць не можам. Нагадаю, што П.Мажэйка i рэдактар «Пагонi» М.Маркевiч абвiнавачваюцца ў паклёпе на прэзiдэнта Лукашэнку па артыкулу 367 ч 1 КК РБ.

Напачатку паседжання ў аўторак нiчога не прадказвала падобных падзей. Па плану пачалiся судовыя спрэчкi. Першым пачаў выступаць дзяржаўны абвiнаваўца Рабаў. Свае абвiнавачваннi Мажэйку i Маркевiчу ён будаваў на ранейшых здабытках следства. На думку дзяржаўнага абвiнаваўцы, ва ўсiх трох матэрыялах «Iдзём на выбары» П.Мажэйкi, «Ён – не Лукашэнка» – аўтара Красевiча i ў вершы невядомага аўтара «Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!» змешчаны паклёп на А.Лукашэнку. Нават нягледзячы на тое, што ў вершы наогул не ўзгадваецца iмя Лукашэнкi, за выключэннем эпiграфа. Абвiнаваўца па-ранейшаму перакананы, што цытаты з артыкула «Iдзём на выбары»: «Цi, у рэшце рэшт, можа быць вартым народнай падтрымкi чалавек, якi змагаецца са сваiмi апанентамi, забiваючы iх», у артыкуле «Ён – не Лукашэнка» у словах «Сем гадоў праўлення Лукашэнкi прадэманстравалi, што ён проста хворы чалавек, якi знiшчае наш народ. Забiвае сваiх апанентаў, разбурае ўсё нацыянальнае, што яшчэ засталося ў нашым грамадстве, i мэтанакiравана даводзiць беларускую нацыю да вымiрання», а таксама ў вершы: «Абяшчал народу я, што пагiбнет мафiя... Можаце мiня поздравiць: мафiю рашыл вазглавiць я» утрымоўваецца абраза, iлжывыя звесткi, якiя прынiжаюць гонар i годнасць прэзiдэнта Лукашэнкi, аб’яднаную з абвiнавачваннем у здзяйсненнi асаблiва цяжкiх злачынстваў: забойстве, генацыдзе, стварэннi злачыннай арганiзацыi альбо ўдзеле ў ёй.

На думку дзяржаўнага абвiнаваўцы, падсудныя, калi яны даказвалi ў судзе, што не мелi на ўвазе ў сваiх артыкулах асобу Лукашэнкi, маглi б i ў тэксце пiсаць не называючы яго iмя, i не абвiнавачваць у забойствах, а карыстацца iншымi словамi. Апеляваў абвiнаваўца i меркаваннямi эксперта, на думку якога успрымаць падобныя радкi можна як у прамым, так i ў пераносным сэнсе.

Абвiнавачваннi журналiстаў будавалiся, акрамя паклёпа, яшчэ i на распаўсюджваннi яго. Нягледзячы на тое, што газета цалкам была канфiскавана супрацоўнiкамi пракуратуры яшчэ ў друкарнi i не дайшла да чытачоў, дзяржаўны абвiнаваўца аргументаваў тым, што пры падрыхтоўцы да друку плёнкi газеты прачыталi два супрацоўнiка друкарнi i зрабiлi вывады, што мова ў вышэйназваных артыкулах вядзецца непасрэдна пра А.Лукашэнку. А, маўляў, дастаткова, каб адзiн чалавек прачытаў газету i гэта можа лiчыцца распаўсюджваннем СМI. Што датычыць распаўсюджвання яе праз Iнтэрнэт, то абвiнаваўца прызнаў, што супрацоўнiк КДБ правёў выемку матэрыялаў з сайта без адпаведнага юрыдычнага афармлення, i таму дабытыя незаконна доказы не могуць лiчыцца доказам у судзе. Але тым не менш ён перакананы, што гэтыя нумары «Пагонi» былi размешчаны на сайце, аб чым на першым допыце прызнаўся вярстальшчык А.Салей. Нягледзячы на тое, што пазней ён змянiў свае паказаннi. Зрэшты, дзяржаўны абвiнаваўца не здолеў дачытаць сваёй прамовы да канца. У сераду а 10 гадзiне працяг суда.

Падрабязнасцi ў наступным нумары газеты.

М.КАРНЕВIЧ

Назад