Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

Выданне газеты спыніў... флірт

У канцы ўжо мiнулага стагоддзя давялося мне чытаць выдадзеную ў Польшчы кнiгу Анджэя Гарлiцкага «У зродэл абозу бельведэрскага». Запомнiлiся старонкi, прысвечаныя падзеям больш чым векавой даўнiны, у прыватнасцi, стварэнню i пачатковай дзейнасцi Польскай сацыялiстычнай партыi. Як журналiст звярнуў увагу на заснаванне ППС свайго друкаванага органа. Тым больш, што нелегальная газета сацыялiстаў Польскага каралеўства выдавалася ў мястэчку Лiпнiшкi цяперашняга Iўеўскага района.

Як гэта адбылося? У 1894 годзе, пасля 2 з’езду ППС, кiраўнiцтва партыi рашыла стварыць падпольную друкарню i наладзiць выпуск газеты «Работнiк». Выбар спынiлi на Лiпнiшках, мястэчку Вiленскай губернii, у якiм пераважала каталiцкае насельнiцтва. Тлумачылася гэта мэтамi бяспекi i канспiрацыi, што ўлiчвалi ў сваёй рабоце i бальшавiкi. Няпроста было тады вырашыць праблемы з набыццём шрыфтаў i друкарскай машыны, паперы, экспедыравання. Палiграфiчнае абсталяванне купiлi ў Лондане i ў маi праз Каралевец (зараз Калiнiнград) адправiлi па месцу прызначэння.

Для прыкрыцця задуманай справы ў Лiпнiшках адкрылi аптэчку, якую ўзначалiў Казiмеж Парнеўскi. У нанятым iм доме жыў i працаваў наборшчык Уладзiслаў Главацкi. Першы нумар «Работнiка» выйшаў 12 лiпеня на 10 старонках. Фармат выдання 22 на 14 см., тыраж 1200 асобнiкаў. Датай выхаду газеты названы чэрвень 1894 года, месцам друкавання – Варшава. Як бачым, апошнiя дзве iнфармацыi былi непраўдзiвыя. Выдаўцы, вiдаць, пайшлi на гэта для дэзарыентацыi царскай ахранкi.

У першым нумары «Работнiка» былi змешчаны перадавы артыкул, хронiка i iнфармацыя з розных рэгiёнаў. У лiпенi пабачыў свет i другi нумар газеты, трэцi – у жнiўнi, а наступны – толькi 27 кастрычнiка. Тлумачылася гэта арыштамi ў партыi. Прыблiзна праз месяц выйшаў «Работнiк» №5.

Пры такой перыядычнасцi наборшчык не меў шмат работы. А па канспiратыўных меркаваннях Уладзi-слаў не пакiдаў мястэчка. У такiх умовах пан Главацкi пайшоў на флiрт з кухаркай Парнеўскiх. Тая ж, пераканаўшыся, што Уладзiк не спяшае з ёю ажанiцца, стала ўсё часцей гаварыць яму пра забароненую справу палiграфiста. На ўсё магла рашыцца ў такiм стане маладая жанчына. Вось чаму партыйнае кiраўнiцтва пастанавiла вывезцi з Лiпнiшак друкарню ў iншае месца. Шосты нумар «Работнiка» выйшаў яшчэ ў мястэчку напярэдаднi калядных свят. У iм паведамлялася пра перапынак у выданнi газеты i змяшчалася абяцанне наладзiць неўзабаве яе штодзённы выпуск.

А як жа з каханнем маладых людзей, якое яўна дало трэшчыну? На кухарку аказалi ўцiск i завезлi яе ў Чанстахова на споведзь. У кнiзе падкрэслена, што ксёндз наказаў жанчыне захоўваць тайну. Быў намер нават вывезцi яе ў Англiю. Ды гэта не гарантавала захавання сакрэтаў аб лiпнiшкаўскай падпольнай друкарнi. Урэшце рэшт угаварылi наборшчыка стрымаць сваё слова наконт жанiцьбы. Пасля шлюбу маладыя пераехалi ў цэнтральную Расiю. А «Работнiк» праз пэўны час стаў выдавацца на ўскраiне Вiльнi.

Пра колiшнюю друкарню i былую апеку над Лiпнiшкамi Юзафа Пiлсудскага, аднаго са стваральнiкаў ППС i слыннага кiраўнiка Польшчы, i сёння прыгадваюць старэйшыя жыхары мястэчка. Ад пакалення да пакалення перадаюцца звязаныя з даўнейшымi фактамi расказы. I сёння ў Лiпнiшках стаiць пабудаваная напярэдаднi Другой сусветнай вайны школа, якую старажылы называюць школай Пiлсудкага.

Аляксандр ЖалкоЎскi

Назад