Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Фестываль

Паход у сярэднявечча

Каля 150 рыцараў з дзевяцi краiнаў Еўропы: Лiтвы, Латвii, Эстонii, Польшчы, Чэхii, Украiны, Расii, Нямеччыны i Беларусi, якiя прадстаўлялi 65 клубаў, узялi ўдзел у Другiм Сярэднявечным фэсце «Наваградзкi замак». Горад Навагрудак у мiнулыя выхадныя ператварыўся ў сапраўдную сталiцу сярэднявечнай культуры. Цiкаўнасць жыхароў Беларусi да мiнулага, як высветлiлася, неверагодная. Толькi зладзiць сапраўднае сярэднявечнае дзейства, каб магчыма было ўявiць часы рыцарства на нашых землях, далёка не проста.

Усе мы паходзiм з мiнулага i жывая цiкаўнасць да таго якiмi раней былi нашы продкi жыве напэўна ў кожным чалавеку. У мiнулыя выхадныя па цэнтральнай плошчы Навагрудка свабодна гулялi людзi ў рыцарскiх даспехах з мячамi, панны ў доўгiх прыгожых сукенках, дзецi ў воўчых скурах. На iх глядзелi з непадробнай цiкаўнасцю, фатаграфавалi. Рыцарскiя традыцыi вабяць нас, паколькi сведчаць аб сапраўднай вялiкай культуры. Не мiнулi яны i нашых беларускiх зямель. Кожны школьнiк зараз ведае пра караля Мiндоўга, якi каранаваўся ў Навагрудку 750 гадоў таму, пра Вялiкае Княства Лiтоўскае, пра тое, што першая ягоная сталiца была ў Навагрудку, што гэта i была наша беларуская дзяржава з бела-чырвона-белым сцягам i гербам Пагоня. Менавiта ў гонар Караля Мiндоўга i быў названы рыцарскi турнiр у межах «Наваградзкага замка».

Арганiзатары фэсту прыдумалi нядрэнную праграму з тым, каб наблiзiць сучаснага гледача да падзей сярэднявечча: турнiр караля Мiндоўга, сярэднявечны кiрмаш, паказальныя выступы рыцарскiх клубаў, стралковыя i кiдковыя турнiры, тэатралiзаваная сцэна «Каранацыя Мiндоўга», танцавальны вечар, iнсцэнiроўка бiтвы 1394 года... Дзеяннi адбывалiся на цэнтральнай плошчы горада i на замчышчы. Жадаючых усё гэта ўбачыць было больш, чым магла змясцiць Замкавая гара. I калi яшчэ можна было здалёк пабачыць, як змагаюцца рыцары, то пачуць як iх прадстаўляюць i наогул, што кажуць у мiкрафоны вядучыя, маглi толькi тыя, хто знаходзiўся побач. Красамоўнае дзейства не для ўсiх гледачоў было зразумелым. На жаль, арганiзатары, маючы вопыт з 2000 года, калi падобны турнiр ужо адбываўся ў Навагрудку, не ўлiчылi гэтай памылкi. Гледачы былi пазбаўлены якой кольвек гукавой iнфармацыi. Як заўважыў адзiн мой знаёмы – гук павiнен быў быць такiм, каб кожны навагрудчанiн каля сваёй хаты мог пачуць, што рыцар Вялiкага княства зараз будзе змагацца з крыжацкiм ваяром. На жаль...

Адным з самых цiкавых вiдовiшчаў была iнсцэнiроўка бiтвы 1394 года. У ёй бралi ўдзел практычна ўсе рыцары. Крыжацкая кронiка сведчыць «5.1.1394 г. ордэнскi Маршал Werner fon Tottingon рушыў з ордэнскiм войскам i гасцямi (рыцарамi з Англii, Францыi i Нямеччыны) па Нёмане на Лiтву. У месце злiцця Вяльлi з Нёманам разьдзялiў сiлы на тры часткi. Першую павёў на Наваградак, другая накiравалася на Лiду, а трэцяя – на Мерач. Багата набралi палону, учынiлi вялiкi рабунак, застаючыся ў зямлi 15 начэй. Мелiся iсцi яшчэ на Салечнiкi, але не здолелi з-за надвор’я. Паход скончылi 11 лютага 1394 года». Для стварэння больш непасрэднай атмасферы на Замкавай гары ўзвялi часовыя драўляныя замкавыя канструкцыi. Па iх пад час штурма палiла рэканструяваная сярэднявечная артылерыя. Бой сапраўды выглядаў вiдовiшчным. Гул i звон ад мячоў па-сапраўднаму напружваў. Падчас здавалася, што гэта не iнсцэнiроўка, а сапраўдная бiтва, бо ламалiся мячы, рыцары падалi на зямлю i з цяжкасцю падымалiся. Уявiце, што ў некаторых адна толькi кальчуга важыць да 15 кiлаграмаў. Шкада толькi, што не ўсе здолелi гэта пабачыць. Жадаючых было столькi, што iх не змясцiла Замкавая гара.

Самым даступным на фэсце, напэўна, быў канцэрт сярэднявечнай музыкi. Сапраўды калектывы з Лiтвы, Расii, Польшчы, Чэхii, Латвii, Эстонii, Беларусi маглi задаволiць густ любога слухача. Плошча падчас канцэрта ператварылася ў танцавальную пляцоўку. Прычым, пад сярэднявечную музыку людзi старалiся танцаваць сярэднявечныя танцы. Не ва ўсiх, праўда, атрымлiвалася, але было вельмi вясёла.

Скульптура з пяску караля Мiндоўга ў два метры вышынёй, на жаль, таксама не вельмi ўдалася. Пайшоў дождж. Кароль павiнен быў сядзець на троне, але ўжо цяжка было адрознiць як i на чым ён сядзiць. Студэнты, якiя прыкладвалi намаганнi, каб паправiць сiтуацыю выглядалi змучанымi i не вельмi задаволенымi. Тым не менш што ў абодва Навагрудскiя музеi цяжка прабiцца. Домiк Адама Мiцкевiча абселi з усiх бакоў. У гiстарычным музеi наогул падчас не прайсцi. Вiдавочна, што тыя, хто ўпершыню наведаў Навагрудак, хацелi пазнаёмiцца з ягонай гiсторыяй.

Не пакiдалi без увагi i народных майстроў. Кожнаму цiкава пабачыць, як плятуць з саломы карзiны, як ткуць i прадуць, як умела ганчар круцiць сваё кола, як куе каваль, нешта цiкаўнае з дрэва робiць цясляр. Усё гэта проста, на тваiх вачах, да ўсяго, прыгожа i здаецца хутка.

Менш прыемней было глядзець на тое, як людзi стаяць у чэргах да прыбiральняў. Гэта вечная беларуская праблема. I калi толькi мы справiмся з ёю? Замежны турыст, патрапiўшы ў падобную прыбiральню, як на Замкавай гары, напэўна, падумаў, што iх спецыяльна зрабiлi такiмi, як у часы сярэднявечча – настолькi нiчога не змянiлася з тых часоў у гэтым сэнсе.

Дзiўна, што ў шматлiкiх выяздных кавярнях наогул няма беларускiх страваў. Спросцiлiся мы толькi да стаўшых цяпер традыцыйных шашлыкоў. Нават звычайнай бульбы з гарачага чыгунка нiдзе не прадаюць. А што можа быць прасцей i традыцыйней. На жаль, сэрвiс такi не ў адным Навагрудку, падобнае можна пабачыць на любым масавым мерапрыемстве ў Беларусi.

Навагрудак цяпер толькi раённы цэнтр з вымашчанай некалькi гадоў таму плошчай, некалькi касцёльчыкаў i царква, домiк-музей Адама Мiцкевiча. Аб тым, што гэта была сталiца, нагадваюць толькi рэшткi старажытнага сярэднявечнага замка. Яны сапраўды ўражваюць i застаўляюць задумацца над тым, што гэта быў за замак у сярэднявеччы. Напэўна такiм, што адпавядала еўрапейскаму ўзроўню.

Шкада, што мы пакуль не можам наладзiць свята, якое таксама магло б адпавядаць еўрапейскаму ўзроўню. Адчуваецца, што на гэта павiнна сур’ёзна звярнуць увагу дзяржава, бо наша гiсторыя гэта якраз i ёсць тое, што аб’ядноўвае кожнага беларуса, кожнага жыхара нашай краiны. Гiсторыя была адна, толькi тая, якая была. I належыць яна кожнаму з нас i ўсяму народу. Дык цi трэба яе губляць?

М. КАРНЕВIЧ

Фото www.irex.minsk.by; И.Войшниса

Назад