Вакно ў эстраду
У 10 раз у Гродне адбыўся фестываль «Песня над Нёманам». Перамога ў iм засталася за выпускнiцай музыкальна-педагагiчнага каледжа Вестай Каменевай.
Пераможца спадзяецца, што гэтая пабеда дапаможа ёй дасягнуць блiжэйшай мэты – паступiць у Мiнскi iнстытут культуры. Улiчваючы тое, што фестываль у гэтым годзе адзначае юбiлей, асаблiва непрыемна было бачыць амаль пустую залу.
Гэты фестываль для маладых спевакоў з’яўляецца важнай ступенькай на шляху да прызнання. Ступенькай, як вiдаць, не малой вышынi. Конкурс – своеасаблiвая дзверца ў вялiкую эстраду. Удзельнiкам i пераможцам фестывалю ў мiнулыя гады даводзiлася паказаць сябе на ўсю Беларусь i не толькi. Пераможцамi мiнулых фестываляў «Песня над Нёманам» былi i знакамiты Аляксандр Звяровiч, заснавальнiк студыi «Гродна», i спявачка Алена Багдановiч, i iнш. Лепшых выканальнiкаў выбiрала журы, у склад якога ўваходзiлi як прадстаўнiкi гарадской улады – I. I. Клiменка, так i прафесiяналы – салiстка Дзяржаўнага аркестра пад кiраўнiцтвам М. Фiнберга Таццяна Глазунова.
Удзельнiкi конкурсу выконвалi песнi з рэпертуару беларускiх i замежных зорак, народныя песнi ў своеасаблiвай апрацоўцы. Здзiвiлi нечаканыя падчас фестывалю... рэкламныя паўзы, iнфармацыя аб спонсарах. Можа гэта i добра. Але зала была напалову пустая. I калi ўжо гаварыць аб рэкламе, то чаму б не правесцi яе перад пачаткам фестывалю. Акрамя навучэнцаў i настаўнiкаў музыкальных устаноў, прыйшоўшых падтрымаць «сваiх», амаль нiкога больш i не было. I напэўна не таму, што такiмi мерапрыемствамi нiхто не цiкавiцца. А проста, акрамя невялiчкай афiшы на ДК «Хiмiкаў», амаль нiдзе i не сустракалася iнфармацыя аб юбiлейным (!), 10-м фестывалi «Песня над Нёманам».
Алена СТАСЮКЕВIЧ
|