Дата
Беларус, які хваляваўся за ўсіх
... У мяне стварылася ўражанне, што некаторыя нашыя ўплывовыя правадыры дагэтуль кiруюцца прынцыпам: утрымлiваць, не адпускаць, не дазваляць, падазраваць i нiчога не змяняць. 14 лiпеня спаўняецца 10 год з дня смерцi вядомага беларускага пiсьменнiка i савецкага дысiдэнта, нашага земляка, Аляксея Нiчыпаравiча Карпюка. Гэты чалавек асаблiва мне блiзкi, бо ў свой час ён пэўным чынам паўплываў на мой лёс.
Беларускi пiсьменнiк – за правы нацменшасцi
Упершыню я сутыкнуўся з прозвiшчам Аляксея Нiчыпаравiча Карпюка, калi служыў ва Уладзiвастоку ў 1987 годзе. Ён даслаў мне лiст. Гэта была рэакцыя на мой артыкул, якi не апублiкавалi ў газеце «Гродзенская праўда». Я пiсаў пра сiтуацыю з польскай нацыянальнай меншасцю на Гродзеншчыне, у прыватнасцi, пра вывучэнне польскай мовы i навучанне на ёй. Хоць артыкул не надрукавалi, але яго далi пачытаць Карпюку. У сваiм пiсьме Аляксей Нiчыпаравiч прасiў даслаць адрасы палякаў, якiя таксама змагаюцца за навучанне на роднай мове. На жаль, тады я такiх людзей у Гродне не ведаў.
У восень таго ж года мне ўдалося перавесцiся на службу ў Гродна. Памятаючы пра запрашэнне Карпюка наведаць яго, калi прыеду ў родны горад, я прыйшоў да яго на працу, у дом-музей Элiзы Ажэшкi. Нягледзячы на актыўныя пошукi, Карпюк гэтак i не знайшоў палякаў, якiх можна было б уцягнуць у польскую адраджэнскую дзейнасць. Таму ён вельмi ўзрушыўся, калi я прыйшоў. Я адразу адчуў, што Аляксей Нiчыпаравiч пранiкся да мяне даверам, хоць на мне была форма пагранвойскаў, якiя падначальвалiся КДБ. Напэўна, ён вырашыў, што разам з аднадумцам у асобе маладога падпалкоўнiка яму будзе прасцей працаваць над вырашэннем польскага пытання.
Карпюк, беларус, не хацеў мiрыцца з тым, што палякi пазбаўлены права навучацца на роднай мове, не маюць сваёй газеты i грамадскай арганiзацыi, якая баранiла б iх нацыянальныя iнтарэсы. На жаль, нiхто з палякаў тады не ўзнiмаў такiх пытанняў. Карпюк пачаў змагацца за правы польскай нацменшасцi, у тым лiку, за правы мае i маiх дзяцей. Ён спрабаваў выкарыстаць перыяд перабудовы, калi паслабiўся iдэалагiчны цiск. Карпюк паказаў мне пiсьмо па польскiм пытаннi, якое ў красавiку 1987 года ён выслаў да М. Гарбачова. Прачытаўшы, я зразумеў, што гэта праблема хвалявала Аляксея Нiчыпаравiча не год i не два, а гадоў дваццаць, можа i болей. Я не ведаю, цi бачыў гэты лiст Гарбачоў, але ў ЦК КПСС яго пераадрасавалi ў Гродна – для высвятлення акалiчнасцяў. Адказ на лiст Карпюк атрымаў па тэлефоне ад намеснiка загадчыка iдэалагiчнага аддзела абкама партыi Д. Аляшкевiча. Ён паведамiў, што праблемы, аб якой Карпюк напiсаў генеральнаму сакратару, не iснуе, паколькi палякi нiколi не звярталiся да ўладаў з просьбай наладзiць навучанне сваiх дзяцей на роднай мове.
Чаму тонуць параходы
У снежнi 1987 года абураны Карпюк пiша наступны лiст да Гарбачова, у якiм сiтуацыю с польскiм пытаннем у СССР параўноўвае з затанулым параходам «Адмiрал Нахiмаў». «Гэты параход затануў не толькi з-за недагляду капiтанаў, – пiша А. Карпюк. – А перад усiм з-за таго, што быў састарэлым. Таму няма нiчога дзiўнага ў тым, што палякi не звяртаюцца да ўладаў за дапамогай. Пытанне ў тым, што самi ўлады нiколi не цiкавiлiся праблемамi нацменшасцяў. На жаль, сённяшняе грамадства пакуль не здолела пазбавiцца страху пераследаў за iншадумства»...
10 жнiўня 1988 года ў канферэнц-зале Гродзенскага унiверсiтэта адбыўся ўстаноўчы сход Польскага культурна-асветнiцкага таварыства. Хоць сабралася многа людзей, адчувалася нейкая скаванасць. Толькi пасля блiскучага выступа А.Карпюка палякi пачалi адкрыта гаварыць пра набалелае, заклiкаючы прысутных патрабаваць ад уладаў прытрымлiвання правоў, дэклараваных савецкiм заканадаўствам.
Напрыканцы жнiўня па запрашэннi аддзела культуры Гродзенскага аблвыканкама ў Гродна прыехала польская пiсьменнiца Барбара Ваховiч. У праграму яе вiзiту адмыслова не ўключылi сустрэчу з мясцовымi палякамi. Абураны Карпюк парушыў план i наладзiў мерапрыемства.
Мы заўсёды сустракалiся з Аляксеем Нiчыпаравiчам у ягоным кабiнеце. Калi трэба было пагаварыць пра штосьцi надзвычай важнае, ён здымаў трубку тэлефона, клаў яе на стол i прапаноўваў выйсцi на ганак. Калi мы, размаўляючы, безлiч разоў абыходзiлi вакол будынку музея, за намi са здзiўленнем назiралi супрацоўнiцы. Напэўна, яны не маглi зразумець, што агульнага можа быць памiж афiцэрам пагранвойскаў i паважаным у краiне пiсьменнiкам.
Аднойчы Карпюк прапанаваў паразмаўляць з адным ксяндзом у гродзенскiм раёне наконт агiтацыйнай працы па выкладанню польскай мовы ў школах. Менавiта ў той дзень, калi мы вырашылi паехаць, мяне нечакана прызначылi на службу. Пасля сустрэчы з ксяндзом Карпюк пазванiў мне i вымавiў усяго некалькi слоў: «Слабы ён. Нiчога з яго не будзе»...
Дзеля легалiзацыi таварыства ў вачах польскiх уладаў, Карпюк сустрэўся з генералам Абедзiнскiм, польскiм консулам у Мiнску, сябрам В.Ярузэльскага. На пачатку верасня ў хаце маiх бацькоў у вёсцы Ласосна зазванiў тэлефон. Я адказаў, як звычайна: «Падпалкоўнiк Гавiн слухае». У трубцы адказалi: «Czolem towarzyszu pоlkowniku z tej strony general broni Obiеdzinski (Здравия желаю, товарищ полковник, вас беспокоит генерал-полковник Абединский)»... З гэтага моманту распачалiся мае афiцыйныя кантакты з прадстаўнiкамi польскiх уладаў, блiскуча арганiзаваныя А.Карпюком.
Праўда, пасля сустрэчы з генеральным консулам вайсковае кiраўнiцтва абвесцiла мне строгую вымову за так званы несанкцыянаваны кантакт з замежнiкам. Праз паўгады мне забаранiлi працаваць з асаблiва важнымi i зусiм сакрэтнымi дакументамi, пазбавiўшы права выконваць мой прафесiйны абавязак. I гэта нягледзячы на тое, што мы з генерал-палкоўнiкам Абедзiнскiм былi вайскоўцамi краiн-удзельнiц Варшаўскай дамовы. На паперы – саюзнiкi, а на самой справе...
У 1989-1990 гадах я мала кантактаваў з Аляксеем Нiчыпаравiчам. Ён лiчыў, што зрабiў усё магчымае для легалiзацыi нашай адраджэнскай дзейнасцi, i назiраў, цi даюць палякi рады ў змаганнi з уладамi за свае правы. Аднак перад устаноўчым з’ездам Саюза палякаў у 1990 годзе, на якiм павiнны былi абраць новае кiраўнiцтва, я зноў не раз раiўся з Аляксеем Нiчыпаравiчам, як дзейнiчаць. Ён заўсёды адказваў аднолькава: «Кiраваць саюзам». Якраз тады камандаванне Заходняй пагранiчнай акругi паставiла мне ўмову: калi я кiну грамадскую дзейнасць, дык атрымаю магчымасць працягваць вайсковую кар’еру. Мне падалося, што я магу адыйсцi ад польскiх спраў: працэс пайшоў, i не так важна, хто будзе iм кiраваць. Ведаючы пазiцыю Карпюка i адчуваючы вялiкую адказнасць за польскую справу, я зрабiў выбар на карысць апошняй. Заставаўся польскiм грамадскiм дзеячам i адначасова афiцэрам-памежнiкам, начальнiкам сувязi гродзенскага памежнага атрада. Гэты выбар паставiў кропку ў маёй вайсковай кар’еры. Праз год мяне звольнiлi са службы ў прымусовым парадку. Мне было 40. Цiкава тое, што я дзейнiчаў на карысць польскай справы выключна ў рамках савецкiх законаў. Прычым, законы гэтыя гарантавалi нам тое, за што мы змагалiся. Савецкая дзяржава не толькi знiшчыла маю вайсковую кар’еру, а i пазбавiла мяне поўнай пенсii па выслузе гадоў. Праз некалькi дзён пасля звальнення я спаткаўся з Карпюком, якi заўсёды раiў мне спалучаць службу ў армii i грамадскую дзейнасць. Першы раз ён маўчаў...
Настаўленне тутэйшага
У 1991-1992 гадах Карпюк шмат хварэў, аднак мы перыядычна сустракалiся. На пачатку лiпеня 1992 года Аляксей Нiчыпаравiч пачуўся вельмi кепска, i я наведаў яго дома. Гэты цяжка хворы чалавек паводзiў сябе настолькi нязмушана, быццам бы нiчога не здарылася. Праз некалькi дзён пасля нашай сустрэчы патэлефанавала яго жонка, якая нiколi гэтага не рабiла. Я адразу зразумеў, што здарылася самае страшнае. Беларусь згубiла аднаго з лепшых сыноў, а тутэйшыя палякi – свайго лепшага сябра. Усё жыццё Карпюк змагаўся за Бацькаўшчыну, каб зрабiць яе незалежнай, суверэннай, еўрапейскай. За Беларусь, у якой усiм нам, людзям розных нацыянальнасцяў, жылося б аднолькава ўтульна. Калiсьцi я запытаў Карпюка, чаму ён дапамагае менавiта палякам. Ён адказаў: «Можа, калi вы пачнеце вывучаць сваю родную мову, будзеце мець польскiя школы, тады i беларусы, нарэшце, пачнуць змагацца за свае правы».
Падчас пахавання Аляксея Карпюка ў алеi заслужаных на гродзенскiх могiлках я вельмi перажываў. Увесь гэты час думаў, чым магу аддзячыць за ўсё, што ён зрабiў для нас. У рэшце рэшт стаў на каленi i на сваёй роднай польскай мове памалiўся за супакой ягонай душы.
Ён памер, гэтак i не дачакаўшыся, каб здзейснiлася тое, аб чым ён прасiў у сваiм пiсьме М.Гарбачова. Пройдзе чатыры гады пасля смерцi Аляксея Нiчыпаравiча, i для польскiх дзетак адчынiць свае дзверы польская школа ў Гродне. Яшчэ праз тры гады пачне працаваць польская школа ў Ваўкавыску. Не ведаю, якiмi былi б нашы поспехi на нiве польскага адраджэння, калi б не было Карпюка. Вiдавочна адно: без яго дапамогi i высокага маральнага аўтарытэта вырашыць усе тыя пытаннi, якiя нам удалося вырашыць, было б куды больш складана.
Тадэвуш ГАВIН
|