У вынiку стыхii, што бушавала над горадам у чацвер 11 лiпеня, некалькi дамоў у прыватным сектары па вулiцы Суворава былi затоплены. Спачатку залiло падвалы, а памiж 7 i 8 гадзiнамi вечара вада палiлася з шчылiнаў памiж палавiцамi. Узровень вады паступова падымаўся. У некаторых дамах, размешчаных асаблiва няўдала, ён дасягнуў вокнаў. Дзесьцi а палове дзевятай на месца прыехалi «эмчээсаўскiя» машыны.
Залiвае iх ужо не першы раз. Два такiя патопы гэты раён зведаў у мiнулым годзе, яшчэ адзiн – у 1997. Справа ў тым, што сiстэма каналiзацыi тут абсалютна не адпавядае патрэбам мясцовасцi. Гэта вам падрабязна патлумачыць кожны з мясцовых, якiя ўжо сабаку з’елi на каналiзацыйнай камунiкацыi i не горш за прафесiяналаў ведаюць, што тут да чаго. Нават i лепш за прафесiяналаў, бо з абурэннем узгадваюць, як «ратаўнiкi», што прыязджалi да iх, разводзiлi рукамi i, пазычаючы рыдлёўкi ў самiх жыхароў, пыталiся: «Што рабiць?»
Дамы, якiя пастаянна залiвае, ледзь толькi пойдзе трохi мацнейшы дождж, стаяць у нiзiне. Акурат каля iх праходзiць шаша. Непадалёку, на вышэйшым месцы, знаходзiцца iншы раён з неафiцыйнай назвай «Палестына». Палестына ўласнай лiўнёўкi не мае i ўсе яе дажджавыя воды ствараюць непасiльную нагрузку на «сувораўскiя» камунiкацыi. Камунiкацыi – гэта труба, зробленая ў лепшых савецкiх традыцыях: у самой нiзiне яна занадта вузкая, затое далей – шырокая. Так жыхарам сказалi майстры, якiя аднойчы прыязджалi чысцiць лiўнёўку. Калектар увесь час забiваецца розным смеццем, i дажджавая плынь з Палестыны пры ўсiм жаданнi не можа зысцi праз трубу. Яна ўпiраецца ў тупiк, i адзiны шлях для яе – шчодрай хваляй рынуцца ў дамы i агароды па вулiцы Суворава. Тут яна сустракаецца з iншай плынню: з таксама неслабой колькасцю вады, што цячэ з шашы.
Жыхары неаднойчы пiсалi звароты ў розныя iнстанцыi, але, як паказаў апошнi выпадак, дарма трацiлi паперу. «Прыязджалi з вадаканала, нешта зрабiлi, сказалi – будзе працаваць, i зноў усё паўтараецца. I так заўсёды: прыедуць, трохi пачысцяць i паедуць, а нам, як пойдзе дождж, хоць з дому збягай», – скардзяцца людзi. На дапамогу чыноўнiкаў яны ўжо не спадзяюцца. Усе службы звальваюць адказнасць адна на адну. ДЭУ на вадаканал, вадаканал на ЖЭС, ЖЭС таксама адхрышчваецца...» На халеру такая ўлада, якая нiчога не можа», – кажуць «сувораўцы». Гарадскому начальству ў гэтыя днi, вiдаць, добра iкалася. Людзi крылi iх на чым свет стаiць i праяўлялi ў гэтым рэдкае адзiнадушша.
Ранак наступнага дня, пятнiцы, быў светлым i ясным... Заходжу на адзiн з двароў па вул. Суворава. На лавачцы сядзяць дзве жанчыны: адна маладая, другая пенсiйнага ўзросту. Заходжу, называю сябе... i ўнутрана пачынаю адчуваць страшэнную няёмкасць. Пажылая жанчына глядзiць на мяне так, быццам газета – яе апошняя надзея на справядлiвасць: «Напiшыце, калi ласка, напiшыце. Я хворы чалавек... Вось сёння прыехала дахаты, села i сяджу, не ведаю, за што брацца. Хочацца легчы ў ваду, акунуцца i падохнуць».
Аглядаюся навокал: дзверы i вокны расчынены, як i ва ўсiх сёння ў гэтым раёне: сушацца шпалеры i падлога. На двары раскладзены мокрыя дываны. Сонца пячэ iх, i па двары разыходзiцца характэрны каналiзацыйны пах. «А пра агарод i гаварыць няма чаго,– скардзiцца пенсiянерка. – Я вас нават i яблычкам пачаставаць не магу. Тыя, што на зямлi – усе залiты каналiзацыяй, а ў агарод ступiш – правальваешся». Сапраўды, зямля ператварылася ў дрыгву. Станеш – i ногi засмоктвае, як у твань.
Жанчыны эмацыйна пачынаюць распавядаць. Па iх словах, хоць залiвае iх ужо даўно, дабiцца дапамогi немагчыма: «Хадзiлi тут начальнiкi. Ды хiба даб’ешся, каб хто з iх хоць прадставiўся? Пахадзiлi i паехалi. Ездзяць з тэлефончыкамi...»
Дарэчы, скаргi на няветлiвасць чыноўнiкаў нам давялося пачуць яшчэ не раз. Аляксандра Георгiеўна Зароўская сцвярджае: «Чынушы паводзяць сябе вельмi пагардлiва, высакамерна. Хадзiў тут адзiн iнжынер, дык ён нават не прадставiўся... Прыслалi спецыялiста, якi быў настолькi крануты нашымi праблемамi, што размаўляць не захацеў. Праўда, потым усё ж працадзiў скрозь зубы, што чакаюць камiсiю».
«Начальства нават не зайшло i не паглядзела, што тут робiцца. Пляваць iм на гэта»,– кажа Герасiмаў Валерый. У яго хаце вада дабралася да верхняй палiцы халадзiльнiка, дзе стаяў суп. Як кажуць, што было, тое сплыло: i суп, i запасы крупаў, i электрапрыборы, i мэбля... У мокрай наскрозь хаце жыць немагчыма. Валерый распавядае далей: «У мiнулым годзе, калi здарыўся патоп, па гродзенскiм радыё перадалi, што мне, быццам, прапаноўвалi кватэру, а я адмовiўся. Насамрэч жа мне прапанавалi субсiдыю i ўчастак дзесьцi ў Паўднёвым. Але якi сэнс мне пераязджаць з гораду ў пасёлак?»
У чацвер вечарам 14 пацярпелых павезлi ў гасцiнiцу начаваць. Але i тут, як заўсёды ў нас: цi недабор, цi перабор. Жанчыны распавядаюць пра сваю суседку: «Яна стаiць па пояс у вадзе, крычыць «дайце дзверы зачынiць». А яны iх душаць, у аўтобус пiхаюць, маўляў, едзьце ў гасцiнiцу».
Ранкам у пятнiцу клопатаў у жыхароў было, як нiколi: перасцiлалi падлогi, адкачвалi ваду з падвалаў, падлiчвалi страты. На страхоўку ўжо даўно махнулi рукой, гэтак жа, як i на дапамогу ўладаў.
Людзi сцвярджаюць, што яны выклiкалi нават тэлебачанне, толькi яно не прыехала. А варта было. Бо ўсе нашы апiсаннi – «с живой картины список бледный». Але навошта ўсiм ведаць, што пры нашых неверагодных тэмпах эканамiчнага росту людзям не могуць ужо каторы год зрабiць нармальную каналiзацыю. Спадарыня Зароўская правяла мяне да таго вадасцёку, якi ўчора, дзякуючы дажджу, нарабiў бяды. «Гэта ж трэба, у пачатку 21 стагоддзя, у горадзе – i адкрытая каналiзацыя», – абураецца Аляксандра Георгiеўна.
Бяздушша нашых чыноўнiкаў стала ўжо прытчай ва языцах. Колькi год працягваюцца блуканнi па пакутах гэтых людзей i, вiдаць, яшчэ будуць працягвацца. На абяцаную камiсiю надзеi няма. Летась таксама прыязджала камiсiя. Паглядзелi i сказалi, што, пакуль не зробяць нармальную каналiзацыю, будзе залiваць. Не зрабiлi. Народ краем вуха ўхапiў словы Кунаша А.С., намеснiка старшынi Гродзенскага гарвыканкама, якi знаходзiўся тут жа i аддаваў загад падначаленым: «Прыбраць тут усё i з найменшымi затратамi». Сп. Кунаш стаяў непадалёку ў атачэннi людзей з разумнымi тварамi. Але як толькi я памкнулася задаць яму «пару пытанняў» i высветлiць, цi насамрэч ён аддаў такi загад, ён па ўсiх правiлах барацьбы з журналiстамi недзяржаўных СМI адшыў мяне: «Вы ж бачыце, што я займаюся выратаваннем людзей, а вы так беспардонна лезеце. Я даў 28 iнтэрв’ю, i мне ўвесь час перашкаджаюць займацца сваiмi абавязкамi». I гэтая кампанiя раптам кудысьцi заспяшалася. Гледзячы на iх блiшчастыя пяткi, я шкадавала, што, напэўна, нiхто не даведаецца, што гэта за «найменшыя затраты» i цi сапраўды нашы чыноўнiкi так кепска працуюць таму, што раздаюць увесь час iнтэрв’ю. Дарэчы, словы сп. Кунаша былi перададзены «сувораўцам», i па iх рэакцыi было зразумела, што яго выратавальных высiлкаў народ на сабе не адчуў.
Што такое бюракратыя, нельга зразумець, не прайшоўшы самому скрозь гэты механiзм. Наш журналiст паспрабаваў улезцi ў скуру хадака па iнстанцыях i высветлiць, як усё ж будзе вырашана гэта сiтуацыя. Занятак не для людзей са слабымi нервамi. Адказ сп. Кунаша вы ўжо ведаеце. У ЖЭСе №7 нам сказалi, што прыватны сектар да iх не адносiцца, i параiлi звярнуцца ў «ОУПП ГГЖКХ». Там намеснiк гендырэктара Андрэеў А. В. запатрабаваў запыт у пiсьмовым выглядзе, каб пазбегнуць непаразуменняў...
Як бы засадзiць у гэту скуру самiх бюракратаў, каб яны на сабе адчулi ўласныя прыёмы.
Людмiла ЯКШУК
P. S. Пiсьмовы запыт мы ўсё ж адправiлi. Аб тым, што паабяцаюць у гэтым годзе жыхарам вулiцы Суворава гарадскiя ўлады, – мы паведамiм у наступных нумарах. Адразу, як толькi атрымаем адказ з «ОУПП ГГЖКХ». А самi жыхары пакуль што маюць iншы занятак: яны пачынаюць рабiць на сваiх участках бардзюры з зямлi i камення для абароны ад наступных затапленняў. «Спасение утопающих – дело рук самих утопающих».
I яшчэ. Разбуральную сiлу стыхii зведалi на сабе не толькi жыхары вул. Суворава. Жылыя дамы былi падтоплены на чатырох гродзенскiх вулiцах i Азёрскай шашы. А на вул. Аксёнавай на ўчастку каля 20 метраў вада падмыла грунт i асфальтавую дарогу. Страшна падумаць, колькi яшчэ людзей вымушаны будуць заняцца доўгатэрмiновым абiваннем парогаў розных дзяржаўных устаноў.