Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 237 от 29.08.2002  

Свабода слова ў Беларусі

Маркевічам "узмацнілі" Магілёўшчыну, а Мажэйкам - Гомельшчыну

Па-за межамi Гарадзенскай вобласцi будуць адбываць пакаранне журналiсты забароненай гарадзенскай газеты ПАГОНЯ. 29 жнiўня ў 18.00 ў Крымiнальна-выканаўчай iнспекцыi Кастрычнiцкага раёна Гароднi iм выдадзенае прадпiсанне з'явiцца на месцы адбыцця пакарання да 1 верасня: Паўлу Мажэйку - у Жлобiн Гомельскай вобласцi, Мiколе Маркевiчу - у Асiповiчы Магiлёўскай вобласцi.

Начальнiк Крымiнальна-выканаўчай iнпекцыi Вечаслаў Савiч выдаў журналiстам па 10 000 рублёў на квiткi i папярэдзiў, што калi яны не прыбудуць на месцы пакарання да 1 верасня, то будуць арыштаваныя. Павал Мажэйка i Мiкола Маркевiч плануюць выехаць з Гароднi ў суботу на 22.37 цягнiком "Гародня-Гомель".

Па словах Паўла Мажэйкi, падчас размовы з iм Вечаслаў Савiч паведамiў, што 99 % асуджаных гарадзенцаў адбываюць пакаранне на тэрыторыi Гарадзенскай вобласцi. Толькi ў выключных выпадках асуджаныя могуць быць скiраваныя па-за межы вобласцi. Аднак у Камiтэце выканання пакаранняў Мiнiстэрства Унутраных Справаў не ўлiчылi нават тое, што Мiкола Маркевiч мае 13-гадовую дачку, а гэта паводле закону дазваляла прыняць рашэнне аб адбыццi пакарання па месцы жыхарства.

- Яшчэ ў 15.00 29 жнiўня спадар Савiч прапанаваў мне атрымаць прадпiсанне аб накiраваннi мяне ў Зельвенскi, а Паўла - у Ашмянскi раёны Гарадзенскай вобласцi, - гаворыць Мiкола Маркевiч. - Аднак падчас падпiсання дакументаў раздаўся тэлефонны званок. Выслухаўшы таго, хто званiў, начальнiк iнспекцыi загадаў нам з'вiцца пазней, бо ў Менску вырашылi змянiць нам мейсца адбывання пакарання.

Алеся Сiдлярэвiч, www.pahonia.promedia.minsk.by

Назад