Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 237 от 29.08.2002  

Адукацыя

Школа пагранічча

Школа пагранiчча «Беларуска-польскае памежжа: гiсторыя, культура, мова» пачала працаваць 25 жнiўня ў Гродне.

Яе арганiзатары – Гродзенскi ўнiверсiтэт iмя Янкi Купалы, фонд «OPTA» Варшаўскага ўнiверсiтэта, а таксама кафедра беларускай культуры Беластоцкага ўнiверсiтэта. Падтрымку правядзенню гэтай сустрэчы аказвае Дзяржаўны Камiтэт памежных войск РБ.

Слухачы школы пагранiчча – каля сарака маладых навукоўцаў з Беларусi, Польшчы, Украiны i Лiтвы. Да 8 верасня яны будуць займацца ў Гродне, а затым на тыдзень перабяруцца ў Варшаву. На Гродзеншчыне гасцей зацiкавiў досвед лабараторыi рэгiянальнай культуры нашага ўнiверсiтэта. Пад кiраўнiцтвам гродзенскiх спецыялiстаў яны правядуць даследаваннi ў вёсках, што размешчаны паблiзу Аўгустоўскага канала: зоймуцца запiсам успамiнаў мясцовых жыхароў, вывучэннем моўнай i этнаканфесiйнай сiтуацыi на памежжы.

Урачыстае адкрыццё школы пагранiчча адбылося ў актавай зале Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Гасцей вiталi прадстаўнiкi абласной i гарадской выканаўчай улады. А затым з дакладамi выступiлi нашыя вядомыя навукоўцы, якiя глыбока ведаюць праблемы памежжа: прафесары Аляксей Мiхайлавiч Пяткевiч i Адам Восiпавiч Мальдзiс.

Вось асобныя моманты з выступу Аляксея Мiхайлавiча. Ён нагадаў пра выдатных прадстаўнiкоў культуры беларускага памежжа – Зоську Верас, Барыса Кiта, Янку Брыля, Ларысу Генiюш, Алеся Белакоза, Апанаса Цыхуна, Аляксандра Шыдлоўскага. На думку прафесара, жыхары Гродзеншчыны i сёння зьяўляюцца носьбiтамi глыбокiх пластоў традыцыйнай народнай культуры. Так званы «заходнiк» – асоба адносна высокага ўзроўню нацыянальна-патрыятычнай свядомасцi, здольная да ўспрымання ўсяго новага.

Адам Восiпавiч Мальдзiс лiчыць, што мы павiнны пашыраць у свеце iнфармацыю пра Беларусь. Найперш – пра нашую гiсторыю, пра Вялiкае Княства Лiтоўскае, якое было супольнай беларуска-лiтоўскай дзяржавай, – адной з самых буйных у тагачаснай Еўропе. Нельга забывацца i пра Полацкае, Тураўскае, Навагрудскае княствы, якiя былi высокацывiлiзаванымi дзяржавамi. Дзяржавамi, якiя стварылi беларусы. Нашае кнiгадрукаванне зьявiлася раней, чым у Расii. А самы прагрэсiўны для свайго часу звод законаў – Лiтоўскi Статут – быў напiсаны на старажытнай беларускай мове. Так што мы павiнны ганарыцца сваiмi продкамi...

Праца школы пагранiчча толькi пачалася. Але няма сумнення, што маладых навукоўцаў– гасцей Гродна – чакае яшчэ многа цiкавага, што iстотна пашырыць iх веды i ўяўленнi аб гiсторыi i культуры Беларусi.

Мiхаiл ВАСIЛЕВIЧ

Назад