Гродна
Яшчэ адзін прысуд
Паводле рашэння суддзi Ленiнскага раёна Гродна Дземчанкi ў мiнулую пятнiцу асуджаны на 10 сутак Дзмiтрый Iваноўскi – старшыня Руху дэмакратычных сiлаў «Гарадзенскi выбар». Аднак, у той самы дзень яго не памясцiлi ў камеру, паколькi ў спецпрыёмнiку-размеркавальнiку не было вольных месцаў. Адбываць пакаранне Д.Iваноўскi пачаў з панядзелка. У знак пратэсту на рашэнне суда ён аб’явiў галадоўку.
Д.Iваноўскага затрымалi 8 лiпеня з удзельнiкамi ланцуга неабыякавых людзей. Дзесяць чалавек трымалi партрэты Дзмiтрыя Завадскага. Мiлiцыя палiчыла, што яны наладзiлi несанкцыяваны пiкет. Спадара Iваноўскага судзiлi апошнiм з усих. Абвiнавачаны даводзiў, што дапамагаў мiлiцыянтам шукаць Д. Завадскага. Каля будынку мiлiцыi цэлы стэнд з фатаграфiямi тых, хто знiк. У iхных пошуках мiлiцыя якраз спадзяецца на дапамогу грамадзянаў.
Суддзя Дземчанка, аднак, вырашыў, што вiна Iваноўскага даказаная i што парушыў ён адмiнiстрацыйны кодэкс паўторна на працягу году. Летась яго пакаралi штрафам за выступ на тым месцы, дзе стаяў разбураны савецкай уладай касцёл.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|