«Польскамоўная публіцыстыка на Беларусі»
Семiнар для журналiстаў «Польскамоўная публiцыстыка на Беларусi» прайшоў 9-10 верасня ў Гродне. Яго на базе рэдакцыi газеты «Глос з-над Немна» арганiзавалi варшаўскi Фонд «Дабро лакальнэ», Iнстытут Польскi i Пасольства Рэспублiкi Польшча ў Беларусi.
Сярод удзельнiкаў семiнару былi журналiсты гродзенскiх друкаваных выданняў, у тым лiку нашай газеты. Польскi бок прадстаўлялi прэзiдэнт Фонду «Дабро лакальнэ» Славамiр Стальмах, Беата Яканюк-Вайцешак з першага канала Польскага ТБ, галоўны рэдактар гарадской газеты ў Голдапе Мiраслаў Слапiк ды iншыя.
Удзельнiкаў семiнару вiталi старшыня Саюза палякаў Беларусi Тадэвуш Кручкоўскi i выконваючы абавязкi Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Рэспублiкi Польшча ў Беларусi Марэк Буцько. Яны адзначылi важнасць такiх сустрэч. Гаварылi аб тым, што трэба развiваць кантакты памiж СМI i грамадскiмi арганiзацыямi Беларусi i Польшчы, пашыраць iнфармацыйную прастору.
На працягу двух дзен на семiнары iшла прафесiйная вучоба журналiстаў, абмен досведам працы ў рэдакцыях, аналiзавалiся тэндэнцыi ў сацыяльна-эканамiчным развiццi дзвюх краiн.
Петр ЮРЭВIЧ
|