Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 240 от 12.09.2002  

***

Апошнiя заявы А. Лукашэнкi ў Полацку, ягоныя абвiнавачаннi на адрас расiйскага кiраўнiцтва выклiкалi шырокi розгалас у Беларусi i Расii. Многiя гавораць пра спыненне беларуска-расiйскай iнтэграцыi. Аднак беларускiя i расiйскiя палiтыкi i аналiтыкi мяркуюць, што гэты працэс будзе працягвацца, хаця i з карэктыроўкамi.

Сёньняшнiя супярэчнасьцi памiж У. Пуцiным i А. Лукашэнкам аб’ектыўныя, бо Расея рэфармуецца, iнтэгруецца ў мiжнародную супольнасьць, а Беларусь застаецца з былым савецкiм багажом, i гэта застаецца базай для пэрманентнага канфлiкту i далейшага пагаршэньня адносiн, – лiчыць лiдэр АГП Анатоль Лябедзька. Беларусь не ўпiсваецца ў тую рынкавую i дэмакратычную канцэпцыю, якую ажыццяўляе Расiя.

Былы старшыня Нацбанку Беларусi Станiслаў Багданкевiч упэўнены, што Беларусь з эканамiчных прычынаў будзе вымушаная працягваць iнтэграцыю: «Лукашэнка сваёй асаблiвай мадэллю развiцьця загнаў краiну ў амаль безвыхадную сытуацыю, у яго няма прасторы для манеўру, i ён будзе вымушаны праводзiць прыватызацыю з допускам расiйскага алiгархiчнага капiталу».

Дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Натальля Машэрава ўвогуле мяркуе, што пасля эмацыйных ацэнак прэзiдэнтам Расii i Беларусi давядзецца паспрабаваць працягваць iнтэграцыю, нават з чыстага аркуша: «Я супраць таго, каб рабiць барыкады, i я спынiла б антырасiйскую рыторыку тут, i антыбеларускую – там. Усё ўжо сказалi...»

Маскоўскi журналiст Уладзiслаў Максiмаў з аналiтычнага выдання «Ведомости» лiчыць, што шавiнiстычная рэакцыя расiйскай элiты, якая жадае iнкарпарацыi Беларусi, была прагназаванай: «Яна новая толькi таму, што iдэя iнкарпарацыi Беларусi шасьцю абласцямi была агучаная нядаўна, а ў галаве яе трымалi заўсёды».

А вось Вячаслаў Нiканаў, прэзiдэнт расейскага фонду «Палiтыка», не лiчыць цяперашнi канфлiкт памiж Пуцiным i Лукашэнкам сур’ёзным i незваротным: «Дыскусii з нагоды мэханiзмаў iнтэграцыi будуць працягвацца... Канфлiкт носiць лякальны характар i нiяк не паўплывае на доўгатэрмiновыя адносiны памiж дзвюма краiнамi».

Валер Калiноўскi, Радыё Свабода

Назад