Месца пад сонцам
Шчыра прызнаюся: Генуэзскай крэпасцi на свае вочы я так i не ўбачыў. Але я лiчу яе сiмвалам Крыма.
Хаця там настойлiва пераконваюць турыстаў, што сiмвалiзуе паўвостраў нiбыта пабудаваны нейкiм купцом у выглядзе мiнi-замка дом на скале. Генуэзскай крэпасцi некалькi стагоддзяў.
Гэта сапраўдная крэпасць, а не iмiтацыя. Спадчына, пакiнутая славутымi мораплаўцамi i гандлярамi сярэднявечча з Iталii. Жыхарамi горада, якi даў свету знакамiтага Хрыстафора Калумба. А што такое «ластаўчына гняздо»-летнi дом для палюбоўнiцы? Гэта ўсё адно, як лiчыць сiмвалам Масквы не старажытны крэмль, а, напрыклад, пабудаваны Хрушчовым палац з’ездаў.
Адна вядомая беларуская турыстычная фiрма выпускае сваю рэкламную газету, якую бясплатна рассылае сваiм клiентам. За месяц чытачоў папярэдзiлi, што чакаецца кiрмаш пуцёвак. Купiўшы загадзя пуцёўку, можна атрымаць скiдку. Я вырашыў скарыстацца такой магчымасцю. Маёй мэтай было паехаць адпачыць на цёплае мора, але не ў вельмi дарагую краiну. У Крыме мы з жонкай былi толькi аднойчы i вельмi даўно. Вырашылi набыць пуцёўкi з добрымi ўмовамi. Напачатку спынiлiся на двух варыянтах. Першым быў Судак. Пакой з душам, тэлевiзарам, лядоўняй. 600 метраў ад пляжу. У Алушце да пляжу было на 200 метраў меней. У пакоi быў кандыцыянер, новая сантэхнiка i «еўрарамонт». Праўда, каштавала гэта значна даражэй. Але мы спакусiлiся менавiта на апошнюю прапанову. Адпачываць, дык адпачываць.Пагатоў, Алушта знаходзiцца ў субтропiках, а Судак – не.
Скiдка пры пакупцы аказалася, праўда, зусiм невялiкай. Праезд таксама ў кошце пуцёўкi не ўлiчваўся. Добра, што з Мiнска сёлета пусцiлi на Сiмферопаль апроч пасажырскага яшчэ i хуткi цягнiк, а таксама цягнiкi да Еўпаторыi i Феадосii. Можна сказаць, iстотна палегчылi сiтуацыю з бiлетамi. Але ўсё адно нам удалося ўзяць iх, прычым, ажно за 45 дзён, толькi на поўдзень. У адзiн бок. Назад давялося купляць значна даражэйшыя – на пасажырскi «Сiмферопаль-Рыга». Праўда, цягнiк неблагi, з кандыцыянерам. А ў нашых цягнiках заўсёды было надзённым захаваць сябе пасля поўдня ў нармальным стане, не змучыцца за дарогу назад. Карацей, мэта ў гэтым выпадку па-сапраўднаму апраўдвае грашовыя сродкi. Хаця пра самалёт мы нават не ўзгадвалi. Аказалася, што каб злятаць у Крым туды i назад, трэба ўжо заплацiць 200 даляраў. Гэта – для аднаго пасажыра! Прасьцей ужо чартэрным рэйсам заляцець куды-небудзь на Балканы.
Крым сустракае занядбанасцю, малапрыемным ландшафтам з салёнымi азёрамi. Усё – як i ў савецкiя часы. Змены амаль незаўважныя. Бачна, што гэта не замежная краiна. Хаця яна прымае мiльёны адпачыннiкаў, якiя прывозяць вялiкiя грошы. Мiжволi ўзнiкае пытанне: куды iдуць грошы? Некаторыя беларусы рэгулярна штогод ездзяць у Крым i ведаюць усё, пра што трэба ведаць адпачыннiкам. А калi вы па сутнасцi ўпершыню выходзiце на прывакзальны пляц у Сiмферопалi i апынаецеся сярод тысячнага натоўпу, вам будзе цяжэй. Так, на паўднёвы бераг можна даехаць тралейбусам, i гэта будзе каштаваць усяго паўдаляра. Але пра гэта мы даведаемся толькi перад вяртаннем назад. Не хочацца стаяць у чэргах па танныя бiлеты. Пагатоў у «левыя» мiкрааўтобусы заклiкаюць вельмi настойлiва. Чым чакаць у чарзе на рэйсавы, не шкада заплацiць да Алушты тры даляры. Гэта 15 грыўнаў. Толькi перад ад’ездам з яе мы даведаемся, што на звычайным маршруце бiлет каштуе ўсяго 8 грыўнаў. Рознiца iстотная. Гэтая паўднёвая, з савецкiх яшчэ часоў, прага за ўсё хапаць удвая болей. Канечне, на любым курорце, у любой краiне кошты большыя. Аднак трэба зыходзiць з таго, што сапраўдны кошт праезду ад Сiмферопаля не 15, а 8 грыўнаў.
Гэтымi атавiзмамi саветчыны нам Крым якраз i не спадабаўся. Усё ёсць: мора, сонца, гаючае паветра. Больш за тое, мы заплацiлi за свой адпачынак наперад i нi ад каго не залежалi. «Еўрарамонт», само сабой, быў не зусiм «еўра». Але лядоўня, тэлевiзар i кандыцыянер працавалi. Ежа была часам вельмi прылiковая, а часам-абсалютна савецкая. Вермiшэлька i тры сцiплыя кавалачкi мяса. Заўважу: пуцёўкi каштавалi зусiм не танна. Шведскi стол i вячэра за мяжой больш наедныя, чым трохразовае харчаванне ў Крыме. Яшчэ ўразiла, што няма сметнiц i нiхто не прыбiрае смецце. Нам тлумачылi, што прыбiральшчыкам замала плацяць i яны адмаўляюцца лазiць па ўзгорках памiж санаторыяў, каб тамака было чыста. Але ў еўрапейскага чалавека ўзнiкае вельмi натуральнае пытанне. Гэты горад заваблiвае дзесяткi тысяч адпачыннiкаў, атрымлiвае вялiзныя грошы. У тым лiку i гарадская казна. Чаму ж мясцовыя ўлады не забяспечваюць для гэтых добрых людзей чысцiню i парадак?
Таксама прыкрае ўражанне засталося ад савецкiх звычак публiкi. Наш дом адпачынку меў свой пляж, а таксама «салярый»-адкрытую пляцоўку над морам для загарання i такую ж пляцоўку – пад павеццю, схаваную ад сонца. Жлобская публiка займала сабе лежакi адразу ў трох месцах. У вынiку ўвесь пляж заняты, хаця месца, здавалася б, хапае. I вы ходзiце сабе i шукаеце свабодны лапiк пляжу, заплацiўшы, зрэшты, грошы за нармальнае месца пад сонцам. I яшчэ. 400 метраў да пляжу – гэта калi б удалося зляцець з гары ўнiз. Па стромых лесвiцах дарога аказалася бадай удвая даўжэйшай. Хадзiць было па-сапраўднаму цяжка. Але мы вырашылi, што хоць карысна для здароўя. I ў канцы вернемся да Генуэзскай крэпасцi. Калi мы трапiлi ў дом адпачынку, убачылi афiшу. У ёй паведамлялася, што ў Судаку ў Генуэзскай крэпасцi адбудзецца рыцарскi турнiр пад назвай «Генуэзскi шлем». Прычым, якраз у час нашага адпачынку. Але шкадаваць доўга не давялося. Неўзабаве ў розных краiнах здарылiся гвалтоўныя залевы i паводкi, у тым лiку непадалёк – на расiйскiм чарнаморскiм беразе. У Крыме штосьцi падобнае адбылося толькi ў Судаку. Рыцарскi турнiр перанеслi. Ён адкрыўся ў дзень нашага ад’езду... Дарога дахаты была досыць прыемнай. Пачуццё адпачынку засталося, як мае быць. Здзiвiла адно. Купэйны вагон рыжскага цягнiка быў напалову пусты (усё ж дарагi праезд). Аднак суседка па купэ (дарэчы, гродзенка) расказала, што купiла бiлеты для сябе i сына з вялiкiмi цяжкасцямi i – «па знаёмству». Атрымлiваецца, што старая савецкая завядзёнка вельмi жывучая: бiлеты не купiць, а вагон – амаль пусты. Болей мы на былыя савецкiя курорты не паедзем. Дальбог.
Сяргей МаксIмовIЧ
|