– Дзiма, па-першае – як здароўе, самаадчуванне? Усе ж дзесяць сутак галадоўкi?
– Адчуваю сябе нармальна. Хаця, па праўдзе кажучы, я сам чакаў больш негатыўных змен, але дзякуй Богу.
– Ты заранёў рыхтаваўся да галадоўкi?
– Гэта, ведаеш, як у тым анекдоце: усе пазадыхалiся ў пятлi, а беларус праз тры днi кажа, што нiчога страшнага, паколькi я ў гэтай пятлi ўсе жыццё жыву. Зразумела, гэта жарт.
З пачаткам галадоўкi я кiнуў палiць. Магчыма, гэта неяк добра паўплывала на маё самаадчуванне. Дарэчы, хацелася больш палiць, чым есцi.
– Тым не менш, пасля таго, як ты выйшаў на волю, адразу заявiў, што нiкому не раiш галадаць у засценках.
– Я лiчу, што сэнсу няма таму, што на гэта нiхто не зверне ўвагi, гэта толькi адаб’ецца на тваiм здароўi. За 10-15 сутак чалавек не памрэ, але што з iм можа стацца далей... А максiмум, што ў цябе могуць запытаць у камеры, дык гэта – цi жывы ты. Не памёр, ну i халера з табой, мы адказнасцi не нясем. Вось так. Твой лёс нiкога не цiкавiць.
– Якая, наогул, там атмасфера?
– У мяне былi розныя адчуваннi на гэты конт. Часам адчуваеш, што ты патрапiў у машыну часу, натуральна становiшся адсечаным ад таго жыцця, якое засталося за сцяной. Мне здавалася, што я патрапiў i перажыў 30-я гады. Тыя, сталiнскiя. Я чамусцi ўпэўнены, што з таго часу там сапраўды нiчога не памянялася да лепшага.
– Ад чаго такiя ўражаннi?
– Ды ад усяго. Нават сам будынак спецпрыемнiка вельмi стары i выкарыстоўваецца для гэтых мэтаў не першы год. Да прыкладу, вазьмiце вакно. На iм шыба, краты. Iх паставiлi можа сто гадоў таму. Цяпер на яго прыбiлi яшчэ бляху i прасвiдравалi ў ёй дзiркi, каб паветра праходзiла i свет трапляў. Там няма нават нараў, а людзi спяць на падлозе. Нi коўдры, нi падушкi..., а там спяць людзi, разумееш?
Мне распавядалi сукамернiкi, што ў турмах умовы лепшыя, чым у спецпрыёмнiку.
– Дзеля чаго такая жорсткасць? Разумею, што туды трапляюць розныя людзi, але чаму менавiта вось так, як некалi пры Сталiне?
– На гэта, на маю думку, трэба паглядзець з розных бакоў. Звярнi ўвагу, якi кантынгент туды трапляе. Перш за ўсе тыя, хто зашмат выпiў i, зразумела, парушыў парадак. Iх большасць. Але ж з другога боку, i ў грамадстве даўно прызналi, што алкагалiзм – гэта хвароба. Дык няўжо такiм чынам трэба абыходзiцца з хворым чалавекам? Там што, працуюць лекары, псiхолагi? Вядома, не. Так дзяржава абыходзiцца з хворымi сваiмi грамадзянамi.
Атрымлiваецца, што чалавек у падобных умовах ломiць сваю зламаную псiхiку. I ў гэтым яму дапамагае ягоная дзяржава. Што яму тады застаецца? Захаваць злобу i варожасць да грамадства. I пазней, выйшаўшы на волю, выпляснуць гэта яшчэ раз. У вынiку – зноў за краты. Гэта рэальнасць.
– Няўжо ўсе, з кiм ты сядзеў, такiя вось людзi? Як, наогул, яны ставiлiся да цябе?
– Першыя днi былi насцярожаныя. Пазней завязалiся нармальныя кантакты. У падобнай сiтуацыi людзi адчуваюць боль адзiн аднаго. Многiя з iх проста хворыя, але гэта не значыць, што яны цалкам страцiлi свае чалавечыя якасцi. На развiтанне мы практычна сталi сябрамi. Яны пабачылi, што ў жыццi можна адстойваць нешта iншае акрамя водкi.
– А якiя кантакты склалiся з адмiнiстрацыяй спецпрыёмнiка?
– Мушу сказаць, што я не хацеў бы нiколi быць на iх месцы. Я адседзяў 10 сутак i выйшаў на волю, а яны засталiся ў спецпрыемнiку. Яны там практычна жывуць i, як мне здаецца, адарваны ад рэалiй жыцця сучаснага. Думаю, яны нават пазбаўлены магчымасцi адчуць, як развiваецца грамадства, працэсы, якiя ў iм адбываюцца. Яны так i застаюцца ў гэтым iзаляваным кавалачку ГУЛАГу.
Я не раз чуў шэпт ахоўнiкаў, якiя казалi адзiн аднаму: вось гэтаму перадачу прынеслi, а гэтаму (мелi на ўвазе мяне) – не дазволiлi, бо ён палiтычны. А на вулiцы ж ХХI стагоддзе.
– Цяжка ўявiць.
– Мне таксама цяжка, асаблiва калi ўзгадаўшы, што гэта было практычна ўчора. Але гэта сапраўды так. Уявi сабе, што «паход» у прыбiральню, гэта як нейкае свята, бо вывелi з цёмнай камеры адзiн раз у суткi на 15 хвiлiн.
– Спадзяюся, што хоць есцi там не шкадуюць.
– Я, наогул, аб’явiў галадоўку. Праўда, бачыў, што ранiцай – шклянка гарбаты з хлебам. Пазней толькi ў 17.00: суп i другое без мяса, i хлеб – белы i чорны. А ўвечары – няма нават гарбаты. Гэта аб многiм сведчыць.
– Дзiма, калi мы дазнавалiся ў аховы наконт твайго здароўя, нам адказвалi, што ты чуешся даволi бадзёра. Так было на самай справе?
– Я настройваўся на гэта заранёў. Ды i потым, па жыццi ў мяне такi характар – не падаць духам. Гэта дапамагае.
– Дарэчы, табе перадавалi нейкiя перадачы?
– Так. Але я прымаў толькi мiнеральную ваду. Сакамернiкi нават ставiлi стаўкi: запалю я цi не, пачну есцi цi не. Я ўжо казаў, што запалiць больш хацелася, чым паесцi.
– Дзiма, а што гэта за гiсторыя, што нейкая жанчына быццам прынесла перадачу i прасiла аддаць яе Дзмiтрыю Завадскаму?
– Я так разумею, што гэта была старэйшая кабета, якая, вiдаць, перахвалявалася i напiсала сапраўды на паперцы замест майго прозвiшча – Дзмiтрыю Завадскаму. У мяне засталася гэтая паперка.
– Цi была нейкая сувязь з знешнiм светам з гэтае цёмнай камеры, дзе толькi праз дзiрачкi ў блясе можна пабачыць сонца?
– Гэта была аднабаковая сувязь. Я прачытваў газеты, якiя перадавалi. Але нiчога не мог паслаць у свет. Гэта было складана, i нельга рабiць.
– Твае чалавечыя пачуццi i развагi зразумелыя. А што ты вынес адтуль, як мастак, чалавек творчы?
– Я зрабiў там нават некалькi замалёвак алоўкам. У мяне есць творчыя планы. Але аб гэтым пазней, калi нешта зраблю. Мне вельмi цiкава, цi адчуюць астатнiя, што я хачу перадаць.
– Разумею, што знаходзiцца там было не салодка. Тым не менш, нешта станоўчае ты вынес адтуль?
– Я ўбачыў, што гэта рэальнасць. Рэальнасць, за якую брыдка i якую абавязкова трэба мяняць.
– I якiм было першае пачуцце на волi?
– Адчуў iзноў сонечнае святло. На працягу 10 дзён я яго не бачыў. Яшчэ адчуў, што гэта два розныя светы. I мы ў гэтым сваiм свеце абсалютна не ведаем, што паралельна, за сцяною ў цэнтры горада, iснуе абсалютна iншы свет. Свет, у якiм пануе псiхалогiя камеры. Чалавек там баiцца гаварыць, iснуе сiстэма стукачоў. I ўсе гэта нагадвае тое, што кавалак ГУЛАГу яшчэ iснуе.
– Дзякуй за гутарку.
Размаўляў Мiхаiл КАРНЕВIЧ