ЛIДА
«Правы» пякліся, як бліны
Хто сёння не марыць праехацца з ветрыкам у шыкоўнай iншамарцы цi нават на легкавушцы савецкага пашыву... Для гэтага, аднак шмат чаго трэба: грошы, каб набыць аўта, а потым яшчэ iзноў грошы i цярпенне, каб скончыць курсы аўтааматараў.
Спрытныя лiдчане знайшлi спосаб як палегчыць працэдуру. А дапамаглi iм у гэтым землякi С.Памаха i А.Ненартовiч з гарадской i раённай iнспекцый Дзяржтэхнагляду. Да iх кампанii далучыўся i намеснiк дырэктара мясцовага прафтэхвучылiшча №196 Ю.Курыловiч.
Справу паставiлi на паток. Яны ўлiчылi, што чалавек, якi мае пасведчанне трактарыста, можа без усякай навукi атрымоўваць дакумент на права кiравання легкавым транспартам. Як вядома, попыт нараджае прапанову. З улiкам гэтага ў Лiдзе «лiпавыя» пасведчаннi трактарыстаў пяклiся, як блiны. Неабходныя бланкi пастаўляў Ю.Курыловiч, а С.Памаха i А.Ненартовiч выпiсвалi паперы на патрэбных людзей. Пасля чаго апошнiя атрымвалi вадзiцельскiя правы. Толькi вось вадзiцелi з такой вертуальнай падрыхтоўкай ужо на другi дзень парушалi правiлы дарожнага руху.
Крымiнальным вопытам кампанii, якая за «зялёныя» забяспечвала сучасных мiтрафанушкаў фальшывымi дакументамi, зацiкавiлася служба АБЭП i мiжрайпракуратура. А кропку ў гэтай справе паставiў суд.
С.ВАЛОШКА
|