Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 244 от 10.10.2002  

Тэма

У эміграцыі – як на рынгу. Толькі двое: чалавек і абставіны

– Эмiграцыя – гэта не вясёлая забава i столькi сiлаў забiрае, прычыняе такую боль, столькi стратаў разам з ёю, што, аклямаўшыся, вельмi цяжка, для многiх немагчыма, яшчэ раз сабрацца ў дарогу.

Гэтыя словы я пачуў ад настаўнiка з Чачнi. У невялiчкiм мястэчку Дэмбак пад Варшавай, дзе знаходзiцца адзiн з цэнтраў для ўцекачоў. Ён казаў, што ўдзячны Польшчы за прытулак, але разумее, што ягонае месца дома – у Чачнi. У яго чацвёра дзяцей i дзеля iх давялося пакiнуць радзiму. Iх трэба кармiць, вучыць, але тут таксама невядома, як гэта рабiць.

Яшчэ адзiн мужчына старэйшага веку распавядаў, як з сынам i жонкай прабiраўся ў Польшчу з Грознага. За расiйскi пашпарт, якi належыць яму згодна з Канстытуцыяй, давялося плацiць 250 даляраў, за тое, каб не чаплялiся беларускiя пагранiчнiкi на мяжы, аддаў 100 даляраў. – Дзеля чаго ўсё гэта? – пытаўся я. – Там iдзе вайна i невядома, калi гэта ўсё скончыцца. Дзеля дзяцей.

Побач жанчыны распавядалi пра зачысткi: з хатаў салдаты забiраюць маладых, дужых хлопцаў i дзяўчат. Потым яны не вяртаюцца, а папросту знiкаюць.

Разумею, што там ёсць i iншыя абставiны пра якiя ўцекачы не кажуць.

А яшчэ побач моўчкi стаяла сям’я з Iраку. На жаль, нiхто з нас не ведаў агульнай мовы з тым, каб паразмаўляць. На нас толькi з нейкай непадробнай цiкаўнасцю паглядаў маленькi iракчык. Здавалася, ён шмат хацеў сказаць.

Пакуль не атрымаем статус уцекача

Зараз у Польшчы 10 цэнтраў для ўцекачоў, у якiх каля 1600 чалавек з розных краiнаў свету чакаюць на рашэнне ўладаў аб прадастаўленнi iм статуса ўцекача. Летась такiх людзей у гэтых цэнтрах было 4506, а атрымалi статус толькi 291 чалавек. Сярод iх – 29 беларусаў, а найбольш грамадзян Расii i, як правiла, чачэнцаў – 207 чалавек. Зрэшты, гэта толькi лiчбы, за якiмi лёсы, што значна складаней.

Краiна, якая прымае такiх людзей, бярэ на сябе пэўны абавязак, але ўжо ў свеце да яе ставяцца па-iншаму.

Яшчэ напачатку 80-х гадоў мiнулага стагоддзя палякi ведалi пра ўцекачоў толькi з свайго ўласнага вопыту. Лёс раскiдаў iх па цэламу свету, прычым, некалькi мiльёнаў чалавек. Яны ўцякалi з «камунiстычнага раю», кiдаючыся нават з карабля ў адкрытае мора. Палякi перажылi гэты час, прычым, не толькi перажылi, але здолелi шмат змянiць у сваёй краiне.

У 1991 годзе прэзiдэнт Лех Валенса ставiць свой подпiс пад Жэнеўскай Канвенцыяй, якая датычыць статусу ўцекачоў. З гэтага часу Польшча сама прымае тых, каго пераследуюць.

Многiя чачэнцы, што знаходзяцца зараз у Дэмбаве, скардзiлiся на тое, што не могуць атрымаць статусу ўцекача, iх справы разглядаюцца не па тры месяцы, а нават больш года i рашэнняў дагэтуль няма. Маўляў, ад нас патрабуюць невядома якiх доказаў, а мы не маем пацверджанняў. – Увесь свет ведае, што ў нас вайна, а яны праводзяць нейкiя «iнтэрв’ю» – распавядаў малады хлопец.

Сустракаючыся з польскiмi чыноўнiкамi, мне так i не ўдалося да канца зразумець, якiмi насамрэч павiнны быць прычыны, каб атрымаць гэты самы статус. Яны распавядалi, што ёсць шмат самых розных працэдур, але, маўляў, уцекачы таксама небезпраўныя, паколькi рашэннi чыноўнiкаў могуць абскарджвацца ў судзе. Да ўсяго, яны не хавалi таго, што заканадаўства патрабуе ўдасканальвання, што з бюджэту на гэта выдаткоўваецца толькi 30 мiльёнаў злотых на год i гэтымi грашыма трэба дапамагчы ўсiм, хто ў гэтым мае патрэбу. Што ёсць яшчэ i палiтычныя прычыны, якiя таксама падчас адыгрываюць не самую апошнюю ролю. Праўда, на практыцы атрымлiваецца i так, што суд прымае адмоўнае рашэнне i даводзiцца пакiдаць цэнтр, дзе бясплатнае трохразовае харчаванне, цёплыя ўтульныя пакоi з усiмi выгодамi, дзе на кожнага ў месяц даюць па 47 злотых на кiшэнныя патрэбы, плюс 19 – на пральныя сродкi, дзе цябе нiхто не кантралюе i ты можаш хадзiць дзе толькi заўгодна. Дзе на дзетак да двух гадоў дадаткова выдаюць 285 злотых на месяц, раздаюць дармовы абутак i адзенне, дзе можна бясплатна навучацца польскай мове, а дзяцей адправiць у школу. Самае складанае пачынаецца, калi даводзiцца пакiнуць такi цэнтр. За ягонымi варотамi прыгожы лес i вонкава рамантычная краiна, але безграшоўе, безпрацоўе i невядомасць. А калi ты да ўсяго не адзiн...

Больш таго, пасля атрымання статусу ўцекача, праз два тыднi чалавек таксама павiнен пакiнуць гэты цэнтр. Праўда, у яго на руках адпаведныя дакументы, з якiмi ён можа ўладкавацца на працу, набыць нерухомасць i спакойна жыць у гэтай краiне. А яшчэ ён можа выязджаць за мяжу... Але гэта, у выпадку, калi ёсць на бiлет. Шмат хто так цi iнакш стараецца выкарыстаць гэтую магчымасць у пошуках прывабнейшай краiны.

Калi гэты статус атрымаў

Я чуў гiсторыi, калi нават пасля атрымання статусу ўцекачоў, адна сям’я так i жыла некалькi месяцаў на Цэнтральным вакзале – не было нi грошай, нi жылля, нi працы. Польскiя праваабаронцы распавядалi i пра тое, як хворы афганец са статусам уцекача, быў вынесены пасля аперацыi пад дзверы шпiталя, паколькi не мог заплацiць за лячэнне. Ратавалi, што называецца, усiм светам – праваабаронцы, прэса i проста добрыя людзi. Мiнiстр аховы здароўя распарадзiўся ўрэшце выдзелiць сродкi з бюджэта мiнiстэрства на ягонае лячэнне. Гэтага не хаваюць, пра гэта гаворыць польскае грамадства. Зразумела, па-рознаму. Але ўсё ж, гаворыць.

Вiдавочна, што за гэтыя дзесяць гадоў у Польшчы створана заканадаўства, якое датычыць уцекачоў, iснуе матэрыяльная база, але не праглядваецца пакуль яснай палiтыкi дзяржавы. Думаю, што ёсць некалькi важных прычынаў. Найбольш, аднак праглядваецца – эканамiчная. Дзеля таго, каб уладкаваць чалавека, трэба даць яму магчымасць зарабiць, забяспечыць жыллём, выдаткаваць сродкi на тое, каб iнтэграваць яго ў свае рэалii. На гэта, зразумела, сродкаў не стае, паколькi ў краiне згодна з афiцыйнымi дадзенымi да 18% сваiх безпрацоўных, эканомiка патрабуе iнвестыцый, праводзяцца рэформы, якiя патрабуюць капiталаўкладанняў.

Надзеi на змены да лепшага Польшча звязвае з уступленнем у Еўрасаюз. Шмат якiя матэрыяльныя патрэбы вырашацца з дапамогай еўрапейскай супольнасцi. Тым не менш, вiдавочна, што ўжо зараз людзi, якiя прыязджаюць у Польшчу за статусам уцекача, атрымлiваюць шанец на тое, каб пазбегнуць пераследу ў сваiх краiнах.

Прыкметы дзiкага капiталiзму

Польшча адкрыла сябе не толькi для тых, каго пераследуюць рэжымы, войны i iншыя катастрофы, яна раскрылася перад людзьмi з бяднейшых краiнаў, якiя iмкнуцца сюды, каб зарабiць на жыццё. Як заўважаюць польскiя спецыялiсты, прасачыць колькасць эканамiчных мiгрантаў вельмi складана, а таму называюцца толькi прыкладныя лiчбы: ад 1 да 1,5 мiльёна чалавек у год працуюць у краiне нелегальна. У асноўным гэта людзi з Украiны, Румынii, Балгарыi, Беларусi, Расii. Нагадаю, што сiтуацыя на рынку працы не вельмi спрыяльная, паколькi ў краiне да 18% безпрацоўных. Такога не назiралася з пачатку 80-х гадоў. У чым жа фенаменальнасць гэтай сiтуацыi?

Неаднойчы даводзiлася чуць, што палякi з прыхiльнасцю ставяцца да тых людзей, якiя працуюць на малааплочваемых работах: хатняй гаспадыняй, у сельскай гаспадарцы, на будаўнiцтве. Маўляў, яны памятаюць, як самi некалi выязджалi на Захад, каб зарабiць на жыццё. Аднак, калi на польскiм рынку паявiлiся ўрачы з усходнiх краiнаў i прапанавалi свае паслугi па значна нiжэйшых коштах, дык паднялася шумiха, маўляў, яны не плоцяць падаткаў, падрываюць бюджэт i з iмi трэба змагацца.

У адной будаўнiчай фiрме, якая ўжо даўно заняла сваё месца на рынку, лiчаць, што лiчба безпрацоўя сярод палякаў штучная. Як аргумент, яны выстаўляюць тое, што па аб’явах да iх не звяртаюцца грамадзяне Польшчы. Квалiфiкацыя патрабуецца высокая, работа цяжкая, а заробак не самы высокi. Палякi дагэтуль стараюцца выязджаць на Захад за больш доўгiм рублём.

У невялiчкiм гарадку Пясэчна пад Варшавай iснуе нелегальная бiржа працы iншаземцаў. Праўда, там збiраюцца не толькi iншаземцы, але i палякi. Цiкава, чаго там толькi не пачуеш. Кожны распавядае сваю гiсторыю аб цяжкiм лёсе: пра тое, што няма з чаго плацiць за кватэру, няма за што жыць, што урад у краiне не дбае пра сваiх грамадзян, што некалi былi лепшыя часы. Часам усё гэта гучыць з добрым прысмакам нелiтаратурнай лексiкi. Як бы не выглядалi, i што б не казалi гэтыя людзi, але вiдавочна, што праблема ў дзяржаве iснуе. Гэта, напэўна, i называецца ў СМI дзiкiм капiталiзмам.

Побач на другiм баку вулiцы стаяць i чакаюць працы iншаземцы. У той дзень тут былi толькi ўкраiнцы. Яны прыязджаюць сюды чуць цi не цэлымi вёскамi i бяруцца за любую работу. Здымаюць кватэры, часам жывуць у хлявах, цi разваленых будынках. – Добра, калi патрапiцца нармальны гаспадар i заплацiць за працу. Але бывае i так, што прарабiўшы некалькi дзён, нiчога не атрымаеш, а iсцi скардзiцца няма да каго, паколькi знаходзiшся тут нелегальна – распавядала мне маладая дзяўчына з Заходняй Украiны. У месяц пры спрыяльных умовах iм удаецца зарабiць да 250 даляраў, што лiчыцца вялiкiм прыбыткам.

Дарэчы, на нелегальнай бiржы не ўдалося сустрэць нiводнага беларуса. Украiнцы распавядалi, што беларусы займаюцца ў Пясэчна рэкетам, прыходзяць да iх уначы дадому i патрабуюць грошай. Ёсць нават пэўная стаўка – 50 злотых за адзiн заезд. Апроч рэкiцёраў, нелегалаў наведвае i польская палiцыя, якая патрабуе сваю стаўку за незаконнае знаходжанне ў краiне. Тым не менш, нелегалы з Украiны працягваюць працаваць нават у такiх умовах, паколькi ў сябе на радзiме, не заробiш i гэтага.

Польскiя палiцыянты кажуць, што лiчбы злачынстваў, якiя здзяйсняюць iншаземцы на тэрыторыi iх краiны растуць. Так, толькi ўкраiнцы ў мiнулым годзе здзейснiлi 2218, беларусы – 1483. Тым не менш да 60% працэнтаў iх раскрываецца. Але гэта асобная вялiкая тэма.

Стаўленне палякаў

Старшыня мiжнароднай арганiзацыi па пытаннях мiграцыi ў Польшчы Марэк Купiшэўскi зазначыў, што мiграцыя – гэта станоўчы працэс, нягледзячы на ўсе складанасцi, якiя з ёю звязаны. Ён аргументаваў гэта тым, што культурна ўзбагачаецца краiна, папраўляецца дэмаграфiчная сiтуацыя. Зрэшты, з яго словаў, краiна, якая мае наплыў мiгрантаў, мае прыбытак. Ён лiчыць, што пры ўсiх мiнусах, гэта ўсё ж выгодны працэс, паколькi за яго не трэба плацiць.

Польская прэса таксама прыхiльна ставiццка да мiгрантаў, стараецца асвятляць гэтыя праблемы праз цяжкiя лёсы людзей, гэтым самым выклiкаючы ў сваiх чытачоў прыхiльнасць да мiгрантаў. Праўда, калегi-журналiсты распавядалi, што гэта незаўсёды ўдаецца. Некалькi гадоў таму ў Варшаве быў выпадак, калi палiцыя выдаляла з краiны табар цыганоў, якi пасялiўся пад адным з мастоў праз Вiслу. Палякi тады падтрымоўвалi гэтую акцыю, нягледзячы на тое, што СМI тлумачылi: гэтыя людзi пераследуюцца i ў Румынii, яны патрабуюць дапамогi...

Я, дарэчы, тады ўзгадваў, што i Эйнштэйн быў уцекачом, i Шапэн, i Вальтэр.Сусветная гiсторыя сведчыць, што мiгранты – не абуза, а дабрабыт для прымаючай краiны. Толькi зразумець гэта даволi складана адразу.

I яшчэ. Падчас маёй камандыроўкi ў Варшаве адбывалася выстаўка французскага фатографа: «Зямля з неба». На замову мiжнародных арганiзацый ЮНЭСКА i ААН фотамастак з верталёта сфатаграваў больш 100 краiн свету. Адразу хачу сказаць, што словамi немагчыма апiсаць гэтыя працы. Падзялюся толькi адной думкай: мне дзiўна, што на гэтай прыгожай зямлi людзям не стае месца.

Выстаўка гэта вiсiць на агароджы парка Лазенкi i цягнецца больш за кiламетар.

М_ха_л КАРНЕВ_Ч

Матэрыял падрыхтаваны дзякуючы садзеянню фонда _мя Стэфана Баторыя ў Варшаве

Назад