Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 245 от 17.10.2002  

Бераставiца

Затрымалі дыпламатаў

На мiнулым тыднi ў пасёлку Пагранiчны Бераставiцкага раёну ў памежнай зоне былi затрыманы амерыканскiя дыпламаты: адзiн з iх член Кангрэсу ЗША, другi – трэцi сакратар амбсады ЗША ў Мiнску, перакладчык i вадзiцель.

Святар Ян Спасюк, ведаючы пра iх прыезд i пабачыўшы, што пасёлак ачэплены мiлiцыяй, выехаў з вернiкамi з памежнай зоны i сустрэў дыпламатаў хлебам i соллю. Ён i сказаў iм, што «iх ужо чакаюць». Тым не менш дыпламаты вырашылi ехаць у Пагранiчны. Перад гэтым у абласным цэнтры ў iх была сустрэча з кiраўнiком вобласцi Уладзiмiрам Саўчанкам. Падчас размовы яны цiкавiлiся станам рэлiгiйных канфесiй. Як i меркавалася, у памежнай зоне iх спынiла мiлiцыя, памежнiкi i супрацоўнiкi ў штацкiм. Прадстаўнiкi спецслужбаў паведамiлi дыпламатам, што уезд у памежную зону толькi па спецыяльных прапусках. На перакладчыка Дзмiтрыя Сямёнава, якi мае беларускае грамадзянства быў складзены пратакол аб парушэннi знаходжання ў памежнай зоне.

Тым не менш дыпламатаў правезлi ў мясцовы сельсавет, але там не аказалася старшынi. Па некаторых звестках, ён папросту адтуль збег. Дыпламатам было прапанавана праехаць у Бераставiцу i сустрэцца з начальнiкам мясцовай мiлiцыi, але яны адмовiлiся i паехалi ў Мiнск. У амбасадзе ЗША не здолелi пракаментаваць гэты iнцыдэнт.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад