Напярэдаднi выбараў у мясцовыя саветы ашмянскiя ўлады пачалi праяўляць асаблiвую пiльнасць да дзейнасцi актывiстаў палiтычных партыяў i грамадскiх арганiзацыяў. Па словах кiраўнiка ашмянскага грамадскага рэсурсавага цэнтру i актывiста Беларускага Хельсiнскага камiтэту Пятра Явiдовiча, «пачаўся прэсiнг на тых людзей, якiя пачалi сябе актыўна праяўляць у грамадскiм жыццi. Грамадскiя арганiзацыi i партыi iдуць на выбары. У нашым раёне iду не толькi я адзiн, а цэлае кола маiх сяброў – грамадскiх дзеячаў. I пачаўся прэсiнг. Пачынаецца праверка нейкiх маiх фiнансавых справаў, якiя тычацца абмену кватэры. Мiлiцыя цiкавiлася, правяралi дакументы, каб знайсцi нейкую справу, каб я не пайшоў у дэпутаты».
Паводле спадара Явiдовiча, прэсiнг уладаў гэтым не абмежаваўся. Ён сцвярджае, што супраць яго рыхтавалася правакацыя. Напрыклад, прыходзiлi нейкiя людзi i прапаноўвалi купiць рэчы сумнеўнага паходжання. Пётр Явiдовiч падазрае, што яны былi крадзеныя.
Мясцовая падатковая iнспекцыя цiкавiцца прадпрымальнiцкай дзейнасцю спадара Явiдовiча, хаця ён даўно быў вымушаны згарнуць свой невялiчкi бiзнэс i закрыць майстэрню па рамонту гадзiннiкаў.
29-гадовы Пётар Явiдовiч з 1995 па 1999 год ужо быў дэпутатам Ашмянскага раённага Савету, i ўладам вельмi не падабалiся ягоныя дэмакратычныя погляды. Апошнiм часам спадар Явiдовiч удзельнiчаў ва ўсiх значных палiтычных i грамадзкiх кампанiях.
Альгерд НЕВЯРОЎСКI, Радыё Свабода