Будзе загранічны пашпарт
Аляксандар Лукашэнка загадаў кiраўнiцтву Мiнiстэрства ўнутраных справаў тэрмiнова вырашыць пытанне ўвядзення другога пашпарту для грамадзянаў Беларусi.
Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны палатай прадстаўнiкоў. Афiцыйныя асобы тлумачаць гэта тым, што людзi, якiя часта выязджаюць за мяжу, будуць мець меней клопатаў з заменай пашпартоў, якiя ад шматлiкiх вiзаў хутка сканчваюцца.
Значная частка грамадзянаў Беларусi раз-пораз выстойвае вялiзныя чэргi ў калiдорах гэтак званых АВIРаў, каб памяняць запоўнены вiзамi пашпарт на новы. Гэта найперш людзi, якiя паводле прафесiйных абавязкаў цi па справах бiзнесу часта выязджаюць па-за межы Беларусi. Так, статыстыка сведчыць, што кiроўцы-дальнабойшчыкi вымушаныя мяняць пашпарты 2-3 разы на год. Тое самае i са спартоўцамi. Частыя госьцi АВIРаў – гэтак званыя «чаўнакi», бiзнесоўцы, палiтыкi: практычна кожны ваяж за мяжу для iх распачынаецца з уклейвання ў пашпарт вiзы краiны прызначэння, якая займае цэлую старонку. А iх у цяперашнiм пашпарце толькi 16. У пашпартна-вiзавай службе МУС кажуць, што паратунак у дадзенай сытуацыi толькi адзiн – увядзенне адмысловага пашпарту дзеля выездаў за мяжу. Пры гэтым грамадзяне будуць мець яшчэ асобны пашпарт дзеля ўнутранага карыстання з адзнакамi пра прапiску, шлюб, дзяцей.
Радыё Свабода
|