Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 246 от 24.10.2002  

Гісторыя

На радзіме Каліноўскага

У мiнулую нядзелю ў Свiслачы па склаўшайся традыцыi ўжо шосты год запар была ўшанавана памяць нацыянальных герояў Беларускага вызвольнага руху 1863-64 гадоў. Арганiзавалi мерапрыемства мясцовыя актывiсты Беларускага народнага фронту i недзяржаўных арганiзацый. У мерапрыемстве ўзялi ўдзел прадстаўнiкi шасцi рэгiёнаў Гродзенскай вобласцi.

Па традыцыi найперш усклалi кветкi да магiлы Вiктара Калiноўскага, старэйшага брата Кастуся Калiноўскага. Прадстаўнiк Грамады В.Сазонаў падчас прамовы ўзгадаў не толькi пра Вiктара, якi быў натхняльнiкам i настаўнiкам Кастуся, але i пра тых людзей, якiя адшукалi ягоную магiлу i прывялi яе ў належны стан: Вiктара Трышчановiча, Дзiму Кiсяля, прафесара Ткачова.

Затым праз усю Свiслач калона з бела-чырвона-белымi сцягамi прайшла да помнiка К.Калiноўскага, дарэчы, адзiнага ў Беларусi. Тут таксама ўсклалi кветкi. У Свiслачы, калi памятаюць нашы чытачы, iснуе Алея герояў, дзе былы старшыня райвыканкама А.Кузьма разам зграмадзiў помнiкi Ленiну, Сталiну (адзiны ў Беларусi), савецкiм салдатам, Траўгуту i К.Калiноўскаму. Падчас ускладання кветак да помнiка Траўгуту, В.Сазонаў заўважыў, што толькi ў нашай краiне побач ставяць помнiкi нацыянальным героям i злачынцам, якiя знiшчалi народ. Ён заклiкаў людзей па ўсiх мястэчках i гарадах далучыцца да акцыi, якая праводзiцца ў Гродне па збору подпiсаў за дэмантаж помнiка Ленiна i замену яго на помнiк К.Калiноўскаму. В.Сазонаў прапанаваў праводзiць такiя акцыi ва ўсiх гарадах i мястэчках, паколькi паўсюль у Беларусi засталiся помнiкi бальшавiцкiм лiдэрам.

Пасля гэтага калона аўтамабiляў пад бела-чырвона-белымi сцягамi накiравалася ў Якушоўку на радзiму Калiноўскiх. Там таксама былi ўскладзены кветкi, апроч гэтага святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Ян Спасюк прачытаў малiтву за Беларусь.

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад