Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 246 от 24.10.2002  

Тэма

Усе мы ходзім пад Богам

«Абяцаем сабе за нас i нашчадкаў нашых на вечныя часы пад абавязкам прысягi, пад вераю, годнасцю i сумленнем нашым, што якiя мы не ёсць розныя ў веры, мiр памiж сабой захаваць i дзеля рознай веры ў касцёлах крывi не пралiваць i нiкога не караць адчужэннем мацi, знявагаю, арыштам або выгнаннем, i нiякiм уладам i ўраду ў падобных дзеяннях не спрыяць». (Статут ВКЛ 1588 г. гл.3)

Экскурс замест дыскусii

У Гродзенскай вобласцi зарэгiстравана i дзейнiчае 457 рэлiгiйных абшчын 18 канфесiй. Зразумела, што прыняцце новага Закона «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях» не магло не закрануць самiх вернiкаў. Праўда, як такога, абмеркавання гэтага выключна важнага закону ў вобласцi не адбылося. Выключэннем было хiба «падрыхтаванае» выступленне прадстаўнiкоў традыцыйных канфесiй – праваслаўнай, каталiцкай, iўдзейскай, лютэранскай i мусульманскай – у дзяржаўнай абласной газеце. Да ўсяго, выступленнi прадстаўнiкоў вышэйназваных канфесiй хутчэй нагадвалi гiстарычны экскурс, а не абмеркаванне канкрэтных артыкулаў закона. Толькi старшыня евангельска-лютэранскай абшчыны Любоў Зорына выказала думку, што «давно назрело время принять такой Закон, проект которого представлен общественности сейчас». Свой пункт погляду яна матывавала тым, «что для повышения духовного уровня белорусского народа надо отдать предпочтение традиционным конфессиям». Гэта быў практычна адзiны аргумент. Астатнiя прадстаўнiкi вышэйназваных канфесiй у сваiх матэрыялах ухiлiлiся ад выказванняў i аргументаў. Зрэшты, павiнен дадаць, што i ад кантакту з журналiстам «БI» па гэтай тэме многiя адмовiлiся, матывуючы адказ тым, што няма сэнсу пра гэта гаварыць.

З гэтага напрошваецца выснова, што людзi папросту баяцца выказвацца на гэты конт, каб не пагоршыць сваё i так не лепшае становiшча. Не думаю, што вернiкам розных канфесiй няма чаго сказаць.

Улады няроўна дзеляць

Калi ўзгадаць увесь спектр рэлiгiйных канфесiй на Гродзеншчыне, то да традыцыйных трэба было б аднесцi i яшчэ адну рэлiгiйную супольнасць – пратэстантаў. Вернiкi гэтай канфесii засталiся праiгнараванымi дзяржаўнымi СМI, хаця, згодна дадзеных Савета па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў, у вобласцi зарэгiстравана i дзейнiчае 86 пратэстанцкiх абшчын i наўрадцi хто-небудзь можа запярэчыць таму, што гэтая канфесiя не з’яўляецца на Гродзеншчыне традыцыйнай. Магчыма такое стаўленне дзяржаўнай прэсы да пратэстантаў тлумачыцца тым, што яны найбольш не пагаджалiся з сутнасцю новага Закона i дасылалi на адрас прэзiдэнта i парламента свае прапановы. Дарэчы, у сваiх пасланнях кiраўнiцтву краiны гродзенскiя пратэстанты падкрэслiвалi, што «гiсторыю Беларусi немагчыма ўявiць не толькi без праваслаўнай, каталiцкай царквы, але i без шэрагу пратэстнцкiх цэркваў, якiя задавальняюць рэлiгiйныя патрэбы, свабоды i iнтарэсы ўсiх сацыяльных плыняў сучаснага шматукладнага грамадства краiны».

Як вядома, у прэамбуле новага закону ўтрымлiваецца прызнанне вызначальнай ролi праваслаўнай царквы ў гiстарычным станаўленнi i развiццi духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа. Практычна праваслаўе ўзносiцца над iншымi рэлiгiямi. Прычым, такая пазiцыя публiчна падтрымлiваецца вышэйшым кiраўнiцтвам краiны даўно знаёмым аргументам, быццам большасць беларускага народа схiляецца менавiта да праваслаўя. Праўда, пры гэтым нiколi не ўзгадваецца той факт, што згодна з апошнiм перапiсам насельнiцтва ў нашай краiне толькi блiзка 50 працэнтаў людзей з’яўляюцца веруючымi. I толькi з гэтых 50 працэнтаў большасць праваслаўныя. Але гэта, вiдавочна, не большасць беларускага народу. Ды i потым, у цывiлiзаваным грамадстве вызначальная роля той цi iншай рэлiгii ў гiстарычным станаўленнi лiчыцца фактам i прадметам гiсторыi палiтыка-прававых з’яваў, а не крынiцай прынцыпаў права, прававых асноваў для канкрэтнага закона. Магчыма таму гродзенскiя пратэстанты прапануюць не дзялiць вернiкаў-беларусаў на «сваiх» i «чужых». Да ўсяго, гiсторыя нашай Беларусi, як нiводнай краiны, вучыць, што рабiць гэтага нельга нi ў якiм выпадку. Нездарма ж нашы продкi запiсалi словы ў Статуце ВКЛ, якiя я абраў замест эпiграфа. Яны зразумелi гэта яшчэ ў сярэднявеччы.

Лiрычнае адступленне

Вялiкi князь Вiтаўт, якi шмат зрабiў у свой час для збiрання беларускiх зямель i ўмацавання дзяржаўнасцi, у сiлу палiтычных абставiнаў вымушаны быў неаднойчы змяняць веру. Але i ў яго часы на нашых землях нi адной з рэлiгiй дзяржаўнымi мужамi не аддавалася нiякай перавагi. Больш таго, калi ўзгадаць таго ж Вiтаўта, iснуе цiкавае меркаванне аднаго беларускага гiсторыка аб тым, што пасля пераходу яго з праваслаўя ў каталiцызм, на нашай зямлi ўзнiклi два ўнiкальныя праваслаўныя храмы – Мураванская i Сынкавiцкая цэрквы. Навукоўцы дагэтуль б’юцца над пытаннем, хто мог фундаваць iх будаўнiцтва ў аддаленых вёсках. Па версii гiсторыка, iх будаўнiцтва фундаваў Вiтаўт, якi хаваўся ў гэтых мясцiнах пасля знакамiтага пабегу з Крэўскага замка. Менавiта пасля гэтага ў сiлу палiтычных прычынаў яму давялося змянiць рэлiгiю, але памяць аб тым, што ён быў праваслаўным засталася ўнiкальная. Падобных помнiкаў праваслаўя няма нiдзе ў свеце.

Дарэчы, Вiтаўт зафундаваў i будаўнiцтва першага касцёла ў Гродне, якi быў названы яго iмем. На жаль, ягоны лёс стаўся не самым ўдалым: помнiк архiтэктуры i культуры нашага народа не здолеў перажыць бальшавiцкiя часы. Але прыклад Вiтаўта для сучаснага кiраўнiцтва краiны – паказальны.

Зрэшты, гэта так, лiрычнае адступленне.

Крыўды пратэстантаў

Дзмiтрый Саковiч, дз’якан царквы евангельскiх хрысцiян баптыстаў з Гродна распавядае нам у рэдакцыi, што згодна новага закона «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях» грамадзяне пазбаўляюцца магчымасцi малiцца, калi яны не зарэгiстраваны ў рэлiгiйную абшчыну, колькасць якой павiнна налiчваць не менш 20 чалавек. Да таго, забараняецца збiрацца i малiцца ў сваiх дамах. А як жа быць сталым людзям у малых вёсках, дзе пратэстантаў толькi некалькi сем’яў? Куды i як iм дабiрацца, калi ў большасць вёсак i мястэчак не даходзяць маршрутныя аўтобусы? – «Уявiце сабе, – кажа нам дз’якан, – што згодна новага закона, каб зарэгiстраваць абшчыну, неабходна не толькi, каб яна налiчвала не менш 20 чалавек, але праiснавала не менш 10 гадоў. Але як i ў якiх прававых межах яна павiнна iснаваць гэтыя 10 гадоў да рэгiстрацыi? Незаконна? Кiруючыся новым законам участковы ў вёсцы можа прыйсцi i скласцi пратакол на двух-трох цi дзесяць бабуляк, якiя сабралiся ў адным доме i моляцца Богу, толькi таму, што iх абшчына не зарэгiстраваная, а не зарэгiстраваная паколькi не праiснавала 10 гадоў i не набiраецца 20 чалавек...»

Дарэчы, у артыкуле 31 Канстытуцыi Беларусi гаворыцца, што кожны мае права самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, самастойна або сумесна з iншымi спавядаць любую рэлiгiю.

Што яшчэ стала крыўдным, па словах Д.Саковiча, падчас, калi распрацоўваўся праект Закона. Заканадаўцы выслухоўвалi ў большасцi думкi i iдэi ў асноўным толькi праваслаўных вернiкаў, пратэстантаў нават нiхто аб гэтым не запытаў, iх iгнаравалi, як неiснуючых. Яны самi дасылалi прапановы, але не атрымлiвалi на iх нiякiх адказаў.

Не згодны пратэстанты i з такiм новым паўнамоцтвам рэгiстрыруючых органаў, як прыпыненне дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый да вынясення судовага рашэння. На iх думку, гэта таксама супярэчыць Канстытуцыi краiны, паколькi нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым, пакуль гэтага не вырашыць суд. З увядзеннем новага закона, па словах дз’якана Саковiча, ўводзiцца цэнзура на лiтаратуру, якую распаўсюджвае царква, што абсалютна не адпавядае дэмакратычным нормам. Якiм водарам часоў савецкага бальшавiзму пацягвае, цi не праўда?

Крыўдна гэта яшчэ i таму, па словах Д.Саковiча, што пратэстанты – гэта таксама звыклыя грамадзяне Беларусi, а не замежнай краiны, яны шмат сiлаў аддаюць на тое, каб сумесна з iншымi людзьмi адбудоўваць сваю краiну, дапамагаюць бедным i сiрататам, стараюцца дастаўляць гуманiтарную дапамогу. Канешне, яны i надалей будуць працягваць рабiць добрыя справы для народа Беларусi, нягледзячы на тое якiм бы не быў новы закон. – Галоўнае, каб дзяржава таксама не грэбавала iмi, паўнапраўнымi грамадзянамi – расчулена кажа дз’якан.

Ёсць над чым падумаць

I яшчэ, з уласных назiранняў. «БI» на працягу трох гадоў асвятляла праблему Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы. Практычна на працягу трох гадоў яе спрабаваў зарэгiстраваць святар Ян Спасюк з пасёлка Пагранiчны Бераставiцкага раёну. Але ўлады ўсяляк супрацiўлялiся гэтаму. Чаму? У прыватных размовах ад чыноўнiкаў я чуў аргументы накшталт таго, што «Спасюк – гэта не тая асоба», што «гэта царква зарэгiстравана ў Амерыцы i хай сабе там развiваецца». Дзiўная логiка, калi не сказаць болей. У Беларусi многiя чыноўнiкi кажуць, што прэзiдэнт Лукашэнка – не той чалавек, якi можа i павiнен займаць найвышэйшую пасаду, але гэтай памылкi не можа паправiць нiводзiн з iх. З царквой, аказваецца, прасцей.

А калi людзi ў вёсцы выбралi сабе беларускую праваслаўную царкву замест рускай праваслаўнай, то iх можна вадзiць за нос, здзеквацца над iх бацюшкам, ягонай сям’ёй, разбурыць недабудаваны храм. Дзе тады, прабачце, павага, да выбару грамадзян Беларусi i справядлiвасць усёведаючых i могучых чыноўнiкаў?

У асабiстых размовах з вернiкамi з Пагранiчнага я высветлiў, што яны iдуць у беларускую аўтакефальную царкву таму, што там не бяруць пабораў за хрысцiны, вянчаннi i адпяваннi, а ставяцца па-хрысцiянску i моляцца Богу. У Рускай жа праваслаўнай царкве прэскуранты цэнаў вiсяць, як у фiрмовых крамах – колькi за што. Аб гэтым казалi звычайныя прыхажане.

Дарэчы, у прыватных размовах з праваслаўнымi святарамi таксама даводзiлася чуць iх незадаволенасць тым, што епархii iх абiраюць, з кожным месяцам патрабуючы большых i большых узносаў. А куды далей iдуць гэтыя грошы? Пра гэта не ведаюць не толькi простыя вернiкi, а нават i святары. Таму i нараджаюцца здагадкi, што яны далей накiроўваюцца ў Маскву. А колькi можна выцягнуць з беднай беларускай вёскi, у якой мiзэрная пенсiя, дзе па некалькi месяцаў не плацяць заробкаў.

Вiдавочна, асаблiва з прыняццем новага закона, што РПЦ зрастаецца з дзяржавай, становiцца практычна дзяржаўным iнстытутам i практычна мае ўплыў на дзяржаўныя iнтарэсы. Вось толькi паўстае пытанне: наколькi гэта законна, справядлiва i наколькi гэта адпавядае iнтарэсам нашай дзяржавы?

Зрэшты, гэта пытанне для дыскусii, i асаблiва было б прыемна, каб у ёй узялi ўдзел прадстаўнiкi Рускай праваслаўнай царквы.

Без «наездаў i накатаў»

Закон пакуль не падпiсаны прэзiдэнтам, але, на жаль, няма нiякага сумневу, што гэта будзе зроблена ў блiжэйшы час. Магчыма, пакуль выйдзе нумар «БI» гэта ўжо будзе зроблена. Прэзiдэнт ведае, што такi законапраект ёсць, але яму яшчэ яго на подпiс не прадстаўлялi. Тым не менш А.Лукашэнка ўжо публiчна агучваў, што ўмацоўваюцца пазiцыi праваслаўнай царквы ў Беларусi. Ён лiчыць праваслаўе вызначальнай рэлiгiяй i будзе ўсяляк яго падтрымлiваць.

На ягоную думку, закон урэшце «канчаткова раcставiў усе кропкi над «i». Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што некаторыя неадназначна ўспрынялi гэты закон, якi паводле беларускага лiдэра не ўтрымлiвае нiякiх «наездаў i накатаў».

Эпiлог

У данай сiтуацыi хочацца яшчэ раз вярнуцца да гiсторыi. У 16 стагоддзi Гродна наведаў французскi летапiсец, якi заставiў у сваiх запiсах цiкавую памятку. Ён назваў наш горад – горадам храмаў. Ёўрапейца здзiвiла не тое, што ў Гродне стаяла папросту шмат храмаў, а тое, што яны былi розных канфесiй: праваслаўнай, каталiцкай, унiяцкай, лютэранскай, мусульманскай, iўдзейскай. У цывiлiзаванай Еўропе ў сярэднявеччы такое было немагчымым. Сапраўды было чаму здзiўляцца. Гэта можна было назваць мудрасцю нашага народу i ганарыцца гэтым. Аднак у 21 стагоддзi мы iдзем нейкiм iншым шляхам, якi нават невядома куды вядзе. У тым лiку i ў рэлiгiйным жыццi, магчыма, самай складанай чалавечай сферы.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад