Памяці архіепіскапа Яўгенія
Сумная вестка прыйшла на Навагрудчыну: заўчасна памёр сын гэтай зямлi архiепiскап Тамбоўскi i Мiчурынскi Яўгенiй (у мiры Ждан Яўгенiй Барысавiч). Ён нарадзiўся ў 1942 годзе. Закончыўшы зубаўрачэбнае вучылiшча, працаваў у стаматалагiчных клiнiках, служыў у войску.
Затым у жыццi нашага земляка наступiў новы этап. Яўгенiй Барысавiч вучыцца i паспяхова заканчвае Ленiнградскую духоўную семiнарыю, там жа – аднайменную духоўную акадэмiю, а ў 1979 годзе – аспiрантуру Маскоўскай духоўнай акадэмii. Адначасова з вучобай у Маскве працаваў у аддзеле знешнiх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата. Потым выкладаў у Ленiнградскай духоўнай акадэмii i адначасова з’яўляўся сакратаром Ленiнградскага епархiальнага ўпраўлення.
У маi 1987 года архiмандрыт Яўгенiй рукапакладзены ў епiскапа Тамбоўскага i Мiчурынскага. Пазней стаў архiепiскапам. Ён шмат зрабiў для адраджэння духоўнага жыцця на Тамбоўшчыне. Колькасць праваслаўных прыходаў у епархii вырасла з 38 да 120. Адкрыты два манастыры, епархiальнае духоўнае вучылiшча. Разам з вернiкамi Тамбоўскай епархii смуткуюць у сувязi з канчынай архiепiскапа Яўгенiя i навагрудчане.
А.ЖАЛКОЎСКI
|