Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 252 от 05.12.2002  

Словы ўдзячнасці, ці словы папроку

давядзецца пачуць нам ад нашчадкаў за нерэалiзаваныя магчымасцi свайго пакалення...

У Гродне завяршылася мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Эколага-прафiлактычныя праблемы здароўя насельнiцтва». Такiя сустрэчы праходзяць у нас кожны год.

Сярод арганiзатараў – Мiнiстэрства аховы здароўя, абласное аддзяленне Беларускага навуковага таварыства гiгiенiстаў, абласны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii, а таксама Гродзенскi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт.

Стадыя дэмаграфiчнай старасцi

Галоўны ўрач Гродзенскага абласнога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Вiктар Пышны распавёў аб праблемах здароўя насельнiцтва, навакольнага асяроддзя i аб ролi сацыяльна-гiгiенiчнага манiторынгу на Беларусi.

Па ацэнках спецыялiстаў, мы цяпер знаходзiмся ў стадыi дэмаграфiчнай старасцi. Гэта значыць, нашае грамадства не здолее аднавiць сябе ў будучым.

Як жа пераадолець такую непажаданую тэндэнцыю? Прафiлактыка дарожна-транспартных здарэнняў i выпадковых атручванняў алкаголем дазволiла б iстотна знiзiць смяротнасць. Як нi парадаксальна, але самыя неабароненыя ў нас – мужчыны. На iх плячах ляжыць уся адказнасць за сям’ю. Яны ж найбольш падуладны стрэсам. Смяротнасць моцнай палавiны ў чатыры разы большая, чым сярод жанчын.

Фактары рызыкi для нашых людзей: лад жыцця, харчаванне. Сучасны чалавек кепска харчуецца. Асаблiва дзецi. А менавiта ва ўзросце 10-11 год фармiруецца нярвовая сiстэма, органы пачуццяў. Час усiм зразумець, што здароўе дзетак – крытэрый сацыяльна-эканамiчнага дабрабыту нашага грамадства.

Выступаючыя на канферэнцыi агучылi iнфармацыю пра так званы iндэкс здароўя. Гэта комплексны паказчык, якi ўлiчвае многiя фактары. Дык вось, па нашай вобласцi iндэкс здароўя склаў 49,2%. Вышэй сярэдняга гэты паказчык у Астравецкiм, Воранаўскiм, Дзятлаўскiм, Ваўкавыскiм раёнах. А вось у Зэльвенскiм ды Ашмянскiм раёнах iндэкс здароўя нiжэй. Што i непакоiць спецыялiстаў-медыкаў, якiя спрабуюць высветлiць прычыны.

Па сутнасцi, нашаму пакаленню давядзецца пачуць ад нашчадкаў альбо словы ўдзячнасцi, альбо словы папроку за нерэалiзаваныя магчымасцi.

Цэзiй ды стронцый

Аналагiчныя праблемы вырашаюць i нашыя суседзi з памежных рэгiёнаў. На канферэнцыi былi госцi з Польшчы i Лiтоўскай Рэспублiкi.

Загадчык радыёлагiчнага аддзела Нацыянальнай ветэрынарнай лабараторыi ў Вiльнi П.Друля стала бярэ ўдзел у такiх сустрэчах. У сваiм выступленнi ён гаварыў аб сваёй працы па аналiзу ўтрымання радыёнуклiдаў – стронцыя ды цэзiя – у прадуктах харчавання. Як ветэрынарны ўрач, ён сочыць за гэтымi працэсамi на працягу многiх гадоў – з часу катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Наш госць прадэманстраваў усiм карту, на якой заўважны шэры след радыёактыўных хмараў ад Чарнобыля. Чорная бяда прайшла не толькi над Беларуссю, а сягнула нават Скандынавii. Перапала радыёнуклiдаў i палеткам, i лясам. У Лiтве чарнобыльскi след заўважаны таксама. Таму мясцовыя спецыялiсты вельмi ўважлiва правяраюць прадукты харчавання, што трапляюць на стол спажыўца: свiнiну, ялавiчыну, дзiчыну, малако. Асаблiвую ўвагу нашыя суседзi ўдзяляюць грыбам. У Лiтве каля дзесятка прыватных фiрм займаюцца нарыхтоўкай i продажам на Захад грыбоў. Шмат лясных дароў прывозяць з Беларусi i Украiны, – да 3 тысяч тон у год. Прадукцыю, у якой утрыманне цэзiя ды стронцыя перавышае норму, адпраўляюць назад.Так паступiлi з журавiнавым сокам, прывезеным з Украiны. Бывае, што «выбракоўваюць» i яшчэ адзiн экспартны тавар – сухое малако. Прычым, вытворцы навучылiся працаваць так, што ўтрыманне радыёнуклiдаў на мяжы прыймальнага.

Усяго сёлета супрацоўнiкi Нацыяльнай ветэрынарнай лабараторыi Лiтвы правялi 2 тысячы проб на ўтрыманне радыёнуклiдаў у розных прадуктах харчавання. На думку кiраўнiка лабараторыi, цяпер сiтуацыя стабiлiзавалася i падстаў для трывогi няма.

Праблемы агульныя

Прафесар з Польшчы Мажэна Бiнчыцка-Алхолцэр гаварыла аб рэчах, што, на першы погляд, не такiя надзённыя. Аб прыродзе агрэсiўных паводзiнаў, дэпрэсii, агульным стане здароўя грамадства. Колькi трагедый адбываецца на бытавым узроўнi – у сем’ях... Уплывае на гэта i жыллёвая сiтуацыя, i пагроза беспрацоу’я, i бясконцая пагоня за заробкамi. У той жа Амерыцы ажно 18 мiльёнаў грамадзян церпяць ад дэпрэсii. Звычайна, у вельмi складаным становiшчы пенсiянеры, якiя пасля выхаду на заслужаны адпачынак страчваюць звыклыя сувязi, трапляюць у глыбокую сацыяльна-псiхалагiчную яму. Адмоўна ўплывае на развiццё грамадства i падзенне нараджальнасцi. Варта ўспомнiць, што раней пад адным дахам жылi розныя пакаленнi. Тады старэйшыя маглi быць прыкладам у жыццi.

Востра стаiць ва ўсiм свеце праблема алкагалiзму, псiхiчнай iнвалiдызацыi. Яе каранi– генетычныя, экалагiчныя фактары. Дэпрэсii, хранiчныя захворваннi цэнтральнай нярвовай сiстэмы становяцца звыклымi спадарожнiкамi сучаснага чалавека.

На думку польскiх медыкаў, выпадкi агрэсiўных паводзiн абумоўлены сацыяльнымi фактарамi. Гэта рэакцыя на цяжкую жыццёвую сiтуацыю. Па дадзеных спецыялiстаў, 90% забойстваў – абумоўлены агрэсiўнымi паводзiнамi. Яшчэ адна праблема грамадства – самотнасць. Не выпадкова цяпер у Польшчы нават створана таварыства папярэджання суiцыдаў.

Iнфармацыя для роздуму

Тое, аб чым гаварылася на канферэнцыi, прымушае задумацца. На Беларусi нараджальнасць за апошнiя два гады знiзiлася з 13,9 да 9,2 на тысячу насельнiцтва. Смяротнасць склала летась 14 выпадкаў на адну тысячу насельнiцтва. Такi ўзровень быў зафiксаваны ў 1940 годзе. Асноўныя прычыны – хваробы кровезвароту, новаўтварэннi, траўмы i атручваннi.

Ёсць такое паняцце як «чакаемая працягласць жыцця». На жаль, у нас тэндэнцыя неспрыяльная: гэты паказчык з 1996 года знiзiўся на 3,4 года.

Як вырашаць гэтыя праблемы? Вiдаць, толькi з улiкам цэлага комплексу фактараў. У тым лiку абапiраючыся на досвед нашых суседзяў.

Р.ПАЎЛАЎ

Назад