Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 253 от 12.12.2002  

Інтэрв'ю

Хачу напісаць нешта іншае

Госць «БИ» – мастак Аляксандр Сiльвановiч. Нарадзiўся ў Гродне, з 1972 па 1982 год вучыўся ў рэспублiканскай школе-iнтэрнаце па музыцы i выяўленчаму мастацтву. З 1987 па 1992 г.г. – вучоба ў Беларускай акадэмii мастацтваў на аддзяленнi манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У 2000 годзе – прэмiя Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненнi ў галiне культуры i мастацтва» у намiнацыi «Лепшы мастак года». Удзельнiчаў больш чым у трыццацi выставах, у тым лiку i за межамi Беларусi.

– Саша, як жывецца сёння мастаку ў Гродне, як працуецца?

– Здавалася б, простае пытанне...

Я задаволены тым, што жыву ў Гродне. Па-першае, гэта прыгожы горад, а па-другое, тут жыве шмат цiкавых мастакоў, якiя некалi, як я, вучылiся ў Мiнску, а затым прыехалi ў Гродна. Гэта людзi прыкладна аднаго ўзросту – у сярэднiм 40 гадоў. У нас даволi актыўнае творчае жыццё: выставы, пленэры. Гродзенцы, дарэчы, на вiду i на мiнскiх выставах, заўсёды прадстаўлены. Прычым так, што нiколi не бывае сорамна. У гэтым асяроддзi, мне асабiста, працуецца творча i цiкава. Iншая справа, што iснуюць яшчэ i матэрыяльныя патрэбы: зарабляць на хлеб, плацiць за майстэрню. Гэта трэба рабiць, i нiкуды ад гэтага не дзенешся. Але i з гэтым можна справiцца ў нашых умовах, калi чалавек працуе. Жыццё складанае, падчас i зусiм не спрыяльнае, але разам з тым iснуюць i цiкавыя моманты.

– Што датычыць асяроддзя, мне заўсёды здавалася, што мастак працуе на адзiноце.

– На першым плане, як правiла, у мастака асабiстае «я», але мне, напрыклад, заўсёды цiкава, што робяць iншыя прафесiяналы i што яны скажуць аб маiх працах. Мастак, так цi iнакш, працуе адзiн, але творчы дыялог з калегамi яму патрэбны, iнакш складана ўвесь час варыцца толькi ў сваiм саку.

– Тэматыка тваiх карцiнаў даволi разнастайная. Прычым, сярод вобразаў не толькi розныя эпохi, культуры, асобныя тэмы, з’явы. Адзiнае, на мой погляд, што iх аб’ядноўвае – ты выбiраеш толькi добрыя вобразы, хаця пошук iсцiны, звычайна, пралягае праз супрацьлегласцi.

– Я сам нiколi аб гэтым не задумваўся. Магчыма, адмоўныя вобразы адмятаюцца яшчэ на стадыi iдэi. Справа ў тым, што карцiны часцей за ўсё даводзiцца задумваць для некага, на продаж, таму ў сваiм канечным варыянце яны павiнны, на мой погляд, несцi нешта добрае.

– Ты купляеш карцiны iншых мастакоў?

– Практычна не. Хаця я адназначна магу сказаць, працы якiх мастакоў для мяне цiкавыя. Хачу зазначыць яшчэ, што сучасная беларуская школа мастацтва выглядае даволi прыстойна. Я, напрыклад, зрабiў такую выснову, паглядзеўшы галерэi ў Харватыi, Польшчы, Лiтве. Мне прыемна, што ў Беларусi iснуе прыстойная мастацкая школа i я таксама да яе належу.

– Саша, у якiм напрамку ты працуеш, як можна ахарактарызаваць твой стыль?

– У свой час, калi праходзiла адна з першых маiх выставаў у Гродне, мастацтвазнаўца Наташа Шэляговiч вызначыла накiрунак, у якiм я працую, як прадметны сiмвалiзм. Я з гэтым не спрачаюся, цалкам давяраю прафесiйным мастацтвазнаўцам.

– На твой погляд, культура ў стане хоць нейкiм чынам змягчыць душу сучаснага чалавека?

– Думаю, так. I, дарэчы, на мой погляд, культура – гэта тое адзiнае, што можа паўздзейнi-чаць на душу сучаснага чалавека. Калi толькi чалавек дакранецца да культуры, уцягнецца, адчуе, што яму гэта патрэбна на штодзень, ён сам зразумее, што гэта ўздзейнiчае i змяняе яго.

– Пасля прагляду тваiх карцiнаў людзi гатовы дзейнiчаць?

– Магчыма. Паколькi пасля маiх персанальных выставаў застаюцца запiсы наведвальнiкаў у кнiзе водгукаў. Чытаючы iх, я разумею, што нечым закрануў людзей. Прычым, мне пiсалi не толькi беларусы, але i французы, iтальянцы. Гэта было цiкава i вельмi прыемна.

– Што цябе хвалюе ў жыццi, побач чаго ты не можаш абыякава прайсцi?

– ...Зараз столькi ўсяго хвалюе. Хвалюе сям’я, блiзкiя i дзяржава хвалюе i тое, што няма бел-чырвона-белага сцяга, ды ўсё тое, што хвалюе кожны дзень усiх нармальных людзей.

– У цябе ёсць карцiны, якiмi ты асаблiва ганарышся?

– У мяне ёсць карцiны, якiя засталiся з першых выставаў. Я iх нiкому не прадаваў, яны накшталт талiсмана. Вось, напрыклад, «Чарапаха», якая вiсiць у майстэрнi. Мне здаецца, што падобныя працы ёсць у кожнага мастака – яны найбольш дарагiя, магчыма, таму, што найбольш удалыя. Хаця, з другога боку, над кожнай работай працуеш, выношваеш у думках, абласкваеш, потым ствараеш. На кожную працу затрачваеш частку сябе. Толькi ў вынiку здараецца так, што нейкую працу хочаш абавязкова пакiнуць для сябе.

– У майстра часам наступае такi перыяд у творчасцi, калi ён адчувае асаблiвую асалоду ад перажывання свабоды, калi ён дазваляе сабе не залежыць ад канонаў, ад уздзеяння настойлiвай моды, паколькi сам становiцца не проста модай, а законам. Табе ўдавалася перажываць нешта падобнае?

– Думаю, што перажыць такога яшчэ не ўдалося, але, мне здаецца, я магу ўяўляць, наколькi гэта здорава. Хаця гэта даволi складана, паколькi нават вельмi вопытныя i таленавiтыя мастакi заўсёды звяртаюцца i аглядваюцца на вялiкае, на тое, што прызнана светам. Гэта дапамагае думаць, працаваць.

– Мне даводзiлася сутыкацца з думкай, што мастакi пазбягаюць жоўтага колеру таму што ён складаны для перадачы. Гэта сапраўды так?

– Ведаеш, я нiколi не зацыклiваўся на гэтым. У мяне ёсць любiмы каларыт – умбрыста-сiневаты. Наогул, мой жывапiс даволi стрыманы, але на ўзроўнi класiкаў, не думаю, што жоўты колер быў бы нежаданым. Вазьмi, напрыклад, Ван Гога, ягоныя падсолнухi. Там жоўты колер – адзiн з галоўных, прычым, пададзены каларытна, адкрыта.

– Ты сумуеш па чым-небудзь?

– Бывае, часам. Але нейкай моцнай настальгii няма. Магчыма, таму, што мой шлях яшчэ па сходах скiраваны наверх. Я пакуль часцей гляджу ўперад, а не назад.

– Як ты ацэньваеш стан культуры ў нашым горадзе?

– Я з задавальненнем люблю глядзець спектаклi нашага лялечнага тэатра, пастаўленыя рэжысёрам Жугждам. У нас ёсць цiкавыя танцавальныя калектывы, прычым, як народнага танца, так i сучаснай харэаграфii. Я заўсёды стараюся наведваць выставы ў гарадскiх галерэях. Гэта, калi так сказаць, непасрэдна адносiцца да мастацтва. Што датычыць культуры ў агульным сэнсе, то тут значна складаней. У нашым горадзе, на жаль, мала кавярняў, цiкавых месцаў, дзе б жадалi збiрацца людзi, бавiлi час, размаўлялi за кубачкам гарбаты. Мы не ўмеем гэтага, але таму, што не маем такой магчымасцi. Людзi бадзяюцца па вячэрняму гораду з бутэлькай пiва ў руках i чагосьцi шукаюць, але калi прыйдзе той час, калi яны могуць знайсцi хаця б месца, дзе можна прысесцi, спакойна падумаць, пагаварыць з другiмi людзьмi. У гэтым сэнсе культура ў нашым горадзе патрабуе зменаў.

– Якiмi працамi ў блiжэйшы час ты парадуеш публiку?

– Цяжка пакуль сказаць, але думаю, што гэта будзе ўжо не гiстарычная тэматыка, паколькi шэраг выстаў запар былi гэтаму прысвечаны, i я адчуў, што хачу напiсаць нешта iншае.

– Ты, дарэчы, вязеш выставу ў Мiнск, жадаю поспехаў у сталiчнага гледача.

Гутарыў Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад