Незгаворлівая пракуратура
Начальнiк Iўеўскай мiлiцыi на аснове складзенага пратакола падверг штрафу ў 5 тысяч рублёў непаўналетняга А.Мацанава. Хлопец быў затрыманы супрацоўнiкамi мiлiцыi познiм вечарам у бары. Аднак пракурор раёна адмянiў пастанову мiлiцэйскага чыноўнiка, паколькi справы падлеткаў разглядаюцца ў камiсiях па справах непаўналетнiх. Пракурор прапанаваў дзейнiчаць згодна з Кодэксам аб адмiнiстацыйных правапарушэннях i не перавышаць паўнамоцтваў.
Iўеўская пракуратура не згадзiлася i з пастановай мясцовага суда. Калi адзiн з суддзяў паблажлiва аднёсся да вадзiцеля «Фольксвагена» А.Уса, якi кiраваў машынай у нецвярозым стане i ў вёсцы Дайлiды наехаў на дом. За гэта небарака быў падвергнуты толькi штрафу. Аднак пракуратура адрэагавала па-iншаму i пастанова суддзi была адменена. Спадар Ус пазбаўлены пасведчання на права кiраваць транспартным сродкам.
С.РАЦКЕВIЧ
|