Уласнае меркаванне
Чым мы горшыя за Баранавічы?
Як паведамiла Радыё Свабода, Баранавiчы могуць стаць першым горадам, дзе з’явiцца вулiца, названая iмем Аляксандра Лукашэнкi. З такой iнiцыятывай выступiў калектыў прадпрыемства «Баранавiчымежрайгаз».
Справа зусiм не ў тым, што працаўнiкi «Баранавiчымежрайгазу» у захапленнi ад дасягненняў беларускага прэзiдэнта. Проста беспаспяхова скончылiся ўсе iншыя спробы неяк упарадкаваць вулiцу iмя 50-годдзя ВЛКСМ, на якой i знаходзiцца прадпрыемства. Газавiкам збрыдзела ўжо больш дзесяцi гадоў хадзiць па лужах ды бруду, а таксама пастаянна выслухоўваць папрокi клiентаў. На неаднаразовыя звароты прывесцi вулiцу ў прыстойны выгляд Баранавiцкi гарвыканкам адказваў абяцанкамi.
На нядаўнiм сходзе працоўнага калектыву прадпрыемства «Баранавiчымежрайгаз» пастанавiлi звярнуцца да гарадскiх уладаў з iнiцыятывай пераiменаваць вулiцу 50 гадоў ВЛКСМ у вулiцу iмя першага прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Газавiкi ўпэўненыя, што, калi вулiца будзе насiць iмя Лукашэнкi, то грошы на яе ўпарадкаванне хутка знойдуцца.
Цяпер гарадское кiраўнiцтва ў складаным становiшчы: адмахнуцца ад такой iнiцыятывы няпроста, а пайсцi насустрач – дык i сродкi сапраўды давядзецца адшукаць, i, галоўнае, рэакцыя грамадскасцi далёка не адназначная. Адносна пераiменавання вулiцы 50 гадоў ВЛКСМ у вулiцу iмя Лукашэнкi сярод яе жыхароў часцей можна пачуць меркаваннi, як у адной спадарынi: «Яна i цяпер носiць далёка не самую прыгожую назву, не вельмi яна цешыць. Але, як толькi я пра гэта пачула, думка ўзнiкла адна: мабыць, давядзецца мяняць кватэру» – цытуе Радыё Свабода.
Мушу зазначыць, што iдэя гэта не новая. Сярод патрыётаў горада Гродна яна вiруе ўжо доўгiя гады. Больш таго, i вулiца ў нашым горадзе ёсць значна цiкавейшая. Да таго, адрамантаваная, прыведзеная ў належны выгляд. Сапраўды будзе не сорамна за тое, што яна носiць iмя А.Лукашэнкi. Гэта вулiца Ленiна. I самае галоўнае, што гiсторыя змены назваў гэтай вулiцы найбольш адпавядае таму, каб змянiць на ёй шыльдачкi. Нагадаю, што адпачатку яе з’яўлення яна называлася Сафiйскай, за польскiм часам – Pilsudskiego, падчас Другой сусветнай вайны – Hitlerstrabe, пасля вайны – Сталiна, а пасля яго канчыны – Ленiна. Але, як вы самi разумееце, эпоха Ленiна адышла, а ў Беларусi ўрэшце з’явiлася не толькi незалежнасць, але i першы прэзiдэнт. Лагiчна было б змянiць назву вулiцы, каб працягнуць гiстарычную традыцыю, закладзеную нашымi продкамi. Цi, можа, хто-небудзь супраць?
М.МIКАЛАЙЧЫК
|