Гродзенскаму абласному драматычнаму тэатру 55 год
Сёлетнi тэатральны сезон для Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра юбiлейны. Прайшло 55 год з дня заснавання тэатра, i нямногiя гродзенцы сёння памятаюць, што яго аснову склала трупа Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра, якая пераехала ў Гродна, як i першага мастацкага кiраўнiка тэатра, якiм быў вядомы рэжысёр – буйны тэатральны дзеяч Мiкалай Кавязiн.
Адкрыўся тэатр 20 кастрычнiка 1947 года спектаклем «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага. М. Кавязiн адыграў важную ролю ў станаўленнi калектыву i вызначыў асноўны накiрунак тэатра. Ен клапацiўся пра пастаяннае абнаўленне трупы, ў тым лiку з выпускнiкоў маскоўскiх тэатральных ВНУ. У фармiраваннi рэпертуару перавага аддавалася класiчным творам: П.Кальдэрона, К Гальдонi, О.Гольдсмiта, А.Астроўскага, М.Горкага.
Працаваць калектыў пачаў у тэатральным памяшканнi, пабудаваным у ХYIII стагоддзi па загаду гродзенскага старосты Антонiя Тызенгаўза. Дзякуючы iтальянскаму архiтэктару Дж.Сака (памяшканне тэатра – не адзiны яго будынак у Гродна) зала тэатра была маленькай копiяй залi ў тэатры Ла Скала, пабудаванай па «iтальянскай крывой», i была вельмi ўтульнай. Яе класiчная прыгажосць некалi ўсхвалявала маленькую вясковую дзяўчынку. Уражаннi ад убачанага вызначылi яе далейшы лес. Гэтай дзяўчынкай была народная артыстка БССР Лiлiя Давiдовiч. Потым, працуючы ў Купалаўскiм тэатры, яна нiколi не зыбывала прыгажосць i ўтульнасць тэатральнай залi i свае першыя акцёрскiя крокi на гродзенскай сцэне.
Амаль сорак гадоў юцiўся тэатр у старым тэатральным будынку. Ў 1950 годзе М.Кавязiна не стала. Пазней галоўнымi рэжысёрамi, пленная праца якiх спрыяла поспеху тэатра амаль сорак гадоў, былi Ю.Юроўскi (1950), I.Парамонаў (1950-1952), А.Мiронскi (1953-1955), I.Папоў (1955-1963), А.Струнiн (1963-1975), У.Караткевiч (1975-1980), А.Шалыгiн (1982-1984).
Нельга забыць такiх акцёраў, як народны артыст БССР Я.Кiмберг, засл. артысты С.Аляксандраў, М.Астанкова, А.Бiрычэўскi, Г.Глiнаецкi, В.Грачынскi, С.Iванова, М.Кавязiна, Л.Сторажева, П.Фiлiпаў, А.Цароў, Ю.Нiкiцiн, Т.Нiкалаева, А.Панкрат, З.Асмалоўская, Г.Дубаў, Т.Шашкiна, А.Леонаў, Н.Мелiхава.
Галоўнымi мастакамi тэатра былi: М.Гафт (1959-1965), М.Якунiн (1966-1984).
У 1984 годзе быў зданы ў эксплуатацыю новы будынак тэатра (ленiнградскi архiтэктар Г.Мачульскi). Цяжка было раставацца са старым тэатральным будынкам, з якiм у некаторых было звязана ўсе жыцце, а асаблiва акцерам сталага ўзросту. Многiя з iх, як, напрыклад, заслужаны артыст Беларусi Вiтольд Грачынскi, так i засталiся ва ўспамiнах гледачоў на сцэне старога тэатра i не пажадалi прыстасоўвацца да менталiтэту сучасных канструкцый, але не пераставалi цiкавiцца творчымi здабыткамi сваiх калег.
ТРОШАЧКI З ГIСТОРЫI
Гродзенцы, якiя шануюць свой горад за яго старажытную гiсторыю, вузкiя вулачкi, велiчныя касцёлы, спачатку новы тэатральны будынак неўзлюбiлi. Для каго ён нагадваў касмiчны аб’ект, для каго – перавернуты дагары нагамi табурэт. На сiнонiмы не скупiлiся. Сапраўды, ленiнградскiя архiтэктары не вельмi ж паклапацiлiся, каб новы будынак упiсаўся ў старажытнае аблiчча горада. Яго архiтэктура штучная, макетная, аналагаў якой ў Гродна не было. Да таго ж, людзi сталага ўзросту яшчэ добра памяталi, што на гэтым месцы (у народзе званым «Цiхавень») да вайны стаяў Свята-Барысаглебскi манастыр. У iканастас яго сабора ў 1854 годзе з Барысаглебскай каложскай царквы быў перанесены шанаваны абраз «Мацi Божая Адзiгiтрыя». Праваслаўны манастыр быў перабудаваны з Кляштару Бернардынак (1621-1651, быў фундаваны старостам жмудскiм Геранiмам Валовiчам ) пасля 1863 года.
Адна шляхетная панi, гродзенка, якая калiсьцi вывучалася да 1939 года ў гiмназii пры Свята-Барысаглебскiм манастыры, расказвала мне, што нягледзячы на тое, што манастыр праваслаўны, – навучанне вялося на польскай мове, але гэта ўспрымалася нават нармальна. Цiкавай падалася мне школьная эстэтыка таго часу. Навучэнцы гiмназii павiнны былi абавязкова насiць гiмназiйную форму. Пан дырэктар пазнаваў, у якой классе вучыцца той цi iншы вучань, па колеру бабачкi на шыi ў хлопчыка i па колеру банта на валасах дзяўчынкi. Напрыклад, вучнi другой класы насiлi бабачкi i банцiкi жоўтага колеру i г.д. Выкладчыкi звярталiся да сваiх падапечных па прозвiшчу, але перад iм абавязкова «пан» цi «панi». Можа таму i дзецi вялi сябе вельмi прыстойна i годна. Але вернемся да тэатра.
Такiм чынам, месца, на якiм быў узведзены новы тэатральны будынак, як паказвае нам яго гiсторыя, не толькi гiстарычнае, але i нейкiм чынам святое. А яно, як бачна, пустым не бывае. I быў яшчэ мiт, якi многiя гарадзенцы ведаюць ад сваiх бацькоў яшчэ з дзяцiнства, аб iснаваннi падземнага пераходу пад Неманам памiж кляштарамi бернардынак i францiшканцаў. Можа таму праз пару год пасля перасялення работнiкаў тэатра ў новы будынак яго фундамант стаў паволi асядаць. Можа даў аб сабе знаць падземны пераход, а можа што iншае – невядома. Але гэта вельмi занепакоiла не толькi адмiнiстрацыю тэатра. Чуткi хутка распаўсюдзiлiся i сярод акцераў, а гледачы сталi хадзiць ў тэатр азiраючыся. Прыйшлося колiшняму дырэктару тэатра Валянцiну Iваннiкаву запрашаць святароў з каталiцкай i праваслаўнай царквы, каб асвяцiлi будынак. Але адзiн з бакоў тэатра асядае па сення, i будаўнiкам прыходзiцца бетанаваць ўсё новыя i новыя плошчы пад фундамант.
ТЭАТР СУЧАСНЫ
Нягледзячы
нi на што, тэатр працаваў i працягвае працаваць у сваiм нармальным рытме. Мастацкiм кiраўнiком у новы будынак тэатра прыйшлi: I.Пятроўскi (1985-1990), М.Разцоў (1991-1994), Г.Мушперт (1994-2000). Галоўным мастаком у тэатры працавалi К.Чэмекаў (1985-1988), Ф.Розаў.
У рэпертуары былi п’есы розных стыляў: класiчныя, сучасныя, п’есы беларускiх драматургаў, аўтарскiя пастаноўкi рэжысераў. Аднак аблiчча тэатра стварае не толькi мастацкi кiраўнiк. У розны час служылi, а некаторыя i зараз служаць тэатру, засл.артысты В.Мiшчанчук, Л.Дзяеменцьева, В. Смачнеў, В.Смiрноў, А.Гайдулiс, Н.Емельянаў, А.Марцынюк, С.Курыленка, Л.Волкава, С.Марэцкая. На працягу сваей гiсторыi тэатр пабываў на гастролях больш чым у 50-цi гарадах Беларусi, а таксама ў Лiтве, Украiне, Латвii, Расii, Эстонii, Польшчы, Балгарыi, Германii. Праца на базавай сцэне i гастрольныя паездкi падцвердзiлi, што калектыў у добрай прафесiйнай форме. Тэатр быў i застаецца, як кажуць, не горшы за iншыя. Але вельмi важным было для тэатра знайсцi свае аблiчча, свой непаўторны каларыт.
На сённяшнi дзень Гродзенскi абласны драматычны тэатр знаходзiцца на пераломным этапе ў сваiх творчых пошуках. Сучасная эстэтыка тэатра вызначана двума рэжысёрамi: Генадзь Мушперт, з арыгiнальным мышленнем, добрым наiвам i дзiцячасцю. Яго спектаклi ўражваюць тонкiм знiтаваннем iронii, гумару i мудрага асэнсавання ўнутраннага свету чалавека. Мастацкага кiраўнiка тэатра, рэжыссёра Алега Жугжду можна назваць сапраўдным чалавекам-тэатрам. Ен ведае аб тэатры ўсё, пачынаючы з таго, як майстраваць падмосткi сцены. Спектаклi Алега Жугжды вызначаюцца высокай эстэтычнасцю, прыгажосцю, умелым камбiнаваннем усiх выразных тэатральных сродкаў. Высокая прафесiйнасць i працоўная неўтаймоўнасць мастацкага кiраўнiка не дае паслабленняў у працы творчаму калектыву.
Нягледзячы на засiлле масавай культуры, ад якой ужо нiдзе не схавацца, i тэлефобiю, на якую хварэюць людзi любога ўзросту, цiкавасць да тэатра ў апошнi час не толькi не падае, а нават расце, i гэта добры знак. Таму, на сённяшнiм этапе дзейнасцi Гродзенскi абласны драматычны тэатр глядзiць у будучыню аптымiстычна.
|