Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 257 от 09.01.2003  

Нашы за мяжой

«Ніхто за бусла не лётае...»

Яна выглядае старэйшай за свой узрост. Нейкая мудрасць, спакой i няспешнасць выдае ў ёй чалавека сталага. Такi «камплiмент» яе не крыўдзiць, таму што ёй – 23 гады, i жыццё толькi пачынаецца. У той час, калi ўжо пiшуцца варыянты гiмна Саюза Расii i Беларусi, Святлана Нех з упэўненнасцю гаворыць пра будучую незалежнасць нашай краiны.

Зараз па запрашэнню чэшскага ўрада на спецыяльных падрыхтоўчых курсах у горадзе Падэбрады, што непадалёку ад Прагi, Святлана вывучае чэшскую мову. Яе чакаюць уступныя экзамены ва ўнiверсiтэт на аддзяленне палiталогii. Пасля заканчэння навучання яна марыць вярнуцца ў Беларусь, каб будаваць яе будучыню.

Святлана нарадзiлася ў Гродне i лiчыць яго найлепшым горадам у свеце. Школьныя канiкулы праводзiла ў бабулi ў адной са знiкаючых вёсак Мастоўскага раёна. Яна выдатна скончыла аддзяленне дашкольнага выхавання гродзенскага педвучылiшча. Атрымала на спецыяльных курсах дыплом майстра– арыгамiста, працавала з дзяцьмi-iнвалiдамi. Як яна сама распавядала, да 1994 года была «цiхiм спакойным дзiцём». Калi адбылiся выбары Прэзiдэнта, у яе пачалiся праблемы з бацькамi: яны былi за Лукашэнку, Светка – супраць. А праз два гады 24 лiстапада адбыўся рэферэндум. I ў гэты дзень – дзень яе нараджэння – яна вырашыла, што не будзе для яе свята, пакуль Беларусь не стане сапраўды дэмакратычнай, свабоднай i незалежнай.

Як далей склалася яе жыцё? Зусiм малая яшчэ дзяўчынка спрабавала знайсцi людзей, якiя б думалi так, як яна.

– Тады па тэлебачанню паказвалi БНФ, бел-чырвона-белыя сцягi. Я гiсторыяй цiкавiлася, яна ў нас вельмi багатая. Некалькi раз прыходзiла ў БНФ, на мiтынгi. Але задавала такiя пытаннi, што мяне адтуль адправiлi, казалi, што правакатар, хаця мне i год было вельмi мала...

Мне было крыўдна, таму што мая мацi сябравала з паэткай Бiчэль-Загнетавай. Карпюк, Быкаў – я iх добра памятаю. А ў БНФ крычалi пра «саўковасць», якая гiсторыi i мовы не ведае. Я вырашыла, што ў мяне з iмi розныя дарогi. Потым ужо ў вучылiшчы сустрэлася з людзьмi, якiя прывялi мяне ў Маладую Грамаду.

– Маладая Грамада – гэта непалiтычная арганiзацыя?

– Першы пункт у статуце, якi мы адстойвалi ў Мiнюсце пры перарэгiстрацыi – гэта тое, што Маладая Грамада прытрымлiваецца сацыял-дэмакратычных каштоўнасцяў – свабоды, справядлiвасцi, роўнасцi – гэтыя рэчы, якiя акрэслiваюць палiтычны накiрунак дзейнасцi. Сфера дзейнасцi – моладзь.

– Цi маеш ты дачыненне да сацыял-дэмакратычнай партыi?

– Так, я ўваходжу ў рэспублiканскае кiраўнiцтва аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыi, якую ўзначальвае Валянцiна Палевiкова. Была абрана ў мiнулы год у Раду Маладой Грамады, а яшчэ ў Маладой Грамадзе ўваходжу ў рэвiзiйную камiсiю рэспублiканскай арганiзацыi.

– У апошнi раз мы бачылiся з табой каля будынка суда. Гродзенская газета «Пагоня» была забаронена, яе журналiстаў Маркевiча i Мажэйку асудзiлi. Я бачыла, як гэта цябе хвалюе, што твой пратэст – гэта глыбока асабiстая справа, што турбота твая не залежыць ад партыйнасцi, яна шчырая, iдзе ад усяго сэрца. Ты ўдзельнiчала ў пiкетах i мiтынгах пратэсту ўвесь час у першых шэрагах.

– Так адбывалася. Я чалавек актыўны, мая энэргiя не дазваляе мне заставацца абыякавай да ўсяго, што адбываецца вакол мяне. Я не ўмею стаяць у баку. Шмат людзей з’язджае з краiны, таму што не бачыць перспектывы. А я хачу, каб яна была ў Беларусi – у мяне i маiх сяброў. Гэта шаленства i вар’яцтва, калi ў сваёй краiне ты не можаш жыць. А за мяжой не кожны вытрымае, я гэта ведаю. Ведала i раней, але зараз у гэтым проста пераканана.

– Але ты паехала з Гродна.

– Мне ў Гродна ўжо не давалi магчымасцi працаваць, прапанавалi адыйсцi з працы цiха. Дырэктарка Палаца моладзi распавядала мне, што да яе прыходзiлi i казалi, што ваша супрацоўнiца Света Нех ходзiць на нейкiя мiтынгi. Я тады адказала, што мой вольны час – гэта мая справа, што чалавек мае права сам выбiраць свой шлях. Але вымушана была звольнiцца з працы «па асабiстаму жаданню».

– Ведаеш, што аднойчы казалi супрацоўнiкi мiлiцыi тваёй мацi, калi ты адбывала свае 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным пiкеце: «Вы не хвалюйцеся, мы да яе добра ставiмся, можа Светка яшчэ нашым Прэзiдэнтам стане».

– У гадавiну знiкнення Дзiмы Завадскага мы выйшлi ў падтрымку, каб паказаць, што для нас гэта неабыякава. Мяне выклiкалi ў суд. У нас тады быў летнiк для падлеткаў на Аўгустоўскiм канале, я там працавала. Не было нiякага аўтобуса, мне прыйшлося iсцi пешшу. Я прынцыпова нiкому не казала, што буду ў судзе. Ведалi толькi некалькi чалавек. У мяне былi канфлiкты з прадстаўнiкамi БНФ, таму што гэта агульная паказуха...

– Аб гэтым можна гаварыць?

– Я думаю, так. Таму, што калi ўсе крычаць, што ўвесь поспех зрабiла БНФ, а ўсе астатнiя – «не нашы людзi». Мне не хацелася, каб на сваiх паседжаннях яны казалi, што яны адзiныя, хто прыйшоў падтрымаць Святлану Нех.

– Ты прайшла чатырнаццаць кiламетраў пешшу на ўласны суд i нiкому не казала, што ён адбудзецца?

– Мае калегi з Грамады ведалi, але не маглi пакiнуць дзяцей у летнiку. За мяне хвалявалiся i мае выхаванцы, iх таксама нельга падманваць.

– Колькi iм год?

– Iм ад 13 да 15. Яны спадзявалiся, што для мяне ўсе скончыцца добра, што беларускi суд – самы гуманны суд у свеце. На гэта яны мелi надзею. Але надзею гэту яны згубiлi.

– А як ты апынулася ў Чэхii?

– Гэтая прапанова ад чэшскага ўрада была яшчэ два гады таму, перад прэзiдэнцкiмi выбарамi. Я вырашыла тады: калi ў нас усё атрымаецца, абярэм iншага прэзiдэнта дэмакратычна, то я буду вучыцца ў Беларусi, а калi не – паеду ў Чэхiю. Жадаючых вучыцца было каля 300 чалавек. Трэба было прайсцi агульнаадукацыйны тэст. Фактычна я да яго не рыхтавалася, але адказала на ўсе пытаннi. Было даволi складана. Пакуль нам даецца адзiн год для вывучэння мовы, вучым гiсторыю Чэхii. Усё выкладаецца на чэшскай мове.

– Куды ты жадаеш паступiць?

– Хачу вучыца ў Карлавым унiверсiтэце, альбо ў Брно. Я магу падаваць дакументы адначасова ў розныя ўстановы. Хачу паступiць на аддзяленне палiталогii. Спачатку гэта будзе пiсьмовы экзамен – чэшская мова, агульная гiсторыя, сусветная гiсторыя, геаграфiя, усё, што звязана з Чэхiяй. На зiмовай сесii нам давалi прыклады 50 пытанняў, якiя магчыма сустрэнуцца на ўступных экзаменах. Як казаў нам выкладчык, ён i сам без спецыяльнай падрыхтоўкi не ведае паловы адказаў.

– Напрыклад?

– Даюцца прозвiшчы трох мастакоў, трэба адказаць, хто з iх прыдумаў макет еўра. Прапаноўваюцца тры адказы на пытанне, прычым усе тры могуць быць падманнымi. Экзамены мы будзем здаваць нараўне з чэхамi.

– Чэшская мова цяжка даецца?

– Вельмi цяжкая граматыка, своеасаблiвая, шмат правiлаў i яшчэ больш выключэнняў.

– За чый кошт ты вучышся, цi атрымлiваеш стыпендыю, альбо сама за ўсе плацiш?

– Мне плацяць стыпендыю – пяць тысяч чэшскiх крон, прыблiзна 150 долараў. З гэтых грошаў трэць вылiчваюць за пражыванне.

– Цi ёсць праблемы?

– Я, напрыклад, вегетарыянка, а чэшская кухня вельмi цяжкая для страўнiка. Ад мяне нават патрабавалi даведку ад доктара. Мне здаецца, што ўся дэмакратыя скончылася на мяжы Прагi. Быў такi выпадак, што дзяўчына размаўляла па-руску, за гэта ёй ударылi ў твар, зламалi нос, казалi: бальшавiкi, з’язджайце дадому.

– Я разумею, што гэта выключны выпадак. Цi ўвогуле па гэтым можна судзiць аб адносiнах чэхаў?

– Большасць, канешне, ставiцца да нас добра. Я была на дэманстрацыях супраць НАТА, гэта было ў Празе, на мне быў значак «Пагоня», па iм пазнавалi, што я з Беларусi.

– З кiм разам ты жывеш у пакоi?

– З дзяўчынай з Лацiнскай Амерыкi. Яе завуць Лаўра, яна хоча быць iнжынерам.

– Колькi год патрэбна вучыцца на палiтолага?

– Пяць-шэсць гадоў. Потым я хачу вярнуцца на Беларусь. Я лiчу, што адукаваныя людзi будуць патрэбны маёй краiне. Палiталогiя – гэта веданне палiтычных працэсаў, вывучэнне палiтычных накiрункаў, дзейнасцi палiтычных партый, iдэалогiй, мiжнародных адносiн. Я хачу зрабiць палiтычную кар’еру. Некаторыя студэнты пацiскаюць мне руку i гавораць: «Добры дзень, будучы Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь».

Я хачу кiраваць дзяржавай. Можа не ў якасцi прэзiдэнта, але гэта мая мэта. Палiтолаг павiнен рабiць аналiз, даваць прагноз на будучыню, парады, што рабiць, як рабiць. Гэта таксама вельмi важна, таму, што мы ў свой час нарабiлi шмат памылак. I зараз робiм, таму што палiтычна неадукаваныя.

– Ты бачыш гэтыя памылкi?

– Я, канешне, яшчэ не палiтолаг, а толькi спрабую iм стаць. Але на сённяшнi дзень фактычна ўся апазiцыя настолькi адарвалася ад народа, што не бачыць праблемы асобнага чалавека. Некаторыя постацi нешта спрабуюць рабiць. А палiтычныя партыi толькi робяць афiцыйныя заявы, якiя нават не выконваюцца. «Наша партыя супраць усiх – супраць апазiцыi, супраць улады» – гэта значыць, што хутка яна будзе i супраць народа. Настолькi яны адарваны ад рэальнага жыцця.

– Якой на твой погляд павiнна быць улада ў нашай краiне?

– У свеце ёсць добрыя прыклады: народ абiрае толькi Сойм. Прэзiдэнта павiнен абiраць парламент. Прэзiдэнт можа быць прадстаўнiком культуры, мастацтва, i функцыя ў яго толькi прадстаўнiчая. А вырашае ўсё парламент, каб рашэннi прымалiся дэмакратычна.

– Што думаеш наконт саюза з Расiяй?

– Мы гэтае пытанне абмяркоўвалi ў Чэхii з маiмi расiйскiмi сябрамi. Беларусь заслугоўвае самастойнасцi.

– Цi яны разумеюць, што мы iншы народ?

– Усе грамадзяне Беларусi – беларусы, палякi, лiтоўцы, габрэi, рускiя, украiнцы – мы жывем у дзяржаве, якая мае права на незалежнасць. Аб гэтым гаворыць наша Канстытуцыя.

Былi спрэчкi, iшлi размовы пра агульныя межы, агульныя славянскiя каранi. Але сёння ўжо большасць з iх кажа, лепш ты будзеш нашым сябрам i хай жывеш у iншай краiне, мы будзем з табой сябраваць. Я не хачу анiякага палiтычнага саюза. Мы павiнны ўстаць на ногi, таму што нiхто за бусла не лётае, ён сам раскрывае свае крылы i ляцiць.

– Ты марыла прыехаць у Гродна на канiкулы ?

– Дамоў вельмi хацелася, я ўсе рэчы заранёў сабрала, для мяне пераезд мяжы быў сапраўдным святам, я – дома. Прага вельмi падобная на Гродна, такiя ж утульныя вузенькiя вулачкi. Але ў Празе няма такой вулiцы, як Ажэшка.

– Чаго нам усiм не хапае на твой погляд?

– Калi я пабыла там, я зразумела, што самае галоўнае для чалавека – гэта стабiльнасць. Калi чалавек можа спакойна жыць i ведаць, што будзе заўтра. Большасць з тых, з кiм я сустракалася, калi прыехала, жывуць толькi сённяшнiм днём. Гэта жахлiва, так быць не павiнна. Трэба жыццё ладзiць там, дзе ты жывеш, дзе ты нарадзiўся, дзе твой дом.

Я хачу, каб усе жылi спакойна i маглi планаваць сваю будучыню i будучыню сваiх дзяцей. Гэта мае пажаданнi: спакой i стабiльнасць.

У апошнi час шмат разважаюць i пра гендэрную няроўнасць, iснуючую на Беларусi, i пра абмежаванне ўдзелу жанчын у палiтычным жыццi. Але вось вам прыклад: дзяўчына, якая жадае займацца палiтыкай.

Можа трэба гаварыць пра iншае: наша пакаленне пакiдае сваiм нашчадкам столькi грамадскiх праблем. Сапраўды, краiна згубiла шмат часу. I сэрца балiць ад таго, што аб лёсе Беларусi вымушаны клапацiцца зусiм яшчэ маладыя людзi. Адзiнае, што можа апраўдаць нас, старэйшых – мы выгадавалi добрых дзяцей.

З надзеяй на будучыя спакой i стабiльнасць пажадаем гарадзенскай дзяўчыне Святлане Нех здзяйснення яе мараў.

Наталля МАКУШЫНА

Назад