Выратавалі лебедзя
З Навагрудскага раёна ў Гродзенскi заапарк прывезлi параненага лебедзя, якi ледзь не замерз ад марозаў. Яго выратаваў чалавек.
На параненага лебедзя надышоў у полi адзiн з жыхароў вёскi Гагарына якраз перад наступленнем маразоў. Чалавек прынёс знясiленага прыгажуна ў хлеў i паведамiў аб гэтым навагрудскiм прыродаахоўнiкам. Супрацоўнiкi iнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя разам з работнiкамi лясгаса выехалi на месца, агледзелi птушку i аказалi дапамогу. Пасля гэтага лебедзь быў адвезены ў Гродзенскi заапарк.
Такi выпадак не першы на Навагрудчыне. Справа ў тым, лiчаць спецыялiсты, што апошнiм часам назiраецца адамашванне дзiкiх птушак. Асобныя прадстаўнiкi фауны ўжо некалькi пакаленняў не ляцяць у вырай на поўдзень, а застаюцца зiмаваць у Беларусi i трапляюць у цяжкiя сiтуацыi.
С.РАЦКЕВIЧ
|