Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 258 от 16.01.2003  

Хутка выбары. Што яны скажуць людзям?

Мiнулай восенню ў недалёкай ад Дзятлава вёсцы Засецце адбыўся непланаваны ўладамi, можна сказаць, стыхiйны сход. Выклiканы ён быў людской крыўдай на старшыню мясцовага калгаса «Расiя» Мечыслава Уласевiча.

Кiраўнiк гаспадаркi падзялiў вяскоўцаў на чужых i сваiх. У лiку чужакоў аказалiся тыя, хто дзесяцiгоддзямi працаваў на калгаснай ферме, а потым перайшоў на працу ў бальнiцу цi iншую ўстанову i адтуль пайшоў на пенсiю. Да такiх няшчаснiкаў адносяцца таксама настаўнiкi, выхавальнiцы i нянi дзiцячага садка, што ў вёсцы Раклевiчы, культработнiкi.

Iм для пасадкi бульбы калгас па хадайнiцтву сельвыканкама выдзелiў 7,4 гектара зямлi, самай горшай у ваколiцы. Было гэта ў 2000 годзе. Першы год там сабралi невялiкi ўраджай, а пра другi i трэцi – лепш не ўзгадваць.

Пра замену надзела на iншы ў калгасе не давалiся i гаварыць. Тое ж i з апрацоўкай сотак: i за аплату дапамагчы адмаўлялiся. Калi каму ўдавалася дабiцца лiтасцi, то плату бралi ў два разы большую, чым з калгаснiкаў. Так састарэлыя пенсiянеры, муж i жонка, iнвалiды II i I групы, звярнулiся з мальбой да спадара Уласевiча аб дапамозе, а ў адказ пачулi: «Бярыце дзялку буракоў, тады будзе тэхнiка».

Аб гэтых i iншых фактах бяздушных i грубых адносiн М.Уласевiча да людзей расказвала нават раённая газета «Перамога». Здавалася, старшынi калгаса пасля публiкацыi застанецца пакiнуць пасаду i з’ехаць у iншае месца. Але ён, вiдаць, i ўшчування ад раённага начальства не зведаў. Прынамсi, у надрукаваным нядаўна ў той жа газеце адказе на крытычны артыкул начальнiка райсельгасхарчу А.Дубовiка аб гэтым нi слова. Там гаворыцца, што надзел зямлёю быў зроблены Дзятлаўскiм сельвыканкамам, што надзелы трэба даглядаць, i даецца абяцанне iх замянiць, калi тыя выкарыстоўвалiся звыш двух гадоў. Прычым, па словах чыноўнiка, замену «сотак» зробiць усё той жа калгас «Расiя»...

Хутка ў нас выбары ў мясцовыя Саветы. Цiкава, як будуць М.Уласевiч, старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама А.Шышня i iншыя кiраўнiкi гаварыць выбаршчыкам пра клопат аб «бедных» вяскоўцах, пра тое, як яны дбаюць аб развiццi дапаможных гаспадарак, знямоглых пенсiянераў. Цi такiя начальнiкi робяць адно, а гавораць другое?

С.ВАЛОШКА

Назад