Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 260 от 30.01.2003  

Галадоўка ў Саюзе палякаў

У галоўнай сядзiбе Саюза палякаў Беларусi (СПБ), што ў Гродне, 26 гадзiн галадалi сталыя сябры СПБ – 60-гадовы Станiслаў Пачобут i 70-гадовы Леон Недлях. Галадоўка пачалася з дзевяцi гадзiн ранiцы ў панядзелак. Гэта адбывалася ў прыёмнай старшынi СПБ. Прычынай галадоўкi, з iх слоў, стала грубае парушэнне кiраўнiцтвам Саюза палякаў Беларусi статутных дакументаў – больш года не збiралася Рада, паседжаннi якой, згодна статуту, павiнны адбывацца двойчы ў год. Да ўсяго, яны напiсалi лiст, якi хочуць зачытаць на Радзе з тым, каб выкрыць некаторых кiраўнiкоў СПБ. Пакуль не збярэцца Рада, яны не раскрываюць дэталяў, якiя змешчаны ў лiсце.

Па словах Станiслава Пачобута, сябры СПБ неаднойчы звярталiся да старшынi Рады Канстанцiна Тарасевiча, якi жыве ў Менску, а таксама да старшынi СПБ – Тадэвуша Кручкоўскага з тым, каб сабраць Раду, паколькi гэтага патрабуе не толькi статут, але i таму, што сабралася шмат праблемаў, якiя патрэбна абмеркаваць. «Нiякай рэакцыi, аднак, на нашы неаднаразовыя звароты мы так i не дачакалiся, таму прыйшлi да скрайняй меры»,– распавядае С.Пачобут. Больш таго, ён сказаў, што восенню мiнулага году некаторыя сябры СПБ стварылi Камiтэт абароны правоў i гонару сябраў СПБ.

Кiраўнiцтва СПБ, па словах галадаючых, спасылаецца на тое, што няма грошай, а, каб сабраць Раду, трэба запрасiць з усяе краiны 35 чалавек, аплацiць iм праезд i пражыванне. Гэтую версiю пацвердзiў i сябра рэвiзiйнай камiсii Веслаў Раманчук.

Намеснiк старшынi СПБ спадар Пажэцкi ў размове са мною патлумачыў, што ненармальна, калi сябры СПБ вымушаны звяртацца да скрайняй меры – галадаць, «значыцца, нешта ненармальна ў нашай арганiзацыi» – заўважыў ён. Дарэчы, па яго словах, ён таксама неаднойчы звяртаўся як да кiраўнiка Рады, так i да старшынi СПБ з тым, каб сабраць паседжанне Рады. На яго думку, «грошай магло не быць месяц, другi, але не цэлы год...». Спадар Пачобут на гэты конт выказаўся больш катэгарычна, маўляў, на iншыя патрэбы ў iх грошы знаходзяцца, маюць аж тры службовыя машыны, а як Раду сабраць, дык не стае сродкаў...

I ўсё ж галадоўка ў аўторак была прыпынена. Пасля дзесятай гадзiны ранiцы старшыня СПБ Т.Кручкоўскi атрымаў факс ад старшынi Рады К.Тарасевiча. У iм паведамлялася, што чарговае паседжанне Рады адбудзецца 1 сакавiка. Параiўшыся, спадары Пачобут i Нелюх вырашылi пачакаць.

Цiкава, як да галадоўкi паставiлiся супрацоўнiкi СПБ. Станiслаў Пачобут заўважыў, што нават журналiсты рэдакцыi «Глос з над Немна» не пацiкавiлiся, што яны тут робяць. Праўда, знайшлiся i такiя, хто прынёс нанач коўдру, каб было цяплей спаць.

I яшчэ. 60-гадовы С.Пачобут i 70-гадовы Л.Недлях у 1989 годзе былi сярод тых, хто ўтвараў у Беларусi Саюз палякаў.

М.КАРНЕВIЧ

Назад