Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 261 от 06.02.2003  

Шанаваць варта не толькі Жукава...

Былы райкомаўскi супрацоўнiк быў вельмi здзiўлены тэлефоннаму званку з Лiдскага райсавета ветэранаў вайны i працы. Ласкавы i паважлiвы голас цiкавiўся, як пенсiянерскае жыццё, здароўе, настрой. Аднак, у адказ пачуў чуць цi не лаянку.

Калi званiўшы запытаў у ветэрана аб яго пенсii i папрасiў ахвяраваць тысячу-другую на будаўнiцтва ў Мiнску помнiка маршалу Жукаву, то пачуў непрыемнае: «Дзе вы былi цэлыя дзесяць гадоў, калi я хварэў, калi на лекi грошы пазычаў, чаму нiводнага разу не патэлефанавалi i не павiншавалi з юбiлеем? Жукава я паважаю, але дзеля ўвекавечвання яго iмя ёсць дзяржава, а не жабрацкая ветэранская пенсiя».

Такi атрымаўся дыялог. Як вiдаць, нават «iдэйным» пенсiянерам абрыдлi рознага кшталту паборы быццам i на высакародныя мэты.

Дарэчы, нямала людзей абурана станам помнiкаў героям мiнулай вайны. Напрыклад, у Парэччы на мемарыяле загiнуўшым салдатам i партызанам амаль паўвека нiяк не збяруцца ўсталяваць плiту з iмёнамi пахаваных. Чаму б ветэранскаму начальству разам з мясцовым сельсаветам i калгасам не парупiцца аб гэтым? Славу таму ж Жукаву, iншым маршалам i генералам прынеслi цаною сваiх жыццяў радавыя салдаты. Хiба згаданыя вышэй ахвяры з Парэчча не заслужылi, каб на помнiку нарэшце з'явiлiся iх прозвiшчы i iмёны? Так побач з людской памяццю мяжуе бюракратычнае беспамяцтва.

Аляксандр ЖАЛКОЎСКI

Назад