Здарэннi
Таксісты з кулакамі
Дрэнная пагалоска iдзе апошнiм часам у Лiдзе пра таксiстаў. У студзенi адзiн з таксiстаў учынiў бойку з пасажырамi. Як высветлiлася, яны мала яму заплацiлi. Вадзiцель запомнiў, у якi дом зайшлi пасажыры, i выклiкаў падмогу – сваiх калегаў па фаху. Разам яны ўварвалiся ў кватэру, дзе i пачалася сапраўдная бойка. Зачыншчык, да ўсяго, быў нападпiтку i пацярпеў больш за другiх: ён патрапiў у бальнiцу з чэрапна-мазгавой траўмай i пераломанай рукой.
Абодва бакi звярнулiся са скаргай у мiлiцыю. Не паспелi праваахоўчыя органы паставiць у гэтай справе кропку, як адбылося новае надзвычайнае здарэнне. На вулiцы Перамогi зноў узнiкла непаразуменне памiж таксiстамi i двума лiдчанамi. I зноў спрэчка вылiлася ў бойку. Прычыны патасоўкi i вiнаватых высвятляе i шукае мiлiцыя.
Пасля гэтых здарэнняў давер’е пасажыраў да таксiстаў прыкметна пайшло ўнiз.
С.ВАЛОШКА
|