Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 262 от 13.02.2003  

Вяшчаем шмат, абяцаем – лепш

З пачатку гэтага года на частотах тэлеканала «Культура» пачаў вяшчанне канал «Тэлебачанне Гродна». Аб’ём тэлевяшчання складае зараз 13,5 гадзiнаў у суткi, з якiх уласнае вяшчанне займае каля 4 гадзiнаў.

Самая вялiкая праблема канала, па словах яго кiраўнiка У.Пярцова, – распаўсюджванне сiгнала. Толькi каля 50 працэнтаў жыхароў вобласцi маюць магчымасць глядзець праграмы абласнога тэлебачання. У гэтым сэнсе наша вобласць, па словах У.Пярцова, самая адсталая. Тым не менш, як неаднойчы падкрэслiваў усё той жа кiраўнiк, нават у такiх умовах канал нясе дзяржаўныя функцыi.

Бюджэт арганiзацыi складае ў год прыкладна 500 тысяч долараў. Але гэтых сродкаў яўна не хапае, i таму даводзiцца астатняе дарабляць рэкламай. Дарэчы, заробкi на тэлебачаннi, як заўважыў У.Пярцоў, розныя – ад 160 тысяч да 600 тысяч рублёў у залежнасцi ад унёскаў.

З 28 студзеня Гродзенскае тэлерадыёаб’яднанне, першым з абласных, заключыла дамову з агенцтвам «Вiдэа Iнтэрнэйшнл – Мiнск». Дзякуючы гэтай дамове на канале «Россия» размяшчаецца гродзенская рэклама, што дае магчымасць дадаткова зарабляць сродкi на развiццё аб’яднання. У.Пярцоў нармальна ўспрымае крытычныя заўвагi некаторых калегаў наконт таго, што якасць гродзенскай рэкламы на нiзкiм узроўнi. На яго думку, у нас наогул не ўсталяваўся рынак рэкламы, а таму трэба гэтыя магчымасцi не аддаваць у кiшэню замежных каналаў, а развiваць свой рынак, каб урэшце змяняць якасць i павялiчваць колькасць даходаў. Па яго словах, у некаторых рэгiёнах Расii мясцовая рэклама яшчэ больш нiзкай пробы.

Падыход, што называецца, дзяржаўны, толькi не зразумела навошта столькi гадоў за кошт бюджэта Беларусi транслявалiся расiйскiя (замежныя) тэле- i радыёканалы. Як заўважыў сам У.Пярцоў, штогод на гэта выдавалася 600 тысяч долараў. За 10 гадоў нашае незалежнасцi на гэтыя грошы можна было б закупiць самае сучаснае абсталяванне для ўсiх абласных тэлерадыёаб’яднанняў... Зрэшты, што пра гэта казаць, калi час упушчаны.

Дарэчы, некаторыя нашы чытачы скардзiлiся, што ў iх перасталi трансляваць па кабельнаму тэлебачанню расiйскi канал НТВ. Як было ўжо вышэй сказана, гродзенскае тэлерадыёаб’яднанне заключыла дамову з агенцтвам «Вiдэа Iнтэрнэйшнл – Мiнск», згодна якой мае правы на размяшчэнне рэкламы на канале РТР i НТВ. Тое, што транслююць па кабельнаму тэлебачанню, адбываецца пiрацкiм чынам, да таго адбiрае частку аўдыторыi тэлегледачоў. У мясцовыя гар– i райвыканкамы былi накiраваны афiцыйныя лiсты, пасля чаго пiрацкая трансляцыя была прыпынена.

I ўсё ж, як не круцi, але галоўнае на тэлебачаннi i радыё – праграмы, якiя яны транслююць. Спадар Пярцоў абяцаў, што за год калектыў у гэтым накiрунку зробiць значныя змены. На жаль, пакуль што перадачы на нашым абласным радыё i тэлебачаннi патрабуюць найперш элементарнага прафесiяналiзму i творчасцi. I, зразумела, каб гэта рабiлася на дзяржаўным узроўнi i на карысць нашай дзяржавы.

Поспехаў вам, калегi.

М.КАРНЕВIЧ

Назад