Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 264 от 27.02.2003  

Ліст у рэдакцыю

Як ветэранаў у дэпутаты не пусцілі

Прэзiдэнт i яго акружэнне любяць гаварыць, што ў нас празрыстае выбарчае заканадаўства, а таксама ўся сiстэма ўлады, якая на аснове гэтага выбiраецца.

Цi так гэта на самай справе? Прапаноўваю паглядзець на прыкладзе нашай Скiдзельскай ветэранскай арганiзацыi. У яе склад уваходзяць iнвалiды i ўдзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны, салдацкiя ўдовы. На агульным сходзе мы вырашылi, што вылучым свайго кандыдата ў дэпутаты, каб было каму ў мясцовым Савеце адстойваць нашы правы i патрэбы.

На другi дзень у гарадскую выбарчую камiсiю быў здадзены пратакол, у якiм было зафiксавана, что арганiзацыя вылучыла кандыдатамi I.Барысава i П.Алейнiкава. Прыняла яго член выбарчай камiсii, зарэгiстраваўшы ў журнале, не прачытаўшы i нiчога нам не сказаўшы. На працягу з 25 снежня па 27 студзеня з боку гарадской выбарчай камiсii, работнiкаў гарвыканкама нiякiх заўвагаў на пратакол не паступала.

Аднак, гарадская выбарчая камiсiя адмовiла нам у рэгiстрацыi кандыдатаў. Як высветлiлася, на аснове артыкула 60 Закона аб выбарах, ветэранская арганiзацыя не мае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты гарадскога Савету. Гэтым правам, як нам напiсалi ў адказе, карыстаюцца працоўныя калектывы, палiтычныя партыi i можна вылучыць кандыдата шляхам збору подпiсаў.

Цi маглi б мы сабраць подпiсы, каб нас адразу папярэдзiлi? Маглi б, калi б нам па-людску патлумачылi сутнасць 60 артыкула. Мы ж гэтага Закона ў вочы не бачылi, ды i купiць яго ў Скiдзелi няма нiякай магчымасцi. А нам адказалi, што гэта наша праблема. Дык цi нармальна гэта?

Адзiн з нашых кандыдатаў, якога мы вылучылi – член партыi ПКБ, а другi – КПБ. Стаж кожнага складае больш за паўвека. Тыя, хто прымаў нашы дакументы i хто iмi кiруе, таксама былi ў партыi, а цяпер, як палiтычныя абставiны змянiлiся, яны паадварочвалi насы ад старых членаў партыi.

У сувязi з гэтым хацелася б узгадаць яшчэ адно. На прэзiдэнцкiх выбарах ад нашае арганiзацыi на адным з выбарчых участкаў у якасцi назiральнiка прысутнiчала Вольга Васiльеўна Жукава. Члены камiсii, як сама яна казала, загналi яе ў кут i за ёй замацавалi назiральнiка ад «вертыкалi». Не дазвалялi наблiжацца да месца працы камiсii i сачыць за тым, як яна працуе. Не дазволiлi прысутнiчаць пры падлiку галасоў. Пасля падлiку, дарэчы, параўнаўшы дадзеныя, атрымалася, што яна не далiчылася 300 галасоў.

Вось такiя ў нас адбудуцца «дэмакратычныя» выбары i такая павага ў Скiдзелi да ветэранаў, ўдзельнiкаў вайны i салдацкiх удоваў. А гэтыя ж «вертыкальшчыкi» пры кожным магчымым выпадку трубяць на ўвесь свет, як яны клапоцяцца аб сталых людзях. Цяпер мы яшчэ раз пераканалiся, якi ў вас сапраўдны клопат аб нас, ветэранах.

Iлья БАРЫСАЎ, удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны

Назад