Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 265 от 06.03.2003  

«Это наши, советские люди...»

Рада Саюзу палякаў Беларусi, якая, нарэшце, больш чым праз год сабралася ў Гродне, адмовiлася разглядаць пытанне аб даверу старшынi арганiзацыi Тадэвушу Кручкоўскаму. Тым не менш група сябраў Саюза начале з былым старшынём СПБ Тадэвушам Гавiным абвiнавацiла Т.Кручкоўскага ў хабарнiцтве. Чакалася, што ўжо ў першы дзень сёлетняй вясны пасяджэнне Рады, у якую ўваходзяць 35 сябраў найбуйнейшай грамадскай арганiзацыi краiны, ўрэшце развяжа канфлiкт. Аднак атрымалася так, што адныя сцвярджалi, быццам сур’ёзнай праблемы наогул не iснуе, i толькi частка прасiла адказу на свае абвiнавачваннi. Кiраўнiцтва СПБ адмовiлася каментаваць адбыўшаеся журналiстам, закрыўшы перад iмi дзверы.

Напачатку лютага «БИ» распавядала аб тым, як у галоўнай сядзiбе СПБ у Гродне ў прыёмнай старшынi Т.Кручкоўскага галадалi два сталыя сябры – 72-гадовы Лявон Подлях i 60-гадовы Станiслаў Пачобут. Гэтыя людзi дзесяць гадоў таму былi сярод тых, хто ствараў арганiзацыю. Канфлiкт, нагадаю, са спадаром Кручкоўскiм узнiк з-за таго, што ў парушэнне Статуту больш чым на працягу года не збiралася Рада арганiзацыi, а тым часам пад началам новага кiраўнiка рэзка знiзiлася актыўнасць у справе адукацыi, ў галоўнай сядзiбе пануе нездаровая атмасфера, а таксама ёсць шэраг гаспадарчых i фiнансавых пытанняў. Такiя аргументы выклалi сталыя члены арганiзацыi ў сваiм лiсце да радных. Але самым важкiм абвiнавачваннем прагучала тое, што Т.Кручкоўскi «прымаў фундатарскiя складкi на дзейнасць СПБ» ад бацькоў дзяцей, якiя хочуць вучыцца ў Польшчы.

Тым часам на падобныя абвiнавачваннi кiраўнiцтва СПБ адрэагавала яшчэ да пасяджэння Рады. У адным з iнтэрв’ю кiраўнiк Рады Канстанцiн Тарасевiч абвiнавацiў былога старшыню СПБ Тадэвуша Гавiна ў тым, што ён, маўляў, сабраў кампанiю i дамагаецца падзелу арганiзацыi, каб задаволiць свае «хворыя палiтычныя амбiцыi». Менавiта палiтычныя, паколькi падчас кiраўнiцтва Гавiным Саюзам – гэта арганiзацыя была быццам занадта спалiтызаваная, падтрымлiвала беларускую апазiцыю. Зрэшты, у мiнулую пятнiцу «БДГ» цытавала спадара Тарасевiча i больш гучна: «Я не хочу больше этой грязи». Кiраўнiк Рады заявiў газеце, што хоча падаць у адстаўку.

У сваю чаргу, С.Пачобут i Л.Подлях, якiх запiсалi ў «кампанiю» Т.Гавiна, казалi, што на працягу 12 гадоў, калi ён узначальваў СПБ, яны таксама знаходзiлiся ў апазiцыi да яго. «Але нас заўсёды лучыла свядомасць таго, што мы тут не адныя. Жывем у Беларусi i з’яляемся яе грамадзянамi. I як можам адвярнуцца ад таго, калi беларусы змагаюцца за сваю культуру i мову. Мы заўсёды былi суседзямi» – канстатаваў спадар Пачобут.

Цiкава, што «клутнi», як кажуць самi палякi, не спыняюцца ў СПБ. Напачатку года чарговую сенсацыю ў адносiнах да Гавiна выдаў Кручкоўскi. Маўляў, на адрас старшынi СПБ (без прозвiшча на канверце) прыйшоў лiст з КДБ, у якiм просьба зайсцi i забраць новае пасведчанне. Высветлiлася, што просяць Гавiна. Як вядома, спадар Гавiн у савецкiя часы быў падпалкоўнiкам пагранвойскаў, якiя падначальвалiся КДБ. Выходзiць, у КДБ не арыентуюцца, што Гавiн даўно не старшыня СПБ i, урэшце, мае хатнi адрас. А новае пасведчанне – гэта ўсяго толькi новая корачка звычайнага пенсiйнага пасведчання. Яго дэманстраваў Гавiн перад журналiстамi.

Дзеля чаго ўсё гэта? Гавiн паказаў журналiстам заяву аднае гродзенкi, якая мела перадаць спадару Кручкоўскаму 2,5 тысячы долараў за тое, што ён уладкуе яе дачку вучыцца ў Польшчы. Згодна афiцыйнай версii СПБ – жанчына падпiсала гэты дакумент пад уплывам псiхатропных сродкаў, якiя ёй падсыпалi ў каву прыхiльнiкi Гавiна. Такую заяву яна зрабiла пасля таго, як яе асабiста наведаў спадар Кручкоўскi.

Будучы сябрам Рады, спадар Гавiн яшчэ да пачатку яе працы не хаваў таго, што сябры Рады павiнны разгледзяць дзейнасць спадара Кручкоўскага, адхiлiць яго ад пасады i склiкаць нечарговы з’езд.

Вось у такой атмасферы члены Рады з усяе Беларусi сабралiся ў мiнулую суботу ў Гродне. Цяжка ўявiць, але менавiта тут i пачалiся сапраўдныя скандалы. Найперш, Рада прымае рашэнне, што паседжанне адбудзецца без прысутнасцi прэсы. Пазней за дзвярыма апынулiся i два прадстаўнiка ўлады, якiя хацелi прысутнiчаць на пасяджэннi. I ўрэшце, адмовiлi ў прысутнасцi шэраговым сябрам СПБ. Поўная, што называецца, кансперацыя.

Прапанова Гавiна аб разглядзе дзейнасцi спадара Кручкоўскага напачатку была аднесена ў рознае, а пазней увогуле адмовiлiся разглядаць гэтае пытанне. I ўрэшце, члены Рады прагаласавалi: хто можа пасля паседжання размаўляць з прэсай. Гэтую мiсiю даверылi старшынi Рады спадару Тарасевiчу. Аднак i гэтае размовы не адбылося. Ён абразiўся на журналiстаў за тое, што яны задалi некалькi пытанняў Т.Гавiну. «Як вы размаўляеце з iм, то я не буду размаўляць з вамi» – махаючы рукамi засведчыў Канстанцiн Тарасевiч i схаваўся ў кабiнеце Кручкоўскага. Спроба журналiстаў увайсцi ў кабiнет аказалася безвынiковай, спадар Кручкоўскi рашуча зачынiў дзверы перад iмi i адмовiўся даваць якi-небудзь каментар.

Дарэчы, у суботу быў першы дзень вясны. На жаль толькi, што гэтай вясной i не пахла. Маладзенькая журналiстка з гродзенскага тэлебачання цэлы дзень бегала за Кручкоўскiм, спрабуючы па-беларуску задаць яму нейкiя пытаннi, а той нават не зышоў да таго, каб адказаць ёй хоць на адной з дзяржаўных моў, дарэчы, кандыдат навук, прычым, гiстарычных. Адказваў толькi па-польску. Мне здавалася, што яна так нiчога i не магла зразумець. У перакладзе ёй дапамагаў польскi журналiст. Але разгневаная ўрэшце, дзяўчына кiнула i ў iх бок: «Не Саюз палякаў, а нейкi дзiцячы сад».

Падобна, што Саюз палякаў нагадвае ў мiнiацюры беларускую дзяржаву, якой на працягу васьмi гадоў кiруе Аляксандар Лукашэнка. Ва ўсёй Еўропе людзi жывуць па нейкiх правiлах i законах, а ў Беларусi кiруе адзiн чалавек. Магчыма, памыляюся, але нешта падобнае адбываецца i ў СПБ.

Памятаецца, некалькi гадоў таму А.Лукашэнка, гаворачы пра гродзенскiх палякаў, вельмi цiкава заўважыў: «Гродненские поляки – это же наши, советские люди».

Ён, як заўсёды, не памыляўся.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад