«Росы белыя, росы чыстыя...»
Звычайна «Белыя Росы» даюць у Гродне два канцэрты ў год. Праўда, у мiнулым годзе iх было пяць, а ў гэтым – у канцэртнай зале фiлармонiii ўжо адбылося два канцэрты ансамбля. «Белыя Росы» хочуць быць рэдкiмi, паважанымi, дарагiмi – доўгачаканымi – гасцямi ў сваiм родным горадзе.
Травы спелыя,
Росы белыя...
Як устала сонца,
Выпiла да донца
Росы чыстыя,
Залацiстыя...
Пачынаючы ад гэтага паэтычна-музычнага прывiтання (а яго зместу яшчэ адпавядалi i бялюткiя строi дзяўчат), i ўся праграма, што працягвалася больш, чым паўтары гадзiны, падавалася гледачам як бы на адным дыханнi. Можа таму канцэрты ансамбля песнi, музыкi i танца «Белыя Росы» – гэта заўсёды падзея. Гэта заўсёды свята. Гэта нават – ачышчэнне душы. Бо дакрананне да народнага, як – да святога. А калi яно яшчэ на такiм высокiм узроўнi, як у «Белых Росаў», – яно ачышчае, узвышае, даруе радасць.
Кожны нумар праграмы – гэта, хутчэй за ўсё, сiнтэз песнi, музыкi i танца. Калектыў як раз унiкальны тым, што яго балет i аркестр спяваюць. Беларускiя народныя песнi («Ой пойдзем, пойдзем, дзеўкi, у садочак», «А ў лесе грыбы, грыбы зарадзiлi» i iнш.) гучаць у апрацоўцы дырыжора i музычнага кiраўнiка ансамбля Аляксандра Аўрукевiча. Цiкавае i прадуманае а-капэльнае выкананне сумна-журботнай песнi «Ой ляцела зязюлечка з гары на далiну»: пачынала адна дзяўчына, затым iх стала чатыры, потым яны ўжо занялi паўкругам усю сцэну, а пасля да iх далучылiся мужчынскiя галасы.... Талентам i дасканаласцю пакарылi гледачоў артысты ў танцах «Тройкi» (пастаноўка А.Токаравай) i «Падэспань» (пастаноўка харэографа В.Чычынай), цыганскай «Кiбiтцы» i «Казацкiм танцы»... Поўнае яднанне тых, хто на сцэне, i тых, хто ў зале. I калi гарэзлiвы голас дзяўчыны ў беларускай польцы «Свярбiлаўка» казаў: «Вальсочак», то зал адклiкаўся шматгалоссем: «Полька!» Змянiлiся мелодыi, i танцы, i строi артыстаў, але нязменным заставалася майстэрства.
«Я арыентую артыстаў, каб яны самакрытычна ацэньвалi свае выступленнi i каб не было самазадавальнення. Бо гэта для артыста – страшная рэч», – прызнаўся пасля канцэрта мастацкi кiраўнiк ансамбля Яўген Аляксандравiч Штоп. Магчыма, яго строгiя патрабаваннi ў спалучэннi з працай i талентам артыстаў i даюць той высокi ўзровень мастацтва, якi пакiдае ў гледачоў адчуванне радасцi i свята, узлёту i чысцiнi. Яўген Аляксандравiч падзялiўся з намi сваiмi меркаваннямi i планамi на блiжэйшы час: «У мiнулым годзе 22 лiстапада ў нас адбыўся тысячны канцэрт, i можаце сабе ўявiць, што болей, чым 450 з iх, мы далi ў Iспанii. Мы ўжо адзiнаццаць гадоў адпрацавалi ў гэтай краiне i хутка падпiшам кантракт на дванаццаты: у пачатку красавiка прыедзе iмпрэсарыо прымаць нашу новую праграму. Мы ўжо аб’ехалi ўсе гарады, якiя можна бачыць на карце Iспанii, i ўсю ўсходнюю частку Партугалii. Але Iспанiя Iспанiяй. Усё ж самыя лепшыя i любiмыя нашы канцэрты – у Беларусi. За мяжой, шчыра кажучы, i фальклору такога няма, як у нас, у iх гэта ўсё выклiкае здзiўленне. Ды i ацэньваюць яны гэта, хутчэй, як вiдовiшча, а тут, у нас, – не вiдовiшча: тут усе людзi, якiя нас бачаць у гарадах i вёсках Беларусi, – яны самi з’яўляюцца як бы i выканаўцамi. Нiдзе – нi ў Расii, нi ў былых саюзных рэспублiках – не прымаў нас народ так цёпла, як на Радзiме.»
Ала НIкIпорчык
|