«Панскі дом» па-навагрудску
У нашай вобласцi добра вядома гарэлка «Панскi дом», якую вырабляюць на прадпрыемстве «Мажэйкава» Лiдскага раёна. Нядаўна ў манапольную справу лiдчан непрыкметна ўмяшаўся жыхар старажытнага Навагрудка, яшчэ малады чалавек, ва ўзросце 30 гадоў.
Ён стварыў мiнi-завод па вытворчасцi такой гарэлкi i знайшоў на яе пакупнiкоў. Але на след злачыннага прадпрыймальнiка выйшла мясцовая мiлiцыя. Яна выявiла ў яго кватэры запасы спiрту, пустыя бутэлькi, этыкеткi гарэлкi «Панскi дом», вiнтавыя коркi i машынку для iх закаткi, падробныя акцызныя маркi.
Тэхналогiя вырабу алкагольнага напою была простай i прымiтыўнай: з крана цурчала вадзiца, змешвалася са спiртам i разлiвалася ў посуд...
За сваё «вынаходнiцтва» грамадзянiн К. пакараны судом i падаткавай iнспекцыяй.
С.ВАЛОШКА
|