Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 267 от 20.03.2003  

Іншая Беларусь

Пражскiя нататкi з нагоды 85-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублiкi

Прага была i застаецца адным з найпрыгажэйшых куточкаў Еўропы, а мабыць, i ўсяго свету. На Градчанах, на Вышаградзе, на Старым месце – паўсюдна адчуваеш жаданне пражан (i адышоўшых у нябыт, i нашых сучаснiкаў) зрабiць жыццё прыгожым i ўтульным. У гэтым горадзе пануе прыгажосць, а гiсторыя, якая атачае чалавека, напаўняе яго пачуццём годнасцi i гонару.

Аднак у беларускага госця Прага выклiкае таксама сумныя пытаннi пра сябе: чаму на беларускай зямлi няма падобных гарадоў? Чаму мы не здолелi стварыць i захаваць падобную прыгажосць? Чаму створаныя продкамi цудоўныя замкi, палацы i храмы былi знiшчаныя альбо захопнiкамi, альбо мясцовымi ўладамi (напр., Фара Вiтаўта ў Гароднi, узарваная ў лiстападзе 1961 г.)? Чаму?.. А можа таму, што чалавек, якi звыкся са станам матэрыяльнай i духоўнай залежнасцi, якi не адчувае сябе гаспадаром уласнага лёсу, не можа быць стваральнiкам i захавальнiкам прыгажосцi чалавечага жыцця. Яму б выжыць! Пры гэтым пытанне пра сэнс падобнага «iснавання-выжывання» звычайна не паўстае.

Славутыя беларусы Францiшак Скарына i Леў Сапега (кожны па-свойму) выказалi думку, якая магла б стаць сэнсам беларускай гiсторыi: «Чалавеку пачцiваму нiчога не можа быць даражэйшага за вольнасць». Але нi ў XVI ст., нi пазней большасць нашага грамадства не зразумела i не падзялiла гэтую iдэю. Тыя, хто ўздымалiся на барацьбу «За нашу i вашу вольнасць!», звычайна заставалiся ў меньшасцi. А вось пражане нiбыта пачулi i засвоiлi думку пра каштоўнасць свабоды.

Яны, дарэчы, шануюць Ф.Скарыну, жыццё якога было цесна звязана з горадам над Влтавай. Якраз тут у жнiўнi 1517 г. была надрукаваная Бiблiя на беларускай мове (раней за французскую i англiйскую), якраз тут напрыканцы жыцця Ф.Скарына працаваў каралеўскiм батанiкам i лекарам. Свабодны чалавек мог жыць толькi ў вольным горадзе. I гэты горад ушанаваў памяць славутага беларуса помнiкам з тэкстамi па-беларуску i па-чэшску.

Але «беларуская» Прага – гэта не толькi Францiшак Скарына. Напачатку ХХ ст. сталiца тагачаснай Чэхаславакii сталася таксама сталiцай БНР. Менавiта ў Празе з 1923 г. знаходзiўся ўрад Рэспублiкi.

Назад