Калі іграюць Бетховена
Канцэрт з цыкла «Настаўнiк i вучнi», што адбыўся ў канцэртнай зале абласной фiлармонii, уяўляў сабой знаёмства з фартэпiянным класам заслужанага артыста РБ прафесара Юрыя Гiльдзюка.
Традыцыi прадстаўлення свайго класа, прытым, не толькi фартэпiяна, iдуць яшчэ ад сярэднявечча. Класныя вечары дапамагаюць вырашаць не толькi педагагiчныя, але i творчыя задачы. Ужо некалькi дзесяткаў гадоў пры Беларускай дзяржаўнай фiлармонii праводзiцца цыкл канцэртаў «Настаўнiк i вучнi». Наш зямляк Юрый Гiльдзюк з’яўляецца мастацкiм кiраўнiком фiлармонii i адначасова выкладае ў Акадэмii музыкi. Класныя вечары ён праводзiць не толькi ў Мiнску, але i ў абласных i раённых цэнтрах. «Радасна прадоўжыць гэтую традыцыю ў маiм родным горадзе», – прызнаўся Юрый Мiкалаевiч перад выступленнем музыкантаў. У канцэрце прынялi ўдзел студэнтка Акадэмii музыкi Валерыя Янкоўская (у мiнулым годзе яна закончыла Гродзенскае музычнае вучылiшча), вучань 12-га класа лiцэя-каледжа пры Беларускай акадэмii музыкi Аляксандр Палякоў, выпускнiкi акадэмii Кiрыл Герольд i Сяргей Смiрноў. Сяргей Смiрной стаў ужо лаўрэатам некалькiх мiжнародных конкурсаў, у тым лiку ў Партугалii ў конкурсе пiянiстаў i атрымаў 5-ю прэмiю. У канцэрце прагучалi творы I.С.Баха i К.М.Вебера, Ф.Шуберта i Людвiга ван Бетховена. Але, бадай, найбольшы поспех здабылi Аляксандр Палякоў i Сяргей Смiрноў, у выкананнi якiх прагучалi санаты Людвiга ван Бетховена – 57-я, вядомая як «Апасiяната», i 31-я №3.
Ала НIКIПОРЧЫК
|