Гармонія голасу і душы
«Чысты голас» гродзенцы чакалi з нецярпеннем. Чаканне гэтае пачалося ад першых звестак i афiш, што з’явiлiся ў горадзе. Тыя, хто пабываў на iх канцэртах раней, казалi, што гэта штосьцi незвычайнае, ад чаго яшчэ больш узмацнялася жаданне прыблiзiць гэты канцэрт у тых, для каго гэта было ўпершыню. I вось доўгачаканая сустрэча з высокiм мастацтвам адбылася ў канцэртнай зале абласной фiлармонii.
Але спачатку – крыху гiсторыi. Творчая група, як называюць сябе самi артысты, «Чысты голас» узнiкла ў 1991 годзе: хацелася стварыць штосьцi неардынарнае. За дванаццаць гадоў iснавання калектыва ў яго складзе змянiлася 14 чалавек. У цяперашнiм складзе артысты выступаюць нядаўна. У творчай групе няма мастацкага кiраўнiка, ёсць толькi дырэктар. Гэта дазваляе артыстам адчуваць сябе роўнымi, сумесна прымаць усе творчыя рашэннi. I калi напачатку свайго шляху яны часцей бывалi ў ЗША, Францыi, Аўстрыi, Германii, то цяпер стараюцца больш гастраляваць па Беларусi. У рэпертуары калектыва многа праграм – гэта класiчная i эстрадная музыка, i духоўныя песнапеннi. Але ў Гродна яны прывезлi праграму, прысвечаную жанчынам, паколькi 8-га Сакавiка, як сказалi самi артысты, не змаглi адначасова павiншаваць усiх жанчын. У першым аддзяленнi канцэрта слухачоў пакарылi беларускiя народныя песнi («Ой, сiвы конь бяжыць», «Ой, за гаем, гаем»), выкананыя а-капэльным багатым шматгалоссем. Роздумна i журботна прагучалi рамансы «Званочак» А.Гурылёва i «Ямшчык», якiя з’яўляюцца вiзiтнай карткай калектыва. А якая ж вясна без натхнення, без прызнання ў каханнi! А паколькi мова кахання зразумела ўсiм, песнi гучалi не толькi на беларускай, але i на французскай i англiйскай мовах. Вясёлую, задорную «Ладу» разам з Валерыем Прыгуном спявала палова залы. Другое аддзяленне канцэрта склалi лiрычныя i змястоўныя песнi 60 – 70– 80-х гадоў, незаслужана забытыя.
I хоць Леў Талстой лiчыў, што «вочы – гэта люстра душы», голас не ў меншай ступенi – люстра. Было нешта ўзвышанае, высакароднае ў галасах артыстаў i нават у iх знешнiм воблiку.
Ала НIКIПОРЧЫК
|