– Рамуальд, як табе ўдалося аднавiць выхад газеты?
– Я знайшоў юрыдычны выхад з сiтуацыi. Як заснавальнiк, заключыў дамову з унiтарным прыватным прадтрыемствам «Фермерская гаспадарка «Колас» Мiкалая Платонавiча Слiжа» на выконванне апошнiм функцый рэдакцыi маёй газеты ў адпаведнасцi з Законам аб СМI.
– Значыцца, газету цяпер выдае фермер?
– Так, унiтарнае прыватнае прадтрыемства «Фермерская гаспадарка «Колас» Мiкалая Платонавiча Слiжа». Яно працуе ўжо з 1997 года, мае свой статут, i, на шчасце, мае права на выдавецкую дзейнасць. У iм, дарэчы, працуюць тры чалавекi. Сельскагаспадарчай дзейнасцю, як гэта не дзiўна гучыць, фермер практычна не займаецца. Прычна самая банальная – выканкам не дае нармальнай зямлi, на якой людзi маглi нешта вырошчваць, гадаваць. Далi кавалак няўдобiцы i рабi што хочаш.
Мiкалаю Платонавiчу – за 50 гадоў, напачатку дзевяностых гадоў звольнiўся з мiлiцыi са скандалам, заставiў выплацiць двухгадовы заробак за незаконнае звальненне i пайшоў у фермеры. Мы пазнаёмiлся каля чатырох гадоў таму, калi Мiкалай Платонавiч выступiў на старонках нашай газеты ў прамой лiнii з чытачамi ў рубрыцы «Грамадзянiн i грамадства». Цяпер, калi ён пачуў пра нашы суды, сам прапанаваў дапамогу, узяў адказнасць за выданне нашай газеты. Гэта сапраўдны грамадзянскi ўчынак, паколькi ўцiск з боку ўладаў на яго неверагодны.
– Наколькi я разумею, улады не пакiнулi вас у спакоi. У СМI iзноў з’явiлася iнфармацыя, што на мясцовым узроўнi, чыноўнiкi спрабуюць рабiць перашкоды газеце? Нават называюць газету «баявым лiстком».
– Так. Улада робiць ўсе намаганнi, каб перашкаджаць выхаду i распаўсюджванню газеты. Мiлiцыянты кожную нядзелю правяраюць распаўсюджвальнiкаў, дастаўляюць iх у пастарунак i састаўляюць пратаколы на прадмет законнасцi выхаду газеты. Але паўстае пытанне – пры чым тут распаўсюджвальнiкi? Гэта, напэўна, добра разумеюць i ў мiлiцыi, але нехта ж аддае загад?
Пошта не заключае дамову на падпiску, каб мы страцiлi чытачоў, газету не ўключылi ў бягучую падпiску, дастаўляюць са спазненнем на некалькi дзён. Гэта робiцца спецыяльна, мы добра разумеем. Старшыня райвыканкама на планёрцы запытаў у падначаленых: «Яшчэ выходзiць гэты нелегальны баявы лiсток?» На яго погляд, газета выходзiць незаконна.
– Дарэчы, старшыня Смаргонскага райвыканкама спадар Юргель абвяргае iнфармацыю аб тым, што ўлады маюць дачынення да пераследу газеты. Аб гэтым паведамляла «Радыё Свабода».
– О, так. Спадар Юргель вельмi часта паўтараў, калi лiквiдавалi маю прадпрымальнiцкую дзейнасць, што райвыканкам меў прытэнзii толькi да прадпрымальнiка Улана, але нi ў якiм разе да «Новай газеты Смаргонi». У райвыканкаме так i адказвалi чытачам, якiя дазванiвалiся i пыталiся пра газету, маўляў, баранi Божа, мы нiчога не маем супраць газеты, хай выходзiць... Але калi пасля нядзельнага перапынку насамрэч выйшла газета, падняўся такi перапалох у райвыканкаме! Прыходзiлi да нас з праверкамi законнасцi выхаду, начальнiк мiлiцыi выклiкаў на «прафiлактычную» гутарку, спрабаваў запалохаць нас. Нашы чытачы самi кажуць, што за гэтым стаяць старшыня i яго намесьнiца па сацыяльных пытаннях – Святлана Шмыга. Яна нават некалькi разоў турбавала мiнскую друкарню i мiнiстэрства iнфармацыi: чаму гэта вышла газета, калi зачынiлi прадпрымальнiка?
– Дарэчы, была iнфармацыя i аб тым, быццам адзiн з Смаргонскiх чыноўнiкаў адмовiўся ўзначальваць камiсiю па лiквiдацыi тваёй дзейнасцi iндывiдуальнага прадпрыймальнiка.
– Так, начальнiк Смаргонскай iнспекцыi па падатках i зборах афiцыйна абскардзiў прызначенне свайго прадстаўнiка быць старшынёй лiквiдацыйнай камiсii. У скарзе (мы маем копiю, як зацiкаўлены бок) ён напiсаў, што ў яго няма прэтензiяў да лiквiдуемага прадпрыймальнiка, паколькi ён спраўна плацiць падаткi, а калi i былi знойдзены памылкi пры праверцы, то прадпрыймальнiк своечасова даплацiў штраф. Таму ён, паўтару, афiцыйна адмовiўся, падаў скаргу на прызначенне быць старшыней гэтай «пачэснай» камiсii справы i суд задаволiў яго скаргу. Старшынёй камiсii суд прызначыў прадстаўнiка iнiцыятара – райвыканкама.
– Як да ўсяго адбываючагася ставяцца супрацоўнiкi рэдакцыi? Магчыма, нехта звольнiўся, цi наадварот – настроены рашуча?
– Супрацоўнiкi, на маю радасць, не пабеглi шукаць новую працу. Яны дапамагаюць ствараць новыя нумары газеты, як бы мовiць, задарма. Але я нахожу эканамiчных выхадаў, каб плацiць iм ганарары. Як толькi мы запусцiм альтэрнатыўнае, але свае прадпрыемства, я змагу ўсiх супрацоўнiкаў забраць афiцыйна назад.
– А што чытачы? Якая рэакцыя з iх боку?
– Чытачы выказваюць усяля
кую падтрымку нам. Яшчэ больш незадаволены дзеяннямi ўлады падпiсчыкi дзяржаўнай пошты. Яны абураны тым, што пошта па надуманых прычынах не падпiсвае з намi дамову на падпiску. Вяскоўцы наогул не маюць нiякай магчымасцi падпiсацца альбо купiць газету на вёсцы. Некалькi чытачоў проста закупiлi па 4 канверты i аплацiлi чатыры нумары, каб рэдакцыя высылала кожны нумар газеты на iх вёску. Мы спрабуем стварыць у дадатак да гарадской падпiскi сельскую. Гэта вельмi не проста, асаблiва фiнансава. Але, я думаю, што ў некалькiх вялiкiх вёсках мы абавязкова створым нейкiя пункты нашай газеты, дзе можна будзе купiць свежы нумар, падпiсацца, даць абвестку, расказаць пра праблемы альбо проста перадаць лiст у рэдакцыю.
– Другога сакавiка ты стаў дэпутатам мясцовага Савету, за цябе прагаласавалi больш 70% выбаршчыкаў. Як ты ўяўляеш сабе працу ў раённым Савеце i цi ёсць у цябе там аднадумцы?
– Я ганаруся, што за мяне прагаласавалi – 73 %, болей толькi ў камандзiра вайсковай часткi, дзе акруга была – сама вайсковая частка. Я паспрабую зрабiць працу Савета больш адкрытай для выбаршчыкаў, сам буду спрабаваць актыўна ўдзельнiчаць у камiсiях, на сесiях. Да першай сесii я рыхтую дэпутацкi запыт да начальнiка пошты, начальнiка «Аблсаюздруку», а таксама пракурору раёна па нашай сiтуацыi з перашкодамi па распаўсюджванню газеты, аб чым я казаў вышэй. Паглядзiм, цi падтрымаюць мяне калегi. У Савеце толькi 3 незалежных дэпутата. Але будзем спрабаваць «расшавялiць гэта балота».
– Цi падтрымлiваюць цябе калегi па пяру. Асаблiва цiкава, як паставiлiся да твайго закрыцця журналiсты раённай газеты?
– Маёй справе вельмi многа ўвагi надае Беларуская асацыяцыя журналiстаў. Юрысты IREX дапамагалi адстойваць мае iнтарэсы ў судзе. Журналiсты раённай газеты нiяк не рэагуюць на мае справы. Праўда, цяпер яны ў роздуме. Афiцыйна на 16 красавiка прызначана паседжанне райвыканкама, дзе будзе разглядацца справа... непрафесiйнай працы каллектыва «раёнкi». Аб гэтым пiсала нават «Советская Белоруссия». Таму чыноўнiкi кажуць, што калi тыраж у «раёнкi» не вырасце, то звольняць галоўнага рэдактара i намеснiкаў.
– Што думаеш рабiць надалей: будзеш дамагацца адмены рашэння абласнога гаспадарчага суду, цi ты ўжо прымiрыўся з усiм.
– Так, я думаю дамагацца адмены рашэння гаспадарчага суда. Ужо пададзена другая скарга на iмя старшынi абласного гаспадарчага суда. Раней я рабiў запыт у Мiнiстэрства эканомiкi па тлумачэнню неаднаразовых парушэнняў заканадаўства. I ў адказе, на мой погляд, ёсць многа станоўчых маментаў. Гэты адказ мiнiстерства я прылажыў да скаргi... Будзе вельмi цiкава, калi адбудзецца такое, што паўстане пытанне аб звароце выдаткаў па лiквiдацыi маей прадпрымальнiцкай дзейнасцi... Але аб гэтым яшчэ рана гаварыць. Будзем адстойваць свае правы да самай вершняй судовай iнстанцыi. Калi я не адстаю гэтую справу, тады можна будзе ставiць крэст на бiзнэсе у Беларусi: улада, прыслаўшы некалькi праверак, зможа зачынiць любое прадпрыемства.
– Дзякуй, Раман, за гутарку. «БI» жадае табе i ўсяму калектыву газеты перамагчы ў гэтай барацьбе i надалей рабiць праўдзiвую газету. Так цi iнакш, праўда мацнейшая за падман.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ